Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары: адкат на ўзровень 2006 году


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

Што паказаў першы этап кампаніі па выбарах мясцовых дэпутатаў? Ці можна ўжо рабіць ацэнку таго, якія задачы ставяць перад сабой улада і апазыцыя ў гэтай палітычнай кампаніі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

— Натуральна, пакуль рана рабіць нейкія глябальныя высновы. Аднак пэўныя этапы выбарчай кампаніі ўжо прайшлі, і можна прааналізаваць, што яны паказалі. Як улада і апазыцыя ставяцца да гэтай кампаніі, наколькі вялікая актыўнасьць палітычных суб’ектаў?

— Адбыўся фактычна толькі першы этап — фармаваньне акруговых і выбарчых камісіяў. Але пэўныя высновы паводле гэтага этапу ўжо можна зрабіць. Што тычыцца апазыцыі, то яна дэманструе традыцыйную для гэтага этапу актыўнасьць — то бок колькасьць вылучаных прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, вылучаных у камісіі, прыблізна такая ж, як была ў 2010 годзе.

Але з боку ўладаў назіраецца нашмат меншае ўключэньне апазыцыянэраў у камісіі. У разы менш апазыцыянэраў патрапіла ў тэрытарыяльныя і акруговыя камісіі, фактычна гэта адзінкі. То бок цяпер гэта тое самае, як было раней, да 2010 году (на выбарах таго году акенца трошкі адчынілася). А цяпер адбыўся адкат да той мінімальнай прысутнасьці апазыцыі, якая назіралася ў 2006-м ды і на ўсіх выбарах да 2010 году.

— Калі казаць ня толькі пра якасныя парамэтры — якія задачы ставіць перад сабой улада і апазыцыя ў гэтай выбарчай кампаніі? Наколькі сур’ёзна ўлада і апазыцыя ўспрымаюць мясцовыя выбары? Ці для іх гэта мерапрыемства «для галачкі»?

— Відавочна, што ўлады ставяць задачу правесьці выбары ў звыклым ключы, як звычайную адміністратыўную кампанію — ня даць апазыцыі скарыстаць выбары дзеля сваіх мэтаў. Мы цяпер знаходзімся ў прамежкавым этапе — з аднаго боку, сёньня, 16 студзеня, падаюцца апошнія заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Зь іншага боку, некаторыя ініцыятыўныя групы ўжо пачалі збор подпісаў.

Паглядзім, колькі будзе адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. Гэта будзе важным сьведчаньнем таго, наколькі апазыцыі ўдасца скарыстаць гэтую кампанію для агітацыйнай працы. Бо шэраг апазыцыйных структураў заяўляюць, што будуць на гэтых выбарах выкарыстоўваць усе магчымасьці для агітацыі, правядзеньня пікетаў і гэтак далей.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG