Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У жыльлёвай чарзе Лукашэнка знайшоў «мора недахопаў»


Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка зноў запатрабаваў навесьці парадак ва ўліку грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў.

«Тут сёньня мора недахопаў, і пра гэта мы ўжо не аднойчы казалі», — заявіў Лукашэнка кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта падчас нарады пра фармаваньне фонду жылых памяшканьняў камэрцыйнага выкарыстаньня.

Падчас нарады разглядаўся праект указу аб некаторых пытаньнях прававога рэгуляваньня жыльлёвых адносінаў, які, між іншым, пераглядае падставы для пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльля. Гэта робіцца для таго, каб вызначаць рэальныя патрэбы людзей і выключаць неабгрунтаваныя дамаганьні.

«Гэта таксама правільна. Шарлатанства быць не павінна. Беларусь зьяўляецца адной зь нямногіх дзяржаў, дзе прадстаўленыя падобныя льготы, дзе дзяржава дае магчымасьць на льготных умовах будаваць жыльлё. Таму тут павінна быць усё сумленна і справядліва», — цытуе БЕЛТА Лукашэнку.

Таксама ў праекце ўказу адзначаецца, што кватэры, якія ня будуць прыватызаваныя грамадзянамі да 1 ліпеня 2016 году, пяройдуць у фонд арэнднага жыльля. Да 1 красавіка 2014 плянуецца перавесьці ў фонд арэнднага жыльля ўсе заселеныя службовыя і спэцыяльныя жылыя памяшканьнi.

25 сакавіка 2011 году кіраўнік краіны даручыў перагледзець парадак фармаваньня чаргі на паляпшэньне жыльлёвых умоваў у Менску. 11 верасьня 2012 году ён запатрабаваў пераправерыць чаргу грамадзянаў на паляпшэньне жыльлёвых умоваў і не даваць ні грошай, ні кватэраў, пакуль чарга ня будзе ўдакладненая. У выніку былі праведзеныя чысткі гэтых чэргаў.
XS
SM
MD
LG