Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацярпелыя гандляры — азэрбайджанцы, таджыкі, армяне — празь лідэра прадпрымальніцкага руху паскардзіліся Свабодзе на масавы гвалт з боку асобаў у цывільным, якія іх хапалі, білі, запалохвалі.

Індывідуальны прадпрымальнік, прадстаўнік руху «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Алесь Таўстыка паведаміў Свабодзе пра інцыдэнт на менскім рынку «Экспабел», які здарыўся 8 лістапада паміж 9-й і 10-й раніцы.

«Прыехалі каля 40 невядомых у цывільным на двух аўтобусах. Яны называліся міліцыянтамі, але дакумэнтаў не прад’яўлялі. Па двое невядомыя падыходзілі да кожнага гандлёвага месца, да гандляроў, якія працуюць на адкрытых радах і зьяўляюцца іншаземцамі — азэрбайджанцаў, армян, таджыкаў ды іншых. Калі тыя ня мелі з сабою дакумэнтаў для легальнай працы, іх забіралі, выводзілі ў аўтобус. Тых, у каго быў з сабою від на жыхарства, не чапалі. У аўтобусах іх вывозілі ў лес, у раён Курапатаў, і зьбівалі. У прыватнасьці, білі па нырках, душылі капюшонамі куртак, прымушалі прысядаць, запалохвалі, перапісвалі нумары тэлефонаў».

Алесь Таўстыка асабіста ня быў сьведкам гэтага інцыдэнту. Яму распавялі пра яго пацярпелыя гандляры, якія баяцца помсты, таму не называюць сваіх прозьвішчаў.

Пабітыя замежнікі не пісалі ніякіх заяваў у міліцыю ці пракуратуру, таму што баяцца помсты і дэпартацыі.

З карэспандэнтам Свабоды пабітыя гутарыць адмаўляюцца з-за страху, хоць Алесь Таўстыка перадаваў ім такую просьбу.

Паводле спадара Таўстыкі, усяго пацярпелі каля 40 чалавек. Яны сьцьвярджаюць, што іх білі перадусім, каб запалохаць і каб у Беларусі ня ўзьнікла інцыдэнтаў, падобных да таго, які здарыўся ў маскоўскім Бірулёве.

У міліцыі Менскага раёну, на тэрыторыі якога знаходзіцца рынак «Экспабел», не пацьвердзілі, што такі інцыдэнт меў месца:

«Нідзе ніякай інфармацыі пра гэта няма. Я ўдакладняла ў начальніка крымінальнага вышуку і ў начальніка міліцыі. Зваротаў з боку грамадзянаў на такую тэму не было», — заявіла Свабодзе Тацяна Залога, прэсавы афіцэр міліцыі Менскага раёну.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG