Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сабраўся ў дэпутаты — атрымаў папярэджаньне пракуратуры


Сяргей Сухаверхі

Сяргей Сухаверхі

Каардынатар аргкамітэту стваранай партыі БХД па Пінскім раёне Сяргей Сухаверхі атрымаў папярэджаньне пракуратуры за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Папярэджаньне актывісту вынесла намесьнік Пінскага міжраённага пракурора Людміла Супрун. Актывіста выклікалі ў пракуратуру літаральна празь дзьве гадзіны пасьля таго, як ён падаў дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты.

Каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі БХД на Берасьцейшчыне Зьміцер Шурхай зьвязвае папярэджаньне Сяргею Сухаверхаму зь ягоным жаданьнем удзельнічаць у мясцовых выбарах:

«Відавочна, што папярэджаньне зьвязанае з гэтак званымі „выбарамі“ і з намерам Сухаверхага ўдзельнічаць у нашай мясцовай кампаніі, бо выбарамі мы гэта не называем. І гэты выпадак вельмі гучна паказвае, што замест таго каб нармальна арганізаваць выбарчую кампанію, выканаўчая ўлада ўключае адміністрацыйны рэсурс, каб не дапусьціць незалежных кандыдатаў, бо баяцца, што народ будзе менавіта такіх і падтрымліваць».

Зьміцер Шурхай апавёў, што націснуць на Сухаверхага паспрабавалі і празь ягоную маці:

«Маці Сяргея выклікалі на месца працы ў Малоткавіцкую школу-інтэрнат, дзе зь ёй правеў размову першы намесьнік старшыні Пінскага райвыканкаму Ёсіф Палхоўскі. Ён патрабаваў, каб маці Сяргея Сухаверхага пасадзейнічала, каб ён забраў дакумэнты аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы».
У любой нармальнай краіне Палхоўскага за такое ўжо праз гадзіну б у адстаўку адправілі і завялі б крымінальную справу

«У любой нармальнай краіне Палхоўскага за такое ўжо праз гадзіну б у адстаўку адправілі і завялі б крымінальную справу, бо гэта злачынства», — рэзюмуе Зьміцер Шурхай.

Першы намесьнік старшыні Пінскага райвыканкама Ёсіф Палхоўскі адмовіўся камэнтаваць Свабодзе, ці сапраўды мела месца яго размова з маці Сяргея Сухаверхага:

«Мне падаецца, што ня варта даваць інтэрвію і на пытаньні адказваць па тэлефоне, не бачачы чалавека, зь якім ты размаўляеш. Ня будзем мы на гэтую тэму гаварыць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG