Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жорсткія законы запрацуюць ва Ўкраіне заўтра


Алена Літвінава

Алена Літвінава

Ва Ўкраіне неўзабаве ўвойдуць у сілу новыя законы, якія выклікалі новую хвалю пратэстаў. Чакалася, што ўначы можа нават быць уведзенае надзвычайнае становішча. З Кіеву паведамляе журналістка Алена Літвінава.

Ціхановіч: Што зьменіцца ўжо заўтра ва ўкраінскім заканадаўстве?

Літвінава: Усяго было прынята 11 законаў, яны ўсе былі падпісаныя прэзыдэнтам адным пакетам, але юрыдычную сілу яны набудуць ня ўсе адразу ад заўтра. У прыватнасьці, ад заўтрашняга дня набудуць моц законы, якія рэгулююць правядзеньне вулічных акцыяў паблізу ворганаў дзяржаўнай улады. Пакараньне, якое прадугледжваецца за гэта, – 15 сутак.

Таксама большая адказнасьць прадугледжаная за публічныя заявы і заклікі экстрэмісцкага характару. Арыштам 15 сутак будуць карацца людзі, якія выходзяць на масавыя акцыі ў касках.

Ціхановіч: Выглядае, што нормаў гэтага закону дастаткова, магчыма, каб рэгуляваць сытуацыю, і ўладам няма патрэбы ўводзіць надзвычайнае становішча?

Літвінава: Пакуль што не прынята канчатковага рашэньня. Увечары зьявілася інфармацыя, што Партыя ўлады зьбірае сваіх дэпутатаў, каб у Вярхоўнай Радзе прыняць закон аб увядзеньні надзвычайнага стану, але пазьней сакратар Рады бясьпекі Андрэй Клюеў абвергнуў гэта і падкрэсьліў, што ўлада не плянуе ўводзіць надзвычайнага стану.

Але, улічваючы тое, што цяпер не адбываецца ніякіх перамоваў паміж уладай і апазыцыяй, прагназаваць нешта складана.

Ціхановіч: Як ва Ўкраіне камэнтуюць відэа МУС, на якім паказана, якая, маўляў, безабаронная міліцыя – як міліцыянты літаральна гараць ад кінутых у іх падпальных бутэлек?

Літвінава: Сёньня было распаўсюджанае гэтае відэа. Высьветліць, ці яно праўдзівае – немагчыма. Зразумела, калі ідзе вайна, то ахвяры будуць з абодвух бакоў, як цынічна гэта не гучыць. Гэтае відэа здымалася з боку міліцэйскага блёк-посту, куды не дапускалі журналістаў. Адна са здымачных груп, якая спрабавала туды прайсьці, была затрыманая.

Ціхановіч: Апазыцыя неаднаразова заклікала міліцыю пераходзіць на бок народу. Ці вядомыя такія выпадкі?

Літвінава: Сёньня замірэньне ва ўрадавым квартале, і часта ў мэгафон гучаць такія заклікі да міліцыі, але такіх выпадкаў пакуль няма.

Зь іншага боку, удзельнікі акцыі на Грушэўскага, дзякуючы гэтаму замірэньню, могуць размаўляць зь міліцыяй, але вышэйшыя міліцэйскія чыны намагаюцца перашкаджаць гэтым размовам і зазначаюць, што знаходзяцца тут для падтрымкі грамадзкага парадку.
  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG