Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БАЖ выказаў салідарнасьць з Тацянай Чарнавол


Тацяна Чарнавол у кіеўскім шпіталі

Тацяна Чарнавол у кіеўскім шпіталі

Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвярнулася зь лістом падтрымкі ў Нацыянальны саюз журналістаў Украіны і Незалежны мэдыя-прафсаюз.

Нагодай для звароту стала эскаляцыя гвалту ў дачыненьні да журналістаў у гэтай краіне і, у прыватнасьці, жорсткае зьбіцьцё журналісткі Тацяны Чарнавол.

«Зараз культура беспакаранасьці, якая пануе на постсавецкай прасторы (у тым ліку ва Ўкраіне і Беларусі), прывяла да жорсткага зьбіцьця блогеркі „Ўкраінскай праўды“ Тацяны Чарнавол», — гаворыцца ў лісьце.

БАЖ далучаецца да заклікаў, адрасаваных украінскім праваахоўным органам, «забясьпечыць апэратыўнае і аб’ектыўнае расьсьледаваньне гэтага злачынства, гэтак жа як і іншых выпадкаў гвалту супраць журналістаў, і прыцягнуць вінаватых асобаў да вызначанай законам адказнасьці».

«Выказваем падтрымку Тацяне Чарнавол і жадаем ёй найхутчэйшага выздараўленьня», — гаворыцца ў звароце БАЖ.

25 сьнежня ўначы на Барыспальскай трасе пад Кіевам машыну Тацяны Чарнавол атакаваў аўтамабіль невядомых. Яны разьбілі шкло ў яе машыне, а калі журналістка выскачыла і паспрабавала зьбегчы, яны дагналі яе і пачалі зьбіваць.

Са страсеньнем мазгоў, гематомамі на твары і пераломам носа яна знаходзіцца ў шпіталі.

Міліцыя затрымала трох падазраваных у пабіцьці Тацяны Чарнавол, заведзеная крымінальная справа аб нанясеньні ёй цяжкіх пабояў.

25 сьнежня з асуджэньнем брутальнага нападу на Тацяну Чарнавол выступіла прадстаўніца АБСЭ па свабодзе СМІ Дуня Міятавіч, а таксама Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.
XS
SM
MD
LG