Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве праз узьвядзеньне гіпэрмаркету хаты двух дзясяткаў сямей апынуліся ў атачэньні будаўнічых пляцовак. Людзей запэўнівалі, што адселяць да 1 верасьня, але не зрабілі гэтага. Звароты да чыноўнікаў не дапамагаюць. Людзі рыхтуюцца сустрэць зіму ў старых дамах, бяз паліва, пасярод будоўлі.

Гэтыя два дамы — на вуліцы Гагарына. З аднаго боку ад іх ўзводзіцца гіпэрмаркет, з другога пракладаюць дарогу. Пляцоўка перад драўлянымі хатамі зьежджаная будаўнічай тэхнікай. Агародчыкі жыхароў зруйнаваныя дашчэнту.

«Вось бачыце, дзе машыны езьдзяць: проста пад вокнамі. Немагчыма тут знаходзіцца. Пыл стаіць слупам. І ўсё гэта асядае ў кватэры. Зьвярталіся ў райвыканкам і ў гарвыканкам. Да адваката хадзілі. Нават ліст дасылалі ў Менск — у прэзыдэнцкую камісію», — наракае адна з жыхарак.

Паводле яе, у двух дамах заселенымі застаюцца дванаццаць кватэр. У кожнай жыве па дзьве сям’і. Пэрспэктывы адсяленьня, цьвердзіць жанчына, застаюцца цьмянымі. Усё залежыць ад інвэстара, на сродкі якога будуецца, гіпэрмаркет:

«Цяпер пачалі прапаноўваць кватэры, якія ўжо былі ў карыстаньні. Інвэстар павінен купіць гэтыя кватэры ў прыватных асобаў. І вось цяпер зіма набліжаецца, і невядома, ці нарыхтоўваць дровы. Ніхто толкам нічога ня кажа. Вось стаім на ростані: што рабіць, бо зімаваць жа трэба тут, калі не дадуць кватэры».

Будоўлю распачалі напрыканцы сёлетняй вясны. Людзі запэўніваюць, што ім паабяцалі даць новае жытло на працягу сарака дзён.
Стаім на ростані: што рабіць, бо зімаваць жа трэба тут, калі не дадуць кватэры

«Мы пытаньне гэтае вырашым. Не рамантуйце нічога. Грошы забудоўнік нібыта выдзеліў на кватэры, і мы цяпер купім вам кватэры і вас пераселім. А потым усё гэта неяк заглухла. Можа, яны гэтыя грошы насамрэч атрымалі і цяпер іх пракручваюць. Яны ж ня будуць ляжаць недзе ў склепе. Яны ж, відаць, будуць круціцца ў нейкім банку», — разважае над сытуацыяй гаспадар адной з кватэраў.

Ягоная сям’я ня верыць, што кватэры да зімы дадуць, і рыхтуецца да зімоўкі пасярод будоўлі:

«А каму верыць тут. Гэта добра, што яшчэ восень такая. Ну вось пайшоў, дроў ля сьметніцы назьбіраў, што людзі мяняюць рамы, дзьверы. З кватэр гэта выкідаюць, дык мы наломім і топім».

За паўгода мяжа будоўлі наблізілася ўсутыч да старых драўляных хат. Ад будаўнічай пляцоўкі баракі аддзяляе толькі агароджа.

Самі дамы ўзьвялі напачатку шасьцідзесятых гадоў мінулага стагодзьдзя. Яны не аднойчы гарэлі. Два апошнія разы — праз электраправодку. У дамах цяпер расьце чацьвёртае пакаленьне тых, хто іх будаваў.
Калі мы печкі топім — у нас галава пацее, а ногі ў холадзе, бо падлога ледзяная

«Падлога халодная. Блохі. У мяне дзіця ўсё пакусанае блохамі. Не кацінымі, а менавіта мышынымі і пацучынымі. У мяне мышы па ўсім доме ходзяць. Я нічога зрабіць не магу. Калі мы печкі топім — у нас галава пацее, а ногі ў холадзе, бо падлога ледзяная. Нас нават кілімы не ратуюць. Дваццаць першае стагодзьдзе. У нас, акрамя электрычнасьці, нічога ў доме. Газ прывазны. Вада ў калодзежы, прыбіральня на вуліцы. Цывілізацыя — праз дарогу», — скардзіцца маладая жанчына.

Старыя будыніны, паводле жыхароў, пастанавілі зьнесьці, калі пачалася будоўля. Дамы ледзь вытрымліваюць вібрацыю ад будаўнічых прац.

«Усё сыплецца і валіцца, але нікому няма справы да гэтага. У 2001 годзе нам далі заключэньне пасьля пажару: 59 працэнтаў зносу. Аднаго працэнту не хапала, каб наша жытло прызналі аварыйным. Яны наўмысна так зрабілі. Дурню зразумела».

18 лістапада пытаньне пра адсяленьне жыхароў з двух дамоў на вуліцы Гагарына абмяркоўвалі на пашыранай нарадзе ў Магілёўскім гарвыканкаме. На ёй заяўлялася, што праблема з адсяленьнем набліжаецца да вырашэньня. Дзьве сям’і ўжо выехалі, а чатыром прапанаваныя варыянты. Дамы ў афіцыйных паведамленьнях называюць баракамі, а адсяленьне тэрміновым у сувязі з узьвядзеньнем гандлёвага аб’екту «Эўраопт». У тым, што людзі ня зьехалі, камунальнікі вінавацяць іх саміх, бо задужа пераборлівыя ў выбары кватэр.
XS
SM
MD
LG