Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першае слова на Марсе будзе па-беларуску, — Міхал Румянцаў


24-гадовы Міхал Румянцаў зь Ліды — сярод пяці беларусаў, што маюць шанцы адправіцца на Марс.

Днямі арганізатары праекту палёту на Марс абвясьцілі, што абралі каля тысячы кандыдатаў з больш чым 150 тысяч заявак. Палёт у адзін бок заплянаваны на 2024 год і мае каштаваць каля 6 мільярдаў даляраў. На 2018 год заплянаваны тэставы палёт бесьпілётнага модуля. Гэта прыватны праект, які заснаваў галяндзкі інвэстар Бас Лансдарп. Пытаньні з фінансаваньнем праекту «Марс-1» пакуль ня вырашаныя, а больш падрабязна пра ўсе яго аспэкты можна прачытаць па-ангельску на адмысловым сайце.

Міхал працуе вэб-распрацоўшчыкам у менскай фірме. Сам пра сябе апавядае, што любіць падарожнічаць і фатаграфаваць. Робіць уражаньне чалавека прынцыповага. Падаецца, што перад камэрай трохі хвалюецца.

«Я цікаўлюся новымі тэхналёгіямі, астрафізыкай і касманаўтыкай. Калі я даведаўся пра гэты праект, то ў мяне амаль не было сумневаў. Я лічу, што калі і варта нечаму прысьвяціць сваё жыцьцё, то гэта павінна быць нешта вялікае», — тлумачыць хлопец, чаму падаў заяўку.

Унівэрсытэцкая адукацыя ў Міхала фізычная. Два гады ён адпрацаваў інжынэрам на прадпрыемстве. Такое было разьмеркаваньне. Цяпер пайшоў у праграмаваньне.

Сярод галоўных сваіх перавагаў называе якраз тэхнічны бэкграўнд. Што да фізычнай і псыхалягічнай падрыхтоўкі, то гатовы да таго, што патрабаваньні будуць жорсткія. На пытаньне, ці даводзілася сутыкацца з экстрэмальнымі сытуацыямі ў жыцьці, адказвае станоўча. Але калі просім распавесьці, што гэта былі за сытуацыі, Міхал рашуча адмаўляецца.

Праект «Марс-1» прыватны і толькі набірае абароты. Шмат хто сумняваецца, ці ў ініцыятараў хопіць досьведу і грошай, каб яго ажыцьцявіць. Міхал верыць, што ўсё магчыма, і бачыць у «недзяржаўнасьці» праекту «Марс-1» адны плюсы:

«Мы жывем у такі час, калі вялікіх мэтаў ня можа дасягнуць адзін чалавек. Цяпер усе буйнейшыя праекты — гэта вынік працы вялікай колькасьці людзей, сапраўды зацікаўленых у мэце праекту. Гэта людзі, якія самааддана працуюць над канкрэтнай ідэяй».

Каб сабраць неабходную для палёту суму, плянуецца ператварыць яго ў маштабную піяр-акцыю. Напрыклад, падрыхтоўку камандаў будуць трансьляваць як рэаліці-шоў. Відавочна, такая ідэя прыцягне нямала грошай ад рэклямы, аднак ці хопіць іх на сам палёт, невядома. Міхал перакананы, што ініцыятары праекту ставяцца да справы з усёй адказнасьцю, і калі давядзецца, гатовы ўдзельнічаць і ў рэаліці-шоў:

«Бізнэс-мадэль „Марс-1“ заснаваная на тым, што значная частка грошай будзе зарабляцца праз продаж правоў на трансьляцыю. Цяпер ёсьць даволі сур’ёзныя спонсары. Дасягнутыя дамоўленасьці з сур’ёзнымі кампаніямі, якія супрацоўнічаюць з НАСА і маюць рэальныя касьмічныя праекты».

Адзін з закідаў да арганізатараў праекту — мала ўвагі і досьведу для таго, каб палёт адбыўся бясьпечна. Да таго ж арганізатары не хаваюць: адправіць астранаўтаў яны могуць толькі ў адзін бок.
Мяне б больш турбавала, калі б трэба было вярнуцца

«Мяне б больш турбавала, калі б трэба было вярнуцца, — кажа Міхал. — Бо калі чалавек трапляе ва ўмовы нізкай гравітацыі, у арганізьме адбываюцца незваротныя зьмены. Да прыкладу, калі правесьці некалькі гадоў на Марсе і вярнуцца на Зямлю, ты ўжо ня можаш нармальна функцыянаваць. А да ўмоваў на Марсе, я спадзяюся, можна адаптавацца».

Пытаемся, што ён пакідае тут, на Зямлі, і ці не шкада ўсяго гэтага. Атрымліваем нечаканы адказ:

«Я нічога не пакідаю. Усё, што са мною адбылося, яно са мною і застанецца. Я звычайна гляджу ў будучыню, і калі аглядаюся назад, то спрабую зрабіць нейкія высновы... Я магу адваротнае пытаньне паставіць: а ці ня будзе мне шкада, што я ніколі не пабачу Марс, не пабываю ў космасе?»

Маці даведалася пра посьпех Міхала празь ягоны «Жывы журнал». Сама ідэя ёй не падабаецца. Міхал кажа: блізкія спадзяюцца, што нічога не адбудзецца.

Паводле ідэі праекту, у першай групе на Марс выправяцца чатыры астранаўты. Мы пытаемся, якую канкрэтна карысьць чалавецтву можа прынесьці гэтая касьмічныя экспэдыцыя:

«На гэты праект трэба глядзець у кантэксьце разьвіцьця цывілізацыі і разьвіцьця навукі, — тлумачыць Міхал. — Магчыма, менавіта знаходжаньне гэтых чатырох чалавек грунтоўнай карысьці зямлі не прынясе, але гэта будзе важны крок у маральным пляне. Калі гэта атрымаецца, то гэта будзе падзея кшталту адкрыцьця Амэрыкі Калюмбам».

Міхал перакананы, што калянізацыя космасу адыграе важную ролю ў разьвіцьці чалавецтва. Пра тое, з чым давядзецца сутыкнуцца, амаль нічога канкрэтнага сказаць ня можа:

«Чакаюць вельмі складаныя ўмовы. Гэта будзе нават не жыцьцё на Марсе, гэта будзе выжываньне. Трэба будзе шмат працаваць у вельмі складаных умовах. Насамрэч у гэтым няма ніякай рамантыкі. Усё будзе вельмі складана і ва ўмовах рэальнай пагрозы для жыцьця».
Насамрэч у гэтым няма ніякай рамантыкі. Усё будзе вельмі складана і ва ўмовах рэальнай пагрозы для жыцьця

«Я не магу сказаць, што на дадзеным этапе гэта сэнс жыцьця, — працягвае Міхал. — Але гэта тая мэта, якая дазваляе мне ісьці да яе ў рэчышчы сваіх каштоўнасьцяў. Я цалкам падтрымліваю саму ідэю, і яна мне вельмі падабаецца».

Натуральна, без пытаньня пра каштоўнасьці не абышлося. Міхал адказвае, што адна з галоўных каштоўнасьцяў для яго — гэта любоў і каханьне.

«Гэта не абавязкова рамантычнае каханьне, а любоў да жыцьця ў цэлым, да чалавецтва. Імкненьне да новага таксама вельмі важнае для мяне».

Міхал адмовіўся адказваць, ці ёсьць у яго блізкі чалавек, зь якім яго лучаць рамантычныя стасункі. Кажа, што гэта занадта асабіста.

Што да рэлігіі, то кажа, што ня лічыць сябе рэлігійным чалавекам.

«Але я з павагай стаўлюся да людзей, якія жывуць зь верай і ў адпаведнасьці з маральнымі прынцыпамі сваёй рэлігіі»

«Ёсьць і адваротны бок, — тут жа заўважае Міхал. — Рэлігіі ня толькі аб’ядноўваюць, але і разьядноўваюць. Я лічу, што такія праекты, як „Марс-1“, здольныя аб’яднаць людзей з рознымі веравызнаньнямі і палітычнымі поглядамі дзеля агульнай мэты».

На заўвагу, што сярод пяці кандыдатаў зь Беларусі Міхал, найхутчэй, адзіны беларускамоўны, Міхал кажа:

«Мне заўжды дзіўна, калі ў беларуса пытаюцца, чаму ён гаворыць па-беларуску. Агулам мне ўсё адно, на якой мове камунікаваць, але сваім сябрам я ўжо паабяцаў, што першае слова на Марсе будзе па-беларуску».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG