Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце «Свабоды» ў перадачы «Пакуль ляціць страла».



Мы ўжо ведаем, што дэбютавалі Вы ў студэнцкія гады ў самвыдавецкіх «Блакітным ліхтары» й «Мілавіцы». А ці чыталі забароненыя творы іншых аўтараў, што хадзілі тады ў самвыдаце? І каго менавіта?

Вікторыя

Вядома, чытаў. Найперш сваіх сяброў. У нашай «Мілавіцы», што зрабілася працягам арыштаванага гэбістамі «Блакітнага ліхтара», таксама друкаваліся не дрындушкі. Згадваю верш Юрася Бандаровіча «Супраціўленьне матэрыялу»:

Калі лічыць чарговы стаў вар’ят
Сябе героем, ўзяўшы ўладу ў рукі,
Напомніце яму пра супрамат —
Бо ёсьць такая мудрая навука…

Не сказаў бы, што з тых часоў, калі з тэлевізара не вылазіў дарагі Леанід Ільліч, гэтыя радкі безнадзейна састарэлі.

Падчас першага выкліку ў КДБ пад матрацам майго панцырнага ложка ў студэнцкім інтэрнаце ляжаў зачытаны ледзь не да дзірак нумар «Раман-газэты» з «Адным днём Івана Дзянісавіча» высланага з СССР Аляксандра Салжаніцына.

Калі пасьля ўнівэрсытэту я працаваў спачатку ў школе, а потым у наваполацкай гарадзкой газэце, недабітая нацыянальная інтэлігенцыя актыўна чытала наватарскае для свайго часу дасьледаваньне Міколы Ермаловіча «Па сьлядах аднаго міту». Паштовая бандэролька зь яго перадрукам аднойчы цэлы месяц ішла мне ў Наваполацак ад сябра з Паставаў, пераадольваючы, як мы падлічылі, у сярэднім 5 км за дзень.

У нашы рукі траплялі «Роковые яйца» і «Собачье сердце» Міхаіла Булгакава. Калі гляджу экранізацыю апошняй аповесьці, заўсёды згадваю цёмна-зялёны пераплёт, за якім у мяне хаваліся ў другім шэрагу кніжак прафэсар Праабражэнскі з кампаніяй. Побач, дарэчы, стаяў падараваны знаёмым вальнадумцам самвыдавецкі томік Артура Шапэнгаўэра, якога таксама не прадавалі ў кнігарнях.

Да апантаных чытачоў «нехарошых» кніг належаў і мой сябар Вінцэсь Мудроў. Прычым, ужо маючы нейкі досьвед самвыдату з уласнымі опусамі, мы не былі простымі спажыўцамі «забароненых пладоў». Пагатоў малады спэцыяліст інжынэр Мудроў меў пад рукамі нейкі дапатопны гектограф. Але такім ён бачыцца цяпер, а тады гэты вялізны апарат вагою, здавалася, пад сотню кг выглядаў не абы-якім дасягненьнем савецкай тэхнікі. Дзеля пачатку Вінцэсь памножыў толькі нядаўна надрукаваных у часопісе «Масква» зь вялікімі купюрамі «Майстра і Маргарыту».

Новая старонка нашых усё больш рызыкоўных заняткаў пачалася пасьля знаёмства з Ларысай Геніюш. З Зэльвы я заўсёды ехаў не паражняком (ды гаспадыня і не дазволіла б) — а зь вершамі самой паэткі, з заходнебеларускімі выданьнямі, з ковенскім часопісам «Крывіч», што рэдагавалі ў 1920-я Вацлаў Ластоўскі ды Клаўдзі Дуж-Душэўскі…

Самым вялікім, 25-асобнікавым накладам мы перавыдалі ўкладзены Ластоўскім «Расійска-крыўскі слоўнік». Цікава, колькі экзэмпляраў арыгіналу тады пылілася ў спэцсховах? Думаю, што меней.
Слоўнік меў 834 старонкі, таму атрымлівалася нешта накшталт трубкі шпалераў.


Больш за ўсіх рызыкавала супрацоўніца архітэктурнага аддзелу гарвыканкаму Наталя, якую мы ўцягнулі ў справу, плоцячы па 10 рублёў за асобнік. Нашая адважная паплечніца працавала на айчыннай капіявальнай машыне «Эра».

З свайго чэрава «Эра» выдавала ня аркушы, а папяровы рулёнчык. Слоўнік меў 834 старонкі, таму атрымлівалася нешта накшталт трубкі шпалераў. Мая матуля нажніцамі разразала яе на старонкі, а хлопец з гарадзкой друкарні сшываў і браў у аправу.

Урэшце Наталю ўзяў на гарачым куратар «Эры» з «органаў». Якім чынам яна здолела замяць справу, застаецца загадкай. Можа, дзякуючы сваім бясспрэчным вабнотам перавэрбавала гэбіста на наш бок? А мо той меў добры нюх і ўжо чуў ветрык недалёкіх пераменаў?

Празь некалькі гадоў Ластоўскага рэабілітавалі, а ў 1990-м дзяржаўнае выдавецтва «Навука і тэхніка» факсымільна выдала ягоны слоўнік 10-тысячным накладам.

Тады капіявальныя апараты, ужо званыя па-сучаснаму ксэраксамі, лічылі нават не на сотні, а на тысячы. Савецкія дысыдэнты казалі, што менавіта ксэракс разваліў СССР. Праз сто гадоў пасьля Багушэвічавай «Дудкі беларускай» Алесь Аркуш і Вінцэсь Мудроў пачалі выдаваць літаратурны альманах з удзячным назовам «Ксэракс беларускі», у якім і я пасьпеў надрукавацца на разьвітаньне з тым, савецкім самвыдатам.

Здавалася, ён кануў у Лету.

XS
SM
MD
LG