Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар Ігар Пасноў заяўляе пра зьнікненьне палітыка Сяргея Рыжова


Сяргей Рыжоў

Сяргей Рыжоў

Ігар Пасноў апавёў «Свабодзе», што ўчора віцебскі стваральнік Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі Сяргей Рыжоў мусіў зьявіцца на позву ў Сьледчы камітэт. Аднак яго не было ні ў гэтай установе, ні ў міліцыі, ні ў ІЧУ. Тэлефон Рыжова таксама не адказвае.

Выклік у Сьледчы камітэт тычыўся справы аб знаходжаньні Рыжова ў выцьвярэзьніку 16 лістапада. Ён сьцьвярджаў, што ў выцьвярэзьніку яго зьбілі і катавалі. Сьледчы камітэт правёў праверку і прыйшоў да высновы, што нічога падобнага не было.

11 студзеня Сяргея Рыжова судзілі за хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыянтам — супрацоўнікам выцьвярэзьніку. Паводле віцебскага палітыка, пра гэтую адміністрацыйную справу ён даведаўся ўжо пасьля таго, як распачалася праверка сьледчых. Ён кажа, што справу сфабрыкавалі, каб апраўдаць міліцыянтаў, якія перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы.

Судзьдзя Натальля Карабліна прызнала Рыжова вінаватым і прысудзіла яму 15 сутак арышту: 7 сутак за хуліганства і яшчэ 8 сутак — за непадпарадкаваньне патрабаваньням супрацоўнікам міліцыі. Ён падаў скаргу ў абласны суд, каб аспрэчыць гэтае рашэньне.

Ігар Пасноў

Ігар Пасноў

Лекар Ігар Пасноў, які апякуецца станам здароўя Рыжова і гатовы засьведчыць, што факты зьбіцьця праўдзівыя, пачаў шукаць сябра ў ізалятары часовага ўтрыманьня:

«Менавіта там у Віцебску адбываюць арышты, і я меркаваў, што Рыжова маглі забраць туды, не чакаючы адмены судовага рашэньня. Але дзяжурны паведаміў, што нашага Рыжова ў іх няма, хоць ёсьць цёзка — Сяргей Рыжоў 1974 году нараджэньня, аднекуль зь Віцебскага раёну. Я на ўласныя вочы бачыў позву ў Сьледчы камітэт, Рыжова выклікалі туды ранкам 14 студзеня, каб зноў апытваць пра падзеі ў выцьвярэзьніку. Яму пагражае справа аб паклёпе на міліцыянтаў. Аднак і ў Сьледчым камітэце яго не было — у сьпісе наведнікаў, які вядзе дзяжурны, яго няма. 75-гадовая маці Сяргея толькі плача: ужо суткі яго не было дома, а падаваць заяву ў міліцыю яна баіцца — маўляў, каб не зрабіць яму горш. Зьвязацца зь Сяргеем праз тэлефон немагчыма — ужо другі дзень «абанэнт часова недаступны».

Ігар Пасноў кажа, што верагоднасьць «добраахвотнага зьнікненьня» Сяргея Рыжова цалкам выключаць нельга. Бо яго чакае арышт і, верагодна, цяпер ужо новая справа за паклёп. Але такую верагоднасьць ён лічыць невялікай, бо доўга хавацца ў такім выпадку немагчыма, а на непрацяглы тэрмін — няма сэнсу.

Тым часам як сваякі не гатовыя даць розгалас гэтаму факту, Пасноў лічыць за лепшае, каб грамадзкасьць ведала, што Рыжоў зьнік. Бо ў сучаснай Беларусі зьнікненьні палітыкаў, на жаль, нярэдкія. Кагосьці зьбівалі і вывозілі ў лес, і яны самі праз пэўны час выходзілі на сувязь. А хтосьці лічыцца зьніклым і да гэтага часу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG