Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большы, чым грошы


Бацькі думалі назваць яго Талерам, а назвалі Рублём. Гэта тое самае, калі б цябе хацелі назваць Усяславам, а назвалі Акакіем. Магчыма, ім, бацькам, прыйшлося даспадобы гэтае роднае пачатковае «ру». А можа, вінаватыя таямніцы скланеньня слова «рубель»: паставіш яго ў родным, каленна-лакцявым склоне, і на канцы адразу чуецца нешта роднае, блізкае, душэўнае... Так ці інакш, ён зрабіўся Рублём не па сваёй волі. Што ж, і на такое імя можна адгукацца. І суцяшацца тым, што цябе наагул магло ня быць — а вось жа ты існуеш, і ўсе з табой лічацца, то бок табою разьлічваюцца.

Ёсьць людзі, пра якіх кажуць: іх грошы любяць. Я да такіх не належу, але сустракаць гэткіх асобаў даводзілася. Беларускі рубель нікога ня любіць. Ён створаны не для гэтага. Ён — баявая адзінка, народжаная супрацьстаяць. Інфляцыі і інфакіёску, расейскаму рублю і расейскаму «люблю». Супрацьстаяць і ўтвараць разам зь іншымі адзінкамі буйныя вайсковыя злучэньні: даляр і эўра. Беларускі рубель заўжды ў курсе — плянаў камандаваньня і штабных інтрыг. Ён — як бравы ваяка Швэйк: усе зь яго сьмяюцца, але ён усім патрэбны. Ён не беражэ капейку — у яго задачы важнейшыя. Ён беражэ тую мяжу, якую не берагуць памежнікі. Ён — мухтар на граніцы. Ён — нацыянальны сымбаль. А калі праз нацыянальны сымбаль можна пераступіць, не падняўшы яго зь зямлі, значыць, такая яна, нацыя. Гордая, за рубель ня купіш. За яго наагул нічога ня купіш. Бо ён бясцэнны.

Гэта, дарэчы, правільна, што ён рубель, а ня талер. Па-першае, таму што «шэсьцьдзесят тысяч талераў за пакет кавы» ці «дзесяць тысяч талераў за дзясятак яек» гучыць сьмешна. І абразьліва для сярэднявечнага талера, які ніколі не апускаўся так нізка. А ў тым, што талер чакаў бы лёс рубля, сумневаў няма. Па-другое, рубель сам па сабе больш пасуе сучаснай беларускай уладзе — як пасуе ёй клубнічна-смаркатазялёнае і той падазроны аб’ект, які яна называе сваім гербам. Бел-чырвона-белы дзяржаўны гардэроб, «Пагоня» і талер мусяць дачакацца, калі ўлада будзе адпавядаць ім: палітыка — гэта эстэтыка.

Наш рубель робіць беларусаў і гасьцей краіны лягчэйшымі — у сярэднім грамаў так на дзьвесьце. Бо беларускі рубель не існуе ў выглядзе манэты (за юбілейныя ні яек ня купіш, ні радзімы не прадасі). Можна ўявіць сабе, што было б, калі б у кішэнях народу набівалася б кожны дзень добрая жменя жалезьзя, цэнтнэр усялякіх цэнтаў — як гэта здараецца ў краінах, што ўмудраюцца неяк жыць безь беларускага рубля. Дзякуючы яму мы лёгкія, як пёркі. Лётаем, а ня ліпнем да грэшнай зямлі. А лёгкім людзям і жывецца лягчэй.

Няўжо і гэта, чыстае, сьветлае — адной нагой, то бок нулікам, ужо ў магіле? «Ужэ есьць атпячатаныя рублі і капейкі. Выглядзець новыя дзеньгі будуць как-та так, блізка к еўра», — абяцаюць цёмныя сілы. Неяк блізка да эўра — замест самога эўра. І зноў эстэтыка перамагае палітыку з эканомікай...

Беларускі рубель — самы беларускі рубель у сьвеце. На ім, прынамсі, усё па-беларуску. Як у казцы пачатку дзевяностых. Ніякага «двуязычыя». Улады любяць запіхваць мову туды, дзе яна нікому не пагражае і нічога асабліва не вызначае: мэмарыяльныя шыльды, указальнікі, талёнчыкі, перадачкі пра фальклёр і надвор’е... Таму яна — пакуль што — нічога ня мае супраць, каб у краіне была цалкам беларускамоўная валюта. Вось беларускамоўныя ўнівэрсытэты, школы, тэлеканалы, арганізацыі, людзі — яе палохаюць. А грошы... Ня ў грошах, як кажа Нацбанк, шчасьце. А ў колькасьцях і лічбах. Але, зноў жа: і тут трэба радавацца. Што вечна дыскрымінаваная расейская большасьць пакуль што не заявіла пратэст з нагоды разгулу нацыяналізму на банкнотах. І не згадала сваё ўлюбёнае «двуязычые».

Беларускі рубель — прыгожы. Можа, самая прыгожая на сёньня эўрапейская валюта. Старое добрае мастацтва (а якісьці эўра, функцыянальны, фаталістычны, як Фукуяма — гэта нейкі абстракцыянізм, апошні прытулак няздараў). З такой прыгажосьцю — і на свабодзе... У сэнсе, па-за эўразонай. І чым прыгажэйшай тая прыгажосьць робіцца — тым цяжэй яе ўтаймоўваць і трымаць пад кантролем. З прыгажосьцю наагул цяжка жыць. Прыгажосьць увесь час раўнуеш. Прыгажосьць гуляе сама па сабе. Яна капрызьлівая і свавольная — толькі пасьпявай угадваць, чаго яна хоча. Сёньня — быць сымбалем, заўтра — царыцай марскою, а пасьлязаўтра за яе карыта нармальнага ня купіш. Прыгажосьць сорамна прадаваць. Прыгажосьці зайздросьцяць тыя, хто яе ня мае.

Быў толар — і няма толара.

Быў лат — і няма лата.

А беларускі рубель жыве. І яго нават крадуць. Часам, у вольныя часіны. Людзей за яго забіваюць. Пакуль грошы нехта крадзе, пакуль за іх праліваецца кроў — значыць, яны яшчэ маюць сэнс. У яго — павышаная адказнасьць, не такая, як у лата і толара. Беларускі рубель ведае, што зь ягоным сыходам скончыцца незалежнасьць. Ён здольны зрабіцца сьцягам, аб’яднаць пад сваімі вартасьцямі людзей розных поглядаў. А ты пайшоў бы пад беларускім рублём супраць усходняй навалы? Тады пацалуй яго зашмальцаваны кончык. Употай, каб ніхто ня бачыў. Бо што зь ім рабіць яшчэ?
Малюнак: П. Tатарнiкаў (c) 2014
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG