Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Нанесьлі цялесныя пашкоджаньні ў межах службовых паўнамоцтваў»


Сяргей Рыжоў

Сяргей Рыжоў

Сяргей Рыжоў атрымаў пастанову па выніках праверкі ягонай скаргі на зьбіцьцё супрацоўнікамі віцебскага мэдвыцьвярэзьніка 16 лістапада. Сьледчыя лічаць, што Рыжова не зьбівалі, а нанесьлі цялесныя пашкоджаньні ў межах службовых паўнамоцтваў.

Віцебскі стваральнік незарэгістраванай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі «Белая Русь» лічыць вынікі праверкі неаб’ектыўнымі. Паводле дасланага зь Сьледчага камітэту адказу, былі апытаныя толькі работнікі спэцустановы ды яшчэ адзін грамадзянін, які быў нецьвярозы і амаль нічога ня памятае. Апрача апісаньня таго, што «Рыжоў паводзіў сябе неадэкватна», і што з гэтай нагоды яго прывязвалі да крэсла, сьледчыя згадваюць нейкі інцыдэнт у палаце, падчас якога Рыжову маглі нанесьці траўмы іншыя затрыманыя. Сумненьні ў Сяргея Рыжова выклікаюць і вынікі прагляду відэазапісу з камэраў назіраньня ў выцьвярэзьніку: раней яму паведамлялі, што зь відэазапісам ёсьць нейкія праблемы, і што для іх ліквідаваньня зь Менску выклікалі нейкіх адмыслоўцаў.

Паводле Рыжова, міліцыянты-супрацоўнікі выцьвярэзьніку прывязвалі яго да крэсла, зьбівалі і выкручвалі пальцы, патрабуючы падпісаць нейкія дакумэнты. Потым яго адпусьцілі дахаты, ужо адтуль Рыжоў выклікаў хуткую дапамогу, і ў траўмапункце яму зрабілі рэнтген грудной клеткі. Пераломаў рэбраў выяўлена не было. Аднак падчас агляду ў паліклініцы на наступны дзень былі зафіксаваныя шматлікія траўмы: сінякі на целе і драпіны зь сінякамі на руках. Паколькі рукі яму балелі яшчэ некалькі тыдняў, Рыжоў мусіў паўторна зьвярнуцца да мэдыкаў, і тады высьветлілася, што ў яго пералом пальцаў. Косткі пачалі зрастацца няправільна, і цяпер гэта можа выправіць толькі хірургічным шляхам.
Фрагмэнт пастановы

Фрагмэнт пастановы


2 сьнежня, яшчэ да таго, як праверка Сьледчага камітэту скончылася, але чамусьці толькі праз два тыдні пасьля інцыдэнту ў выцьвярэзьніку, Рыжову паведамілі, што на яго складзены пратакол за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі. Тады ж віцебскага палітыка папярэдзілі: калі суд пацьвердзіць ягоную вінаватасьць, супраць яго распачнуць яшчэ адну справу. Ужо крымінальную — за паклёп на супрацоўнікаў выцьвярэзьніка.

Суд па справе непадпарадкаваньня міліцыянтам у выцьвярэзьніку прызначаны на 20 сьнежня. Калі будзе разглядацца справа пра паклёп, і ці будзе яна ўвогуле, Сяргею Рыжову пакуль не паведамілі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG