Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палёт на Марс – гэта эміграцыя», – Віка Лазарава


Віка Лазарава: Гэта не вандроўка на Марс, гэта — эміграцыя
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:01 0:00
Наўпроставы лінк

Віка Лазарава: Гэта не вандроўка на Марс — эміграцыя

«Як пару соцень гадоў таму людзі эмігравалі ў Аўстралію ці ў Амэрыку, так цяпер палятуць на Марс, — кажа 21-гадовая Вікторыя Лазарава, адна зь пяці беларусаў, адабраных для магчымага палёту на Марс у 2024 годзе. — Авантуры застаюцца тыя самыя. Мяняюцца толькі адлегласьці».

Днямі арганізатары праекту палёту на Марс абвясьцілі, што абралі каля тысячы кандыдатаў з больш чым 150 тысяч заявак. Палёт у адзін бок заплянаваны на 2024 год і мае каштаваць каля 6 мільярдаў даляраў. На 2018 год заплянаваны тэставы палёт бесьпілётнага модуля. Гэта прыватны праект, які заснаваў галяндзкі інвэстар Бас Лансдарп. Пытаньні з фінансаваньнем праекту «Марс-1» пакуль ня вырашаныя. Больш падрабязна пра ўсе яго аспэкты можна прачытаць па-ангельску на адмысловым сайце.

«Калі Амэрыку толькі адкрылі і калі людзі эмігравалі ў Аўстралію, — кажа Віка, — у іх жа не заўжды была магчымасьць вярнуцца. Іншая справа, што яны маглі там жыць. Мы ж будзем залежаць ад тэхналёгіяў. Як каматозьнік ад апарата штучнай вэнтыляцыі. Мы ня зможам проста выйсьці вонкі, дыхаць, будаваць сабе жытло...»

Віка жыве ў менскай Курасоўшчыне разам з татам. У кватэры яшчэ два каты, якія пачуваюцца тут паўнавартаснымі і любімымі жыхарамі.

Займаецца тэставаньнем праграмнага забесьпячэньня. З унівэрсытэту, дзе атрымлівала лінгвістычную адукацыю, сышла, бо зразумела, што гэта «ня ейнае». А кампутары ёй якраз падабаюцца. Мае сур’ёзныя намеры вышэйшую адукацыю ўсё ж атрымаць.

Пра праект «Марс-1» Віка даведалася з навінаў.

«Прачытала і не паверыла, што такое магчыма. Для мяне гэта было шокам. Я пайшла па спасылцы на сайт праекту. Я ноч ня спала, мне не давалі спакою думкі, што можна паляцець на Марс, — распавядае дзяўчына пра свае першыя ўражаньні.

Кажа, што ў першыя два тыдні заяўкі падалі 78 тысяч чалавек, а на апошнім этапе іх было ўжо 200 тысяч. «200 тысяч зямлян, якія гатовыя перасяліцца на Марс! — гэта ж пра нешта кажа», — эмацыйна распавядае Віка.

Адабралі 1078 чалавек. І Віка сярод іх. Яе гэта вельмі натхняе.

«Нават калі я не прайду далей, для мяне гэта ўжо перамога, — кажа яна. — Мяне палічылі больш вартай, чым іншых. Для мяне гэта знак».

Віка кажа, што не ўяўляе сабе людзей, якія ня мараць паляцець на іншую плянэту, падарожнічаць па космасе.

«Я нават глядзела дакумэнтальны фільм пра тое, што да 2060 году людзі высадзяцца на Марс, — распавядае яна. — І я тады падумала, што нарадзілася пасьля таго, як людзі высадзіліся на Месяц, не была сьведкай, і памру да таго, як людзі ізноў кудысьці высадзяцца. А тут такая магчымасьць!»

Нягледзячы на малады век, Віка выклікае павагу цьвярозасьцю і крытычнасьцю сваіх разважаньняў. Кажа, што ніхто яшчэ сабе не ўяўляе, з чым давядзецца сутыкнуцца падчас палёту, і сама ня ведае, ці зможа гэта вытрымаць.

«Адзін з маіх плюсаў — я неканфліктная, я вельмі лёгка сыходжуся зь людзьмі, — пералічвае яна свае станоўчыя характарыстыкі. — Яшчэ ў мяне плюсы — гэта энтузіязм і захопленасьць».

«Я магу чымсьці займацца, не адрываючыся, доўгі час. Я ўваходжу ў плыневы стан і атрымліваю задавальненьне ад таго, што раблю, і не магу спыніцца. Як музыка, які грае на піяніна. Я магу рашаць нейкія матэматычныя раўнаньні і не спыняцца. Мне здаецца, што я б сядзела тры гадзіны і толькі гэта і рабіла, — сьмяецца яна. — Так уваходжу ў смак».
Я ўваходжу ў плыневы стан і атрымліваю задавальненьне ад таго, што раблю, і не магу спыніцца

Віка займаецца коннай яздой, езьдзіць на ровары.

«Улетку ровар агулам мой транспарт. І цяпер таксама можна езьдзіць, пакуль сьнегу няма, — кажа Віка. — Але там пабачым, наколькі я фізычна падрыхтаваная».

З экстрэмальнымі сытуацыямі ёй сутыкацца не давялося, пра што яна шчыра напісала ў заяўцы.

«З парашутам я не скакала, на валаску маё жыцьцё не вісела. Магчыма, з-за маёй маладосьці ў мяне не было шанцу. Але, відаць, іх не спыніла, раз яны выбралі», — пасьміхаецца Віка.

Падчас падрыхтоўкі і на самім Марсе Віка гатовая рабіць усё. Кажа, што не баіцца крыві і зможа зрабіць простую апэрацыю, кшталту выдаленьня апэндыксу ці зубоў. А з тэхнікай, на яе думку, агулам ня будзе праблемаў.
Кніжная паліца Вікторыі
Кніжная паліца Вікторыі

Зь неабходнасьцю ўдзельнічаць у рэаліці-шоў, у якое арганізатары мяркуюць ператварыць падрыхтоўку да палёту, Віка зьмірылася. «Бяз гэтага, — кажа яна, — грошай на праект не зьбярэш, таму трэба нечым ахвяраваць».

Тут адразу пераходзім да таго, чаму Віка верыць у прыватны праект, а не ў намаганьні дзяржаўных праграмаў. У дзяўчыны пад гэта падведзеная цэлая база:

«Вядучыя касьмічныя арганізацыі, як НАСА, яны фінансуюцца дзярждэпартамэнтам ЗША. Цяпер у НАСА бюджэт — 25% ад таго, што было ў часы халоднай вайны. І яго ўвесь час касуюць, грошай няма, — тлумачыць яна. — Дзяржава мусіць уступаць у такія авантуры, калі ніхто там яшчэ ня быў. На Марс ужо шмат разоў лёталі разнастайныя зонды. Ёсьць веды, як туды прызямляцца, куды прызямляцца. Ёсьць падрабязныя мапы. Ужо 10 гадоў таму, мне здаецца, прыватныя кампаніі павінны былі пачаць асвойваць космас».

«Ці не баіцеся вы, што арганізатары будуць ня надта... — пакуль я фармулюю пытаньне, каб яно гучала як найменш крыўдна, Віка сама яго заканчвае:

«Ці гэта не развод?! — і сьмяецца. — Я не магу бачыць будучае і чытаць думкі іншых людзей. Большы страх у мяне не за тое, што яны несумленныя, а за тое, што ў іх ня хопіць фінансаваньня і ніхто не паляціць».

«Мне ня так было б крыўдна, каб я не паляцела, чым каб ніхто не паляцеў. Са мной ці безь мяне — галоўнае, каб гэта адбылося, — працягвае яна. — Калі ўсё гэта акажацца ашуканствам, то хто ж ведаў...»

Віка распавядае, што ўвесь час уяўляе сабе, што яе чакае на Марсе.

«Curiosity дасылае 3D-панарамы Марса. Я іншым разам сядаю ў акулярах і гляджу на гэта, і ўяўляю, што я на Марсе, — кажа дзяўчына. — Але мне здаецца, што мае ўяўленьні нават блізка не адпавядаюць таму, што адчуюць людзі, якія першымі пакінуць свае сьляды на іншай плянэце».

Марыць і сустрэць у космасе «іншы розум», але ведае, што гэтага, найверагодней, ня здарыцца.

«Сусьвет настолькі вялікі, што малаверагодна, што мы калісьці зь імі перасячэмся. Прынамсі ў бліжэйшыя некалькі тысячагодзьдзяў. Гэта сумна», — кажа яна.

Свае чаканьні ад экспэдыцыі Віка фармулюе проста:

«Высадзіцца на Марс — і памерці ад шчасьця!»
Высадзіцца на Марс — і памерці ад шчасьця!

«Дарэчы, наконт памерці... — падхопліваем мы. — Вы ж ведаеце, што гэта дарога ў адзін канец?»

«Так, але гэта не азначае суіцыду. Гэта проста эміграцыя», — тлумачыць Віка.

«Катоў, тату... — пералічае Віка тое, што пакіне на Зямлі. — Але больш шкада было б узяць іх з сабой, — тут жа кажа яна.

«Адна справа, калі адказнасьць за сябе і сваё жыцьцё, а іншая — калі за іншых. Мне здаецца, гэтая адказнасьць нашмат большая», — заключае дзяўчына.

Мы просім Віку адказаць, што канкрэтна карыснага будзе чалавецтву ад таго, што чатыры энтузіясты выправяцца на Марс. Чым нам стане лепей?

«Хаця б тым, што гэта натхніць цэлыя пакаленьні людзей, якія захочуць займацца навукай, інжынэраў, мэханікаў, астраномаў, якія будуць рухаць прагрэс яшчэ хутчэй, — кажа яна. — Шмат якія навукоўцы, якія цяпер робяць адкрыцьці, былі натхнёныя „Апалёнам-11“. А цяпер у дзяцей няма куміраў сярод навукоўцаў. Можа, кожны трэці ведае, хто такі Стывэн Хокінг, але далей...»

Пра сям’ю і дзяцей Віка ня тое што пакуль ня думае, але нават упэўнена кажа: «І не хачу».

«Гэта ня самыя вялікія ахвяры, як мне здаецца, — тлумачыць яна. — Адмовіцца давядзецца шмат ад чаго. Сям’я, дзеці — я і так гэтага не пляную. Пакуль ня хочацца».

Самая вялікая ахвяра, на яе думку, — гэта пабачыць Зямлю апошні раз. Але палёт усё адно таго варты.

«Мара! — кажа яна. — Мне здаецца, у жыцьці нічога большага зрабіць немагчыма, чым гэта. Гэта самая найвышэйшая плянка, якую можна ўзяць».

Чаму ўсё ж гэта не падарожжа, а эміграцыя?

«Падарожжа прадугледжвае вяртаньне. Эміграцыя — гэта квіток у адзін канец. Гэта не таму, што мяне тут усё не задавальняе ці на Зямлі ўжо рабіць больш няма чаго, сумна, — не! Справа ня ў гэтым, — кажа Віка. — Гэта вялікая авантура. Проста, мне здаецца, гэтым трэба жыць і гэта трэба адчуваць, каб зразумець, чаму людзі на гэта наважваюцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG