Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Багун» Мудрова прэзэнтуюць у Менску


Вінцэсь Мудроў

Вінцэсь Мудроў

Новую кнігу празаіка, шматгадовага аўтара Радыё Свабода Вінцэся Мудрова «Багун» прэзэнтуюць 24 студзеня ў Менску. Імпрэза адбудзецца а 19-й у кнігарні «логвінаЎ».

Творы Вінцэся Мудрова не выдаваліся асобнай кнігай сем гадоў, хоць даволі рэгулярна зьяўляліся на старонках незалежных літаратурных выданьняў. І калі ў каардынатара Таварыства вольных літаратараў Алеся Аркуша зьявілася магчымасьць аднавіць сваю кніжную сэрыю «Полацкае ляда», то пачаць ён вырашыў менавіта з прозы Мудрова, якога лічыць адным з самых цікавых аўтараў сучаснай беларускай літаратуры.

«Гэтага аўтара можна пазнаць літаральна па некалькіх сказах. Ён мае і свой адметны стыль, і адметную аўтарскую мову, і ўласную тэму. Вельмі цікавы аўтар, але зусім не публічны чалавек. Ён ня ўдзельнічае ні ў якіх сустрэчах, прэзэнтацыях і ўвогуле не зьяўляецца на публіцы, таму яшчэ і з гэтай прычыны мы вырашылі вярнуць увагу чытача да яго».

Пад вокладкай «Багуна» сабраныя чатырнаццаць апавяданьняў, напісаных у апошнія гады. Віртуозны стыль, займальны сюжэт, дасьціпны гумар, які вельмі часта пераходзіць у памфлетны сарказм, трымае ўвагу чытача ад першай да 277 старонкі кнігі. Аўтар апавядае пра часы і падзеі, сьведкам якіх быў сам. Яму верыш, што менавіта так было і з гэтымі людзьмі, і з тым ладам. Савецкім. Але ён надзвычай пераканаўчы і ў апавяданьнях пра падзеі, якія ня мог бачыць на ўласныя вочы. Прыкладам, прыход саветаў у Заходнюю Беларусь. Характары герояў, лёгіка іхных паводзінаў настолькі праўдзівыя, што мастацкія тэксты ўспрымаюцца як дакумэнтальныя старонкі.

Вінцэсь Мудроў нарадзіўся ў Полацку ў 1953 годзе ў сям’і вайскоўца. Скончыў Наваполацкі політэхнічны інстытут. Працаваў інжынэрам у Беларусі і ў Сыбіры, карэспандэнтам Радыё Свабода. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Таварыства Вольных Літаратараў. Аўтар кніг прозы «Жанчыны ля басэйна» (1992), «Гісторыя аднаго злачынства» (1993), «Зімовыя сны» (1999), «Ператвораныя ў попел» (2005), «Альбом Сямейны» (2007). У 1971–1974 гадах выдаваў у Наваполацку падпольны рукапісны літаратурны альманах «Блакітны ліхтар». У 1990-х рэдагаваў літаратурны альманах «Ксэракс Беларускі». Жыве ў Наваполацку.
XS
SM
MD
LG