Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герой рэпартажу Свабоды можа замерзнуць ў любы момант


Павал: «У лютым, кажуць, да сарака марозу можа быць. Я ня ведаю, як я выжыву»

Павал: «У лютым, кажуць, да сарака марозу можа быць. Я ня ведаю, як я выжыву»

На Магілёўшчыне ад маразоў загінулі 15 чалавек. Шасьцёра зь іх — за апошнія тры дні. Узімку 2013 году замерзлых было дваццаць. Між тым, моцныя маразы яшчэ наперадзе. У групе рызыкі найперш — людзі бяз сталага месца жыхарства. Колькі іх у рэгіёне, невядома.

Герой аднаго зь сюжэтаў Свабоды бомж Юры можа памерці ад марозу ў любы момант. Доўгі час сямідзесяціпяцігадовы бадзяга жыў у цеплатрасе. Неўзабаве пасьля публікацыі на гэту тэму ўваход у ягоны прытулак заварылі жалезнымі трубамі. Новую схованку ён знайшоў у вадасьцёку.

«Я ня ведаю, чаму яны заварылі. Каторы раз ужо заварваюць. Я там быў. Яны прыехалі, кажуць: „Давай вылазь — будзем заварваць“. Я кажу: „Заварвайце — гэта ваша праца“. Цяпер трэба адчыняць другі бункер. Там пліта, праўда, тоўстая. Патрэбны ломік».

Карэспандэнт: «Дык як вы тут начуеце? Маразы ж лютыя. Зьмерзьнеце?»

Юры: «Дык я накрываюся — дый нічога нібыта. Толькі вось ногі мерзнуць. У мяне шуба тут. Абы толькі ногі ня мерзьлі. Я звыкся ўжо. Ня першы ж год сплю тут узімку. Хутка зіма пройдзе. Яшчэ два-тры месяцы. А ўлетку тут, наадварот, духата. Не прадыхнуць».

Пажыткі старога раскіданыя вакол лаза ў вадасьцёк. Тут і ягоная кавенька. Са схованкі стары выбіраецца, толькі каб паесьці. На дзяржаўную дапамогу Юры Іванавіч не спадзяецца — больш на спагаду ад людзей:

«У сталовую хаджу — там хоць гарбаты дадуць. Людзі выносяць мне хлеба, тое і другое. Я тут не галодны. Мядзьведзь нікуды ня ходзіць усю зіму і нічога ня есьць. Сьпіць у берлагу́. І я як мядзьведзь. Самае кепскае, калі курыць няма чаго. Бутэлечку ўзяў віна, я яе адразу ня п’ю, патроху. Тады хоць сьпіцца лепей. Пара мне ўжо замярзаць. Мне ўжо надакучыла ўсё. Пара падыхаць».
Бомж Юры ў сваім ранейшым «цёплым прытулку»

Бомж Юры ў сваім ранейшым «цёплым прытулку»

Цяпер ён завараны трубамі

Цяпер ён завараны трубамі

Лаз у вадасьцёк — новае жытло Юрыя Іванавіча

Лаз у вадасьцёк — новае жытло Юрыя Іванавіча

Сам жыхар вадасьцёку — у глыбіні

Сам жыхар вадасьцёку — у глыбіні

Навокал таго месца, дзе ратуецца ад марозу Юры Іванавіч, усе люкі ў цеплатрасу завараныя

Навокал таго месца, дзе ратуецца ад марозу Юры Іванавіч, усе люкі ў цеплатрасу завараныя



Яшчэ адзін бомж, Павал, таксама быў героем сюжэту на Радыё Свабода. За прамінулы год ягоны лёс на добрае не павярнуў. Ён жабруе ля царквы. Улетку, кажа, быў у Расеі на заробках — абяцалі добрыя грошы. Меркаваў набыць дом у вёсцы.

«У Расеі мне прапанавалі жыць у вагончыку і працаваць. Тры месяцы працаваў нармальна. 12 сьнежня сарваўся — і галавой уніз. Два пазванкі і руку зламаў. Нас там чалавек пяцьдзясят магілёўскіх працавала. І яны прывезьлі мяне. Там у Расеі за лячэньне гаспадар ня будзе плаціць», — кажа пра здарэньне Павал.

Увесь загіпсаваны, азызлы ад сьцюжы суразмоўца не зьдзіўляецца, пачуўшы лічбу памерлых ад марозу. Кажа, што і сам можа апынуцца сярод іх. Спадзяецца на тую ж людзкую спагаду:

«Іду ў апорны пункт. Саджуся. Міліцыянэры не выганяюць. Бачаць, што замярзаю. Нават іншым разам і паесьці дадуць. Міласьціну прасіць сорамна, але ў мяне іншага выйсьця няма. Патроху на хлеб назьбіраю. Падвалаў жа цяпер ніякіх. І ў пад’езд не зайсьці. Усё зачынена. У лютым, кажуць, да сарака марозу можа быць. Я ня ведаю, як я выжыву. Ніхто ня можа дапамагчы — ні царква, ні дзяржава».

Павал не хавае, што алькаголь — адзіны сродак, які дазваляе сагрэцца. Пагроза сьмерці яго не палохае.

Як паведамілі спэцыялісты ў абласным упраўленьні аховы здароўя, сярод пятнаццаці памерлых ад марозу — пакуль толькі адзін бадзяга, асобы яшчэ дваіх не ўстаноўленыя. Астатнія дванаццаць мелі жытло, а памерлі на вуліцы ад пераахаладжэньня нападпітку.

Колькі памерла ад маразоў па ўсёй Беларусі — высьветліць не ўдалося. Але зь вялікай доляй пэўнасьці можна казаць, што лік замерзлых да сьмерці па краіне ідзе на дзясяткі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG