Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі апазыцыянэры такія важныя і значныя, дык няхай пакажуць сябе на выбарах...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Значны розгалас сярод вялікай часткі нашых слухачоў і наведнікаў сайта выклікалі падзеі ва Ўкраіне. І ў прыватнасьці — знос удзельнікамі масавай акцыі прыхільнікаў эўраінтэграцыі помніка Леніну на Бесарабскай плошчы ў цэнтры Кіева.

Барацьба зь ленінскімі манумэнтамі ва Ўкраіне не спыняецца і цяпер. Толькі за першыя 9 дзён 2014 году ў розных рэгіёнах там пацярпелі прынамсі чатыры скульптуры бальшавіцкага правадыра.

Пра тое, ці варта ўшаноўваць памяць пра галоўнага расейскага бальшавіка ў Беларусі, задумваюцца і многія нашы слухачы. Вось што піша на гэтую тэму Тацяна Колышава зь Менску, зь ліста якой пачну сёньняшнюю размову:

«Старэйшыя людзі памятаюць час, калі на Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкая) плошчы Менску стаяў велізарны помнік Сталіну. І як яго ў адну ноч зьнесьлі (казалі: накіраваным у цэнтар выбухам). Ды так спрытна, што на раніцу не засталося ніякага сьледу — чыстая роўная плошча.

Можа, так трэба зрабіць і з помнікам Леніну? Я маю на ўвазе ня мэтад зносу (з гэтым мы як-небудзь разьбярэмся), а хуткасьць і эфэктыўнасьць — каб пасьля яго не засталося нават плямы, каб у людзей не ўзьнікала ніякага жаданьня пакланяцца ідалу...

З размовы бацькоў добра памятаю, што тады ніводзін чалавек не пашкадаваў помнік ката і не пабег ускладаць кветкі на тое месца. І не таму, што баяліся палітыкі: тады якраз была хрушчоўская адліга і можна было паводзіць сябе вальней. Проста гэта былі людзі, якія зусім нядаўна перажылі страшэнную вайну, рэпрэсіі блізкіх і родных людзей. Ні забыць, ні дараваць сталінскія злачынствы яны не маглі.

Што ж з намі здарылася цяпер? Чаму гэтая ўлада бесьперашкодна аднаўляе так званую «Лінію Сталіна», а настаўнікам у абавязковым парадку прадпісана вазіць сваіх вучняў на гэтую чортаву лінію, дзе ім дураць галовы пад выглядам патрыятычнага выхаваньня?

А тут яшчэ чую па Свабодзе, што нехта шукае той самы зьнесены помнік Сталіна і зьбірае грошы, каб зноў усталяваць яго на плошчы... Няўжо мы дажывем да такога?
А вось калі помнік Леніну зьнясем, дык пасьля гэтага трэба пакінуць тое месца вольным
А чаму зьдзіўляцца, калі ўлада дазволіла пабудаваць у Курапатах, побач з магіламі нявінна расстраляных продкаў, нейкі забаўляльны цэнтар! Вось пра што зараз трэба думаць! Калі страцім павагу да памерлых — трапім у духоўную галечу, дзе не існуе ніякай маралі... А гэта небясьпечна як для дзяржавы, так і для кожнай канкрэтнай асобы.

А вось калі помнік Леніну зьнясем, дык пасьля гэтага трэба пакінуць тое месца вольным. Ня нам з вамі вырашаць, хто варты помніка на ім. Няхай міне вялікі час — гадоў сто, а мо і болей. Каб ня толькі ў галовах людзей усё ўляглося, але каб і само гэтае месца ачысьцілася ад бруду, каб зямля адпачыла ад цяжару злачынстваў мінулага, каб не было больш вяртаньня да той эпохі, ад спадчыны якой мы яшчэ і цяпер не пазбавіліся».

Памятаю, калі на пачатку 90-х гадоў і ўлада, і грамадзтва ўсур’ёз абмяркоўвалі магчымасьць зносу помніка Леніну на плошчы Незалежнасьці, дык тады адным з асноўных аргумэнтаў супраць зносу было тое, што гэты манумэнт вельмі ўдала ўпісаны ў архітэктуру і безь яго, маўляў, і сама плошча, і гмах Дому ўраду будуць выглядаць незакончана, няпоўна.

У гэтым аргумэнце архітэктараў і мастакоў ёсьць пэўная рацыя, але калі кіравацца толькі ёй, дык краіна ўвогуле ніколі не пазбавіцца ад камуністычных сымбаляў. Бо савецкі рэжым у свой час на свой капыл перарабіў архітэктуру ўсіх без выключэньня гарадоў, усталяваўшы ленінскія скульптуры на ўсіх цэнтральных вуліцах і плошчах. Тое, што пры гэтым нярэдка цярпела гістарычная забудова, што нішчылася архітэктурная спадчына, камуністычных ідэолягаў не асабліва турбавала.

Што да помніка Сталіну, які прастаяў на Цэнтральнай плошчы Менску з 1952-га да лістапада 1961 году, то, здаецца, вашы зьвесткі, спадарыня Тацяна, недакладныя. Напрыклад, паводле ўспамінаў непасрэднага сьведкі той эпохі, пісьменьніка Ўладзімера Мехава, помнік узрывалі дынамітам на працягу трох дзён — настолькі трывалымі былі і падмурак, і пастамэнт. Саму плошчу на той час ачапілі, транспарт не хадзіў. Размовы ў натоўпе былі розныя: нехта асуджаў, нехта ўхваляў. Пісьменьнік Мехаў згадвае, што ў сакавіку 1953-га, калі памёр Сталін, да гэтага помніка выстраілася гіганцкая чарга. Быў сакавік, жывых кветак тады з Галяндыі яшчэ ніхто не прывозіў, дык іх было не купіць. І людзі несьлі кветкі ў гаршках. Адна жанчына прыцягнула нават фікус. Рабіць гэта, зразумела, ніхто не прымушаў...

✉ ✉ ✉

Андрэй Кот зь Менску зьвярнуў увагу на тое, што напрыканцы мінулага году ў нашым эфіры было шмат перадач да 25-годзьдзя Беларускага народнага фронту. Слухач з гэтай нагоды піша:

«Надта ж вы перабольшваеце ролю БНФ у нашым жыцьці. Нічога значнага гэтая арганізацыя (як, зрэшты, і іншыя апазыцыйныя суполкі) для беларускага народу не зрабіла. І ня варта гіпэрбалізаваць яе ролю ў грамадзтве. Калі ўсе яны такія важныя і значныя, дык няхай пакажуць сябе на маючых адбыцца выбарах. Якая іхная электаральная база? Якія пляны яны маюць, каб палепшыць жыцьцё народа? Як гэтыя пляны зьбіраюцца ажыцьцяўляць? У якой ступені іх падтрымлівае грамадзтва? За якія сродкі гэтыя структуры існуюць? Які памер даходаў у іхных кіраўнікоў?

Лічу, што розныя Пазьнякі, Навумчыкі ды іншыя асобы, якія ўцяклі зь Беларусі ў больш сытыя краіны, ня маюць права павучаць нас, седзячы за мяжой. Няхай вяртаюцца на радзіму, разьдзеляць зь беларускім народам яго долю і тут, а не „за бугром“, абвяшчаюць і рэалізуюць свае ідэі».

Падзеі, якія адбываліся чвэрць стагодзьдзя таму, былі вызначальнымі для незалежнай будучыні Беларусі. Гарбачоўская перабудова ў СССР, спачатку аслабленьне, а потым і ліквідацыя ідэалягічных абцугоў, разьняволеньне грамадзкіх ініцыятыў, першыя часткова свабодныя выбары Вярхоўнага Савету, зьяўленьне апазыцыі... Галоўнай апазыцыйнай сілай у той час быў менавіта БНФ. Яго падтрымлівалі, за яго галасавалі, да голасу дэпутатаў ад БНФ прыслухоўваліся сотні і сотні тысяч людзей... Іншай, больш магутнай і згуртаванай палітычнай сілы, якая б супрацьстаяла заняпалай кампартыі, тады проста не было. Зусім зразумела, што, распавядаючы пра той пэрыяд беларускай гісторыі, мы адводзілі шмат месца менавіта БНФ.

Ну, а сёньняшняя палітычная сытуацыя — зусім іншая. Вашы, спадар Кот, парады апазыцыянэрам і перадвыбарчыя прэтэнзіі да іх, зразумела, зусім лягічныя і слушныя. Вось толькі патрэбна адно істотнае ўдакладненьне. У Беларусі даўно няма свабодных дэмакратычных выбараў. Ва ўмовах, калі выбарчыя бюлетэні, па сутнасьці, ня лічаць, дакараць палітычную апазыцыю за тое, што яе не падтрымлівае грамадзтва — прынамсі крывадушна.

У сваім лісьце Андрэй Кот выказвае да Свабоды і шэраг іншых прэтэнзіяў. Напрыклад, ён лічыць, што мы зашмат увагі аддаём тэме турмаў ды іншых месцаў зьняволеньня. Яшчэ адна цытата зь ліста слухача:

«Зьняволеных, якія ўтрымліваюцца ў турмах, у нашай краіне меней за 0,3 працэнта ад усяго насельніцтва. Няўжо ёсьць патрэба так непрапарцыйна шмат эфірнага часу адводзіць гэтай катэгорыі людзей? Упэўнены, што для пераважнай большасьці слухачоў гэтая тэма ня ёсьць актуальнай. Ці, можа, радыёстанцыя дзейнічае паводле прынцыпу „Ад сумы ды турмы не заракайся“?
Зьняволеных у нашай краіне меней за 0,3% ад усяго насельніцтва. Няўжо ёсьць патрэба так непрапарцыйна шмат эфірнага часу адводзіць гэтай катэгорыі людзей?
Далёка ня ўсе гэтыя людзі заслугоўваюць спагады. Вядома, шкада, напрыклад, вадзіцеля, які з-за няўважлівасьці зьбіў насьмерць пешахода; ці заводзкага майстра, на ўчастку якога праз парушэньне правілаў аховы працы ў выніку няшчаснага выпадку загінуў рабочы; ці кіраўніка, прадпрымальніка, які быў залічаны ў злачынцы празь недасканаласьць заканадаўства, хоць ніякіх карысьлівых мэтаў перад сабой ня ставіў.

Але якая можа быць спагада да гомельскага забойцы, які нанёс сваёй ахвяры-студэнтцы больш за 100 нажавых ранаў? Таму я не ўхваляю пазыцыю Радыё Свабода, якое, як мне падалося, выступае за захаваньне жыцьця гэтаму злачынцу».

Беларуская турэмная сыстэма ў многім засталася такой жа, якой была за камуністамі — закрытай ад грамадзкага кантролю, неапраўдана жорсткай, крыміналізаванай, негуманнай. Размова тут не пра тое, ці вартыя вязьні спагады, а пра тое, што іх не павінны катаваць і зьдзекавацца зь іх, што яны маюць права нават ва ўмовах зьняволеньня на чалавечнае да сябе стаўленьне. Для Беларусі гэта — сур’ёзная праблема, якую ўлада на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў папросту ігнаруе.

Як праблемай застаецца і захаваньне сьмяротнага пакараньня. Мы, спадар Кот, не давалі ацэнак злачынству, учыненаму гомельскім забойцам. Але як не зьвярнуць увагі на сытуацыю, калі спачатку Вярхоўны суд адмяніў сьмяротны вырак і накіраваў справу назад у Гомель на новы разгляд. Але потым у працу суду ўмяшаўся асабіста Аляксандар Лукашэнка, заявіўшы, што «такі нягоднік ня мае права жыць на гэтай зямлі». І пасьля гэтага абласны суд паслухмяна вынес сьмяротны вырак паўторна.

Дарэчы, у Беларусі (адзінай эўрапейскай краіне, дзе захавалася сьмяротнае пакараньне), злачыннасьць вышэйшая, чымсьці ў шэрагу краінаў Эўропы, дзе расстрэлы замененыя на пажыцьцёвае зьняволеньне.

✉ ✉ ✉

На заканчэньне — кароткі ліст-просьба ад нашага даўняга слухача Алеся Шустоўскага з Барысава. Ён піша:

«Вельмі мне падабаюцца вашы рэклямныя каляндарыкі з раскладам перадач. Як ні круці, а яны ёсьць сапраўднай візытоўкай Беларускай Свабоды ад Буга і да Курылаў, ад Лісабона і да Ўладзівастоку.

Дзякуй вам за прафэсійную журналісцкую працу на карысьць беларускага народа. А новыя свабодаўскія каляндарыкі на 2014 год вельмі хацелася б атрымаць».

І вы, спадар Алесь, і многія іншыя нашы актыўныя слухачы — аўтары цікавых лістоў на Свабоду — атрымаюць гэтыя каляндарыкі ў якасьці сувэніра.



Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG