Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы адзначаюць рэгрэс на мясцовых выбарах


Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Грамадзкая арганізацыя «Праваабаронцы — за свабодныя выбары» падрыхтавала справаздачу аб фармаваньні акруговых камісіяў на мясцовых выбарах 2014 году.

Намесьнік старшыні гэтай арганізацыі Валянцін Стэфановіч апавёў Свабодзе:

«Мы адзначаем значны рэгрэс і перадузятасьць пры фармаваньні акруговых камісіяў. Мы параўналі цяперашнія камісіі з акруговымі камісіямі падчас парлямэнцкіх выбараў у 2008 і 2012 гадах. У 2008 годзе 32% вылучэнцаў ад апазыцыйных палітычных партыяў трапілі ў склад камісіяў. У 2012 годзе іх было 24%. А зараз лічбы наступныя. Са 185 вылучэнцаў ад апазыцыйных партыяў у склад камісіяў трапілі толькі 11. Гэта каля 6% ад вылучаных. А агульная доля прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў у складзе ўсіх акруговых камісіяў цяпер складае толькі 0,25%.

Мы таксама адзначаем, што не зьмяніўся характар непразрыстасьці пры правядзеньні пасяджэньняў органаў, якія фармуюць камісіі. У дадзеным выпадку размова ідзе пра сумесныя пасяджэньні аблвыканкамаў і прэзыдыюмаў абласных саветаў. Былі вельмі вялікія праблемы, каб трапіць на іх. У 43% выпадкаў прадстаўнікам кампаніі „Праваабаронцы — за свабодныя выбары“ не дазволілі там прысутнічаць.

Па-ранейшаму застаюцца праблемы, пра якія мы гаворым ужо ня першы раз. Гэта, у прыватнасьці, адсутнасьць крытэраў для адбору сябраў выбарчых камісіяў. А гэта аўтаматычна робіць неэфэктыўным абскарджваньне неўключэньня ў камісіі ў судах. Фактычна няма прадмету спрэчкі, бо няма крытэраў.

І па-ранейшаму застаецца абсалютнае права выканаўчай улады на кантроль за фармаваньнем камісіяў. То бок камісіі традыцыйна складаюцца з прадстаўнікоў праўладных грамадзкіх арганізацыяў, кшталту афіцыйных прафсаюзаў, БРСМ, вэтэранаў і г.д.

Пры гэтым доля палітычных партыяў абсалютна мізэрная. І выходзіць, што галоўным суб’ектам тут робяцца праўладныя грамадзкія арганізацыі, якія ня маюць права, дарэчы, вылучаць кандыдатаў у дэпутаты».
XS
SM
MD
LG