Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі пачалася выбарчая кампанія — ідзе збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў; заканчваецца фармаваньне выбарчых камісій. Але з боку большасьці грамадзтва ўвага да гэтых выбараў ня надта заўважная. Чаму?

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэту тэму. Вось як выказваецца наконт выбараў Аляксей Гагін са Смаргоні:

«Заўважыў, што гэтай тэме ў сродках масавай інфармацыі апошнім часам аддаецца ўсё больш увагі. Чаго ня скажаш пра звычайных людзей: іх гэтая тэма фактычна не цікавіць. Асабіста я ведаю, хто дэпутат у нашай акрузе, але ніколі да яго па дапамогу не зьвяртаўся. Бо няма ніякага сэнсу. На месцах усе пытаньні вырашае зусім не Савет, не дэпутаты, а толькі выканаўчая ўлада, чыноўнікі. Яны ж вырашаюць, хто стане дэпутатам. У іх ужо ўсё намечана і расьпісана, хто ў які савет будзе прызначаны. І ўсё менавіта так і будзе — нават калі на выбары прыйдзе ўсяго адзін чалавек».

Так, спадар Аляксей. Саветы ў сёньняшняй Беларусі — дэкаратыўны орган, які павінен дэманстраваць, што ў дзяржаве нібыта існуе «народаўладзьдзе». Хоць насамрэч усе ведаюць, як гэтыя саветы выбіраюцца, што зь сябе ўяўляюць і якую ролю выконваюць. Калі б заўтра іх ня стала — мала хто і заўважыў бы.

Дакладна такую ж ролю яны выконвалі ў СССР — Лукашэнка нічога новага ў гэтай справе не вынаходзіў: проста вярнуўся да старой, добра апрабаванай схемы.

✉ ✉ ✉

Кароткі ліст наконт драматычных падзеяў ва Ўкраіне, да якіх у гэтыя дні прыцягнута ўвага ўсяго сьвету. Наш слухач Ігнат Гавенскі з Полацку піша:

«Хочацца выказаць словы падзякі ўсім тым украінцам, якія зараз стаяць на Майдане. Кіяўляне паказалі ўсяму сьвету, што Ўкраіна ня хоча быць расейскай паўкалёніяй. Уражвае, колькі людзей гатовыя з голымі рукамі супрацьстаяць узброенаму да зубоў „Беркуту“ дзеля абароны сваёй Бацькаўшчыны. Аднак, каб распачаць далучэньне да Эўразьвязу, аднаго Майдана мала. Патрэбна сур’ёзная праца, а таксама немалыя грошы. Дзеля гэтага спатрэбіцца самаахвярнасьць і згуртаванасьць усяго ўкраінскага народу».

Якраз такую самаахвярнасьць і згуртаванасьць украінцы ў гэтыя дні і дэманструюць. Фактычна на нашых вачах адбываецца канчатковае сталеньне ўкраінскай дзяржавы — драматычнае, пакутлівае, але і гераічнае. Беларусам, верагодна, рана ці позна таксама давядзецца прайсьці свой шлях да незалежнай і дэмакратычнай дзяржавы. Пакуль што ён да канца ня пройдзены.

✉ ✉ ✉

Пра грамадзкія настроі ў сёньняшняй Беларусі разважае ў сваім новым допісе Віталь Макаловіч зь вёскі Няловы Валожынскага раёну:

«Часта слухаю тэлефанаваньні людзей на ваша радыё, а таксама апытаньні, якія праводзяць на вуліцы карэспандэнты Свабоды. Ня надта прыемныя ўражаньні ад усяго пачутага. Паўсюль адчуваецца нейкая абмежаванасьць, вузкасьць кругагляду, адсутнасьць чалавечай салідарнасьці... Вельмі сумна ад усяго гэтага.

Народ паўсюль нейкі абыякавы, эгаістычны. Клапоцяцца галоўным чынам толькі пра ўласныя патрэбы, гавораць пра ўласныя інтарэсы і крыўды. А можа ж здарыцца, што давядзецца зьвярнуцца па дапамогу да бліжняга — і не атрымаць яе. Бо як ты да іншых — так і яны да цябе ставяцца.

Кепска, што ў нас ва ўладзе няма апазыцыі, альтэрнатыўнай думкі. Асабліва гэта адчуваецца ў „вярхах“. Што тут зробіш? Па ідэі, самі ў тым вінаватыя: цярпім з прычыны глупства так званай „большасьці“. І колькі яшчэ тое цярпець — нікому не вядома».

Альтэрнатыўнай думкі ў асяродзьдзі ўлады няма не таму, што гэтага захацела большасьць грамадзтва. Нават у 1994 годзе, падчас адзіных за апошнія два дзесяцігодзьдзі адносна дэмакратычных выбараў, беларусы галасавалі зусім не за тое, каб у краіне панавала поўнае аднадумства і апазыцыя не дапускалася да ўлады. А пасьля 1994-га выявіць рэальныя грамадзкія настроі ў Беларусі ўвогуле праблематычна. І галасы на выбарах ня лічаць, і незалежныя сацыялягічныя дасьледаваньні пад забаронай...

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста — Алесь Цадко з Маладэчна — выказваецца наконт праблемы, якой Радыё Свабода апошнім часам аддае нямала ўвагі. Размова ідзе пра ўсё большы распаўсюд ракавых захворваньняў:

«Давялося трапіць да анколягаў і мне. Дзякуючы прафіляктыцы на раньняй стадыі і майстэрству лекараў Бараўлянскай бальніцы, больш цяжкіх наступстваў хваробы ўдалося пазьбегнуць. Вельмі ўразіла колькасьць анкалягічных хворых у шпіталі. Ня ведаю, як у нас, а ў Расеі, паводле мэдычнай статыстыкі, колькасьць хворых на рак у параўнаньні з 1998 годам павялічылася ў шэсьць разоў.

Часта задумваюся: у чым тут прычына. На мой погляд, найперш — у той нездаровай псыхалягічнай атмасфэры, што пануе ў краіне. Хамскі стыль кіраваньня, нэрвознасьць, няпэўнасьць, нестабільнасьць...

Ну, і наступствы Чарнобыля. Кожны год тысячы гектараў земляў, забруджаных радыяцыяй, улады вяртаюць у севазварот. Якія прадукты харчаваньня можна атрымаць з такіх палёў — зразумела.

Увогуле, якасьць цяперашніх харчоў — вялікая праблема. Што мы ямо — аднаму Богу вядома. Колькі сапраўднага мяса ў тых каўбасах, сасісках, сардэльках? Добра, калі працэнтаў сорак. А рэшта — трансгенная соя, харчовыя дабаўкі пад літарай „Е“, кансэрванты, загушчальнікі, узмацняльнікі смаку і паху... Шкоднымі дабаўкамі нашпігаваныя і хлебабулачныя вырабы, і цукеркі, і шакаляд. Усё — дзеля прывабнага таварнага выгляду і працяглага тэрміну захоўваньня.

Небясьпечныя і бульба, гародніна з калгасных ды фэрмэрскіх палёў. Яны перанасычаныя шкоднымі нітратамі. А гэта — першы крок да анкалёгіі.

Небясьпечныя і цяперашняе піва, ёгурты, чыпсы, марожанае, соўсы, газаваныя напоі, цукеркі... Не ўяўляю, што будзе з маладым пакаленьнем, да чаго мы дойдзем. Застаецца спадзявацца толькі на тое, што вырасьціш уласнымі рукамі на сваім лецішчы. Але ж усяго ня вырасьціш: большасьць харчоў усё роўна давядзецца набываць у краме.

З настальгіяй згадваю каўбасу „Доктарскую“, якая выраблялася ў савецкі час. З чаго яна складалася? 23 працэнты — ялавічына, 70 працэнтаў — сьвініна, астатняе — малако, соль, крухмал, цукар. А цяпер?».

Заўважу, што савецкія каўбасы ды іншыя прадукты харчаваньня былі здаравейшыя не таму, што пра гэта надта дбалі тагачасныя ўлады. Калі б на той час у савецкіх мясакамбінатаў былі харчовыя дабаўкі ды кансэрванты — не сумнявайцеся, што выкарыстоўваліся б яны напоўніцу. Кампартыя ставіла задачу любым коштам нарошчваць вытворчасьць харчаваньня, якога ў краіне востра не хапала. Стандарты на выраб той жа каўбасы ўвесь час мяняліся зусім ня ў лепшы бок. Напрыканцы 70-х гадоў пад ціскам уладаў Дзяржстандарт дазволіў шырока выкарыстоўваць для гэтага і крухмал, і розныя субпрадукты (хвасты, капыты ды касьцявую муку). Мясам савецкія каўбасы на пачатку 80-х гадоў часам нават і ня пахлі...

✉ ✉ ✉

Пра свае жыцьцёвыя нягоды і пошукі праўды распавядае ў лісьце на Свабоду Антон Мелюх зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну:

«Прымусіла мяне бяда шукаць праўду. Ведаю, што Свабода нічога ня ўтойвае — таму і зьвяртаюся. Чуў, што Нямеччына перадала Беларусі вялікую кампэнсацыю. А чаму ў такім разе грошы не дайшлі да мяне? Куды падзелася мая кампэнсацыя?

Сам я інвалід другой групы зь дзяцінства. Магчыма, заплацяць кампэнсацыю за майго дзеда — Ярмольчыка Якава Антонавіча? Быў ён у вёсцы простым старастам, і яго па-зьверску закатавалі ў лесе напрыканцы 1944 году. У нас не было партызан — былі рабаўнікі ды гвалтаўнікі.

Пішу ў ААН ужо на працягу васьмі гадоў — і ніхто не адказвае. Мне патрэбны грошы, каб набыць і мэблю, і паліва, і прадукты, і ўсё астатняе... У маёй хаце ня хоча жыць нават сабака.

А правіцель наш нідзе ня можа навесьці парадку. Як жыць далей — ня ведаю».

Нямецкі ўрад на працягу многіх гадоў выплачвае грашовыя кампэнсацыі ахвярам нацысцкага перасьледу, якія пацярпелі падчас Другой сусьветнай вайны. Найперш гэта датычыць тых, хто падчас вайны гвалтам быў вывезены для прымусовай працы ў Нямеччыну.

Мяркуючы па тым, што вам, спадар Антон, ідзе шосты дзясятак — малалетнім вязьнем фашысцкіх акупантаў вы не былі і на такую кампэнсацыю разьлічваць ня можаце.

І гісторыя зь дзедам-старастам таксама наўрад ці паспрыяе атрыманьню сацыяльных выплат. Калі ён супрацоўнічаў з нацыстамі, дык ганарыцца тут няма чым. Ніякіх кампэнсацыяў ні такім асобам, ні іхным нашчадкам цяперашняя Нямеччына не выплочвае.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG