Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Палуда: апэрацыя на «Экспабеле» — гэта ня рэха Бірулёва


Андрэй Палуда. Фота spring96.org

Андрэй Палуда. Фота spring96.org

Праваабаронца і колішні міліцыянт Андрэй Палуда аналізуе здарэньне на менскім рынку «Экспабел».

8 лістапада невядомыя людзі ў цывільным, якія прадставіліся міліцыянтамі, затрымалі, вывезьлі ў лес і зьбілі гандляроў-замежнікаў, якія ня мелі рэгістрацыі.

«Прадстаўляліся людзі ў цывільным ці не? Паказвалі пасьведчаньне ці не? Казаць пра тое, што гэта супрацоўнік праваахоўных органаў, досыць складана.

Зь іншага боку, цяжка ўявіць, што ў нас, акрамя супрацоўнікаў МУС ці іншых сілавых структураў, нехта можа дазволіць сабе езьдзіць на аўтобусах і наводзіць парадкі. Я ня чуў, каб апошнім часам арганізаваная злачыннасьць рабіла нешта такое ў краіне...», — кажа Андрэй Палуда.

«Аднак ёсьць апошняя ініцыятыва Міністэрства ўнутраных спраў пра тое, што супрацоўнікі МУС могуць хадзіць на службе ў цывільным і складаць пратаколы. Гэта таксама нараджае вэрсіі, што гэта маглі быць міліцыянты», — дадае Палуда.

«Да таго ж усе памятаюць маўклівыя акцыі пратэсту... Удзельнікаў закідвалі ў аўтазакі і машыны бяз нумароў. Вось гэтая паралель таксама наводзіць на думку пра сьлед сілавых структураў. Але гэта маглі быць і не супрацоўнікі міліцыі, а прадстаўнікі нейкіх іншых структураў».

«Я не казаў бы, што гэта была акцыя запалохваньня тых, хто прыяжджае ў Беларусь працаваць. Апошнім часам чыноўнікі, наадварот, заахвочваюць, каб людзі прыяжджалі. Краіне патрэбныя мігранты, бо не хапае сваіх працоўных рук», — канстатуе праваабаронца.

«З рэгістрацыяй замежнікаў у Беларусі дысцыпліны болей, чым у той жа Маскве. І такіх падзеяў, як у маскоўскім Бірулёве, у нас пакуль не ўзьнікала. Наколькі я ведаю, міграцыйная служба кантралюе сытуацыю».



Апэрацыя на «Экспабеле»


8 лістапада невядомыя людзі з цывільным, якія прадставіліся міліцыянтамі, затрымалі, зьбілі і вывезьлі ў лес гандляроў-замежнікаў, якія ня мелі рэгістрацыі.

Пацярпелыя гандляры — азэрбайджанцы, таджыкі, армяне — празь лідэра прадпрымальніцкага руху паскардзіліся Свабодзе на масавы гвалт з боку асобаў у цывільным, якія іх хапалі, білі, запалохвалі.

«Прыехалі каля 40 невядомых у цывільным на двух аўтобусах. Яны называліся міліцыянтамі, але дакумэнтаў не прад’яўлялі. Па двое невядомыя падыходзілі да кожнага гандлёвага месца, да гандляроў, якія працуюць на адкрытых радах і зьяўляюцца іншаземцамі — азэрбайджанцаў, армян, таджыкаў ды іншых. Калі тыя ня мелі з сабою дакумэнтаў для легальнай працы, іх забіралі, выводзілі ў аўтобус. Тых, у каго быў з сабою від на жыхарства, не чапалі. У аўтобусах іх вывозілі ў лес, у раён Курапатаў, і зьбівалі. У прыватнасьці, білі па нырках, душылі капюшонамі куртак, прымушалі прысядаць, запалохвалі, перапісвалі нумары тэлефонаў», — заявіў Таўстыка Радыё Свабода.

Паводле спадара Таўстыкі, усяго пацярпелі каля 40 чалавек.

У міліцыі Менскага раёну, на тэрыторыі якога знаходзіцца рынак «Экспабел», не пацьвердзілі, што такі інцыдэнт меў месца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG