Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды на кіеўскіх барыкадах


Сваімі думкамі пра падзеі ва Ўкраіне для чытачоў сайта Свабоды дзеліцца кіеўская журналістка Алена Літвінава.

Ва Ўкраіне маразы становяцца больш моцнымі, а ў цэнтры Кіева, на вуліцы Грушэўскага і на плошчы Незалежнасьці, грамадзкае надвор’е — усё больш сьпякотнае.

Наперадзе тры дні — вайны або замірэньня. Як мінімум тры дні маніпуляваньня сытуацыяй і інфармацыяй — да прызначанай на 28 студзеня пазачарговай сэсіі Вярхоўнай Рады...

Яшчэ напярэдадні здавалася, што кампраміс знойдзены. Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч нібыта запрапанаваў двум лідэрам апазыцыі ўзначаліць урад — Арсенію Яцэнюку на пасадзе прэм’ера, Віталію Клічку — віцэ-прэм’ера па гуманітарных пытаньнях.

Алена Літвінава
Алена Літвінава
Улічваючы, што склад Кабінэту Міністраў зараз фармуецца прэзыдэнтам на падставе запрапанованых прэм’ерам кандыдатур, далей вымалёўвалася вельмі аптымістычная карціна: новы ўрад фармуе сваю большасьць у парлямэнце і праводзіць зь яе дапамогай усе патрабаваньні Майдану: адмена дыктатарскіх законаў, аднаўленЬне перамоваў з Эўразьвязам аб падпісаньні пагадненьня пра асацыяцыю, вызваленьне Юліі Цімашэнка і ўсіх, хто патрапіў у турму з Эўрамайдану.

Але ўсё выявілася аказалася не так проста, а пазьней і наогул — пасткай. Як высьветлілася, «прапановы» Януковіча былі сфармуляваныя толькі на афіцыйным сайце прэзыдэнта. Пад час пасяджэньня фракцыі Партыі рэгіёнаў, якое праходзіла пры асабістым удзеле кіраўніка дзяржавы, гатоўнасьць на ўвядзеньне апазыцыянэраў у склад ураду прагучала як зьдзек. Вось як апісвае сытуацыю адна зь вядомых украінскіх журналістак Соня Кошкіна:

«Вы хочаце зьмяніць урад? А альтэрнатыва цяперашнім міністрам ў вас ёсьць? Вось вы, Арсеній Пятровіч, не пагадзіліся б прэм’ерам папрацаваць? А вы, Віталь Уладзіміравіч, ўзначаліць гуманітарны блёк у якасьці віцэ-прэм’ера? Гэта значыць, паўнавартасных кадравых прапаноў, як такіх, не гучала. Гучалі напаўзьдзеклівыя намёкі».

Але па гарачых сьлядах апазыцыянэры не змаглі аднастайна аргумэнтаваць сваю адмову, хаця ўсе гатовыя ўзяць адказнасьць за фармаваньне ўраду.

Віталь Клічко настойвае на пазачарговых прэзыдэнцкіх выбарах, паводле ўсіх сацыялягічных дасьледаваньняў, ён зьяўляецца лідэрам электаральных сымпатыяў.

Больш спрактыкаваны ў палітычных гульнях Арсеній Яцанюк, падобна, ня супраць пагуляць з прэзыдэнтам у кошкі-мышкі. Але людзі патрабуюць больш жорсткіх і адназначных рашэньняў: праз два месяцы пратэсту майданаўцам недастаткова толькі зьмены ўраду. Дарэчы, паказальна, што Яцанюка пад час яго выступу на Майдане з натоўпу пэрыядычна сьляпілі лязэрным промнем. Своеасаблівым адказам радыкальнай часткі Майдану стаў начны штурм Ўкраінскага дому — культурнага цэнтру на Эўрапейскай плошчы, зь якой пачынаецца вуліца Грушэўскага. Днём у суботу яго занялі больш за сотню супрацоўнікаў спэцпадразьдзяленьня «Беркут» і існавала небясьпека захопу актывістаў з тылу на Грушэўскага.

Радыкалы дзейнічаюць паводле сваёй лёгікі, ня чуючы ані лідэраў апазыцыі, ні тым больш уладу. Калі гэтыя штурмавыя абставіны ня зьменяць сытуацыі, канчатковае рашэньне, як паабяцалі апазыцыянэры, будзе прынятае пасьля пазачарговай сэсіі Вярхоўнай Рады Ўкраіны 28 студзеня. Менавіта ад яе лідэры апазыцыі чакаюць адмены «дыктатарскіх» законаў і амністыі ўсіх арыштаваных.

Але складваецца ўражаньне, што ўлада сваімі нечаканымі прапановамі проста зацягвае час, спадзяючыся канчаткова пасварыць апазыцыю з Майданам і разьвязаць сабе рукі для сілавога сцэнару. Як і папярэднія чатыры гады свайго гаспадараньня ў краіне, улада ў цэлым, і прэзыдэнт Януковіч, у прыватнасьці, усё яшчэ спадзяецца ўсіх «развесьці, як кацянят».

Аднак раней яны лічылі «кацянятамі» апазыцыю, а цяпер супраць іх стаіць — народ. Раззлаваны, рашучы, бясстрашны і моцны духам. Людзі-сталкеры. Сталкеры Свабоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG