Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Калі ў 1973 годзе мне было 15 гадоў і я слухаў музыку, пра якую хачу напісаць ніжэй, дык мяне тады і лупцоўкай не прымусілі б, каб я паслухаў песьні, скажам, трыццацігадовай або саракагадовай даўнасьці, ці то польскія, ці то расейскія, ці то амэрыканскія. Фрэнк Сінатра з «Strangers in the Night» або Васілій Салаўёў-Сядой з «Падмаскоўнымі вечарамі»? – і падумаць было сьмешна!!! – гэта ж такая мохам парослая старасьветчына ў параўнаньні з «Whole Lotta Love» Робэрта Планта або «Child in Time» Іэна Гілена...

А вось сёньня наступіў час, калі я хачу напісаць пра песьні саракагадовай даўнасьці, якія фармавалі мой музычны густ у юнацкі час, і мне прыходзіць у галаву няўмольнае пытаньне – а як жа да гэтай плантаўска-гіленаўскай старасьветчыны адносіцца цяперашняе пакаленьне 15-гадовых? Ці не глядзіць яно на музычны густ такіх дзядзькоў, як я, са зьдзеклівым спачуваньнем? Маўляў, рок-брантазаўры вы дохлыя, каму тыя вашы «Uriah Heep» і «Genesis» сёньня патрэбныя?! І наогул – пра што тое ўсё было?

Але мне неяк ня верыцца, што рок-музыка 1973 году сёньня ўжо нікога, акрамя майго пакаленьня, не зачэпіць... Вось паглядзіце самі, што тады зьявілася на музычным рынку. 1973 – ці ня самы шчодры год для музыкі, на якую можна наляпіць этыкетку classic rock. А калі ня самы шчодры, дык вельмі блізкі да такога...

1. Pink Floyd – «The Dark Side of the Moon» («Цёмны бок месяца»).


Пра гэты альбом я напісаў усё, што хацеў, у сакавіку сёлета, на 40-годзьдзе яго выхаду ў сьвет. Мабыць, тут варта дадаць толькі адну дробязь, якая ў гісторыі музыкі дакладна нічога ня значыць, але напэўна зьяўляецца часьцінкай легенды вакол гэтага выдатнага музычнага альбому. Басіст гурту Роджэр Уотэрс, які прыдумаў канцэпцыю альбому, напісаў усе словы песьняў і большую частку музыкі, пасьля заканчэньня працы ў студыі ўзяў фінальны запіс дахаты і даў яго паслухаць сваёй жонцы, бо сам ужо ня ведаў, што яны насамрэч стварылі – шэдэўр ці нешта пасрэднае. Жонка, паводле Ўотэрса, выслухаўшы альбом ад пачатку да канца, расплакалася. «І вось тады мне падумалася: Ага! Дык гэта, аказваецца, цалкам неблагая музыка. Толькі тады я стаў стопудова ўпэўненым, што людзям яна таксама спадабаецца» – прызнаўся Ўотэрс журналістам гадоў 30 пасьля запісу «The Dark Side of the Moon».

2. Led Zeppelin – «Houses of the Holy» («Дамы сьвятога»).


Гэта апошні зь вяршынных альбомаў «Led Zeppelin». Пасьля запісу чатырох папярэдніх, на якіх былі, прыкладам, такія клясычныя песьні, як «Babe, I'm Gonna Leave You», «Whole Lotta Love», «Since I've Been Loving You», «Stairway to Heaven» і «When the Levee Breaks», цяжка было запісаць нешта лепшае, але альбом «Houses of the Holy», скажам так, нічым ня горшы за папярэднія. У кожным разе, у альбоме ёсьць дзьве-тры песьні, якія ўтрымліваюць галаваскрутна высокі музычны ўзровень гурту: «The Song Remains the Same», «The Rain Song», «No Quarter». 1973 быў адначасова вяршынным годам у канцэртнай кар’еры «Led Zeppelin» – у ліпені Робэрт Плант, Джымі Пэйдж, Джон Пол Джонс і Джон Бонам далі тры неверагодна якасныя канцэрты ў залі Madison Square Garden у Нью-Ёрку. Фільм з тых канцэртаў, пад назвай «The Song Remains the Same», меў сваю прэм’еру ў кастрычніку 1976 году. Калі вы ня бачылі гэтага фільму, дык і ў палове не зразумееце, пра што я тут :)

3. Genesis – «Selling England by the Pound» («Прадаючы Англію па фунту»).


Для мяне гэта самы ўлюбёны альбом «Genesis» – аднаго з найбольш пасьпяховых ангельскіх рок-гуртоў, як у музычным, так і ў фінансавым сэнсе. Тады, калі ён выйшаў, альбом не здабыў такога прызнаньня, якое да яго прыйшло з часам. Зараз у шмат якіх рэйтынгах найлепшых альбомаў «прагрэсіўнага року» «Selling England by the Pound» нязьменна трапляе ў першую дзясятку. Некаторыя крытыкі лічаць, што гэты запіс зьяўляецца яшчэ і «найбольш ангельскім» рок-альбомам, як з увагі на музыку, якая нібыта мае быць «квінтэсэнцыяй ангельскасьці», так і з увагі на словы песьняў, у якіх поўна алюзій да брытанскай культуры і слоўных гульняў, зразумелых толькі ангельцам. Сама назва альбому таксама двухсэнсоўная – яна перакладаецца даслоўна як «прадаючы Англію фунтамі», але ў ёй можна адчуць і алюзію да лёсу вялікага амэрыканскага мадэрнісцкага паэта Эзры Паўнда, які падчас Другой сусьветнай вайны працаваў на італьянскім радыё, беручы ўдзел у прапагандысцкіх перадачах, скіраваных супраць удзельнікаў антыфашысцкай кааліцыі. Усім (не)зацікаўленым прапаную паслухаць далучаны аўдыёфайл з кампазыцыяй «Firth of Fifth» з гэтага альбому. Загаловак песьні ўсьмешліва абгульвае назву шатляндзкай затокі «Firth of Forth». Зьвярніце ўвагу на сольную партыю гітарыста Стыва Гакета ў другой палове песьні.



4. Paul McCartney & Wings – «Band on the Run» («Банда зьбягае»).


Без сумневу, гэта найлепшы сольны альбом Пола Макартні – музыкі, які ў «Бітлз» разам з Джонам Ленанам складаў геніяльны кампазытарскі тандэм на працягу сямі гадоў. Парадаксальна, адразу пасьля распаду «Бітлз» знакамітыя сольныя альбомы выдалі якраз калегі Макартні з гурту: Рынга Стар («Beaucoups of Blues»), Джордж Гарысан («All Things Must Pass») і Джон Ленан («John Lennon/Plastic Ono Band»). А Полу Макартні ўдалося вярнуцца да сваёй папярэдняй кампазытарска-выканаўчай формы толькі з чацьвёртага заходу. «Band on the Run» – незвычайна мэлядычны, цікавы і вясёлы альбом, якога можна слухаць з прыемнасьцю ў любым настроі і месцы. Паспрабуйце.

5. Dawid Bowie – «Alladin Sane» («Псыхічна здаровы Аладзін»).


Фэномэн Дэйвіда Боўі ў брытанскай рок-музыцы – не да канца для мяне зразумелы. Ну ясна, у яго ёсьць адна клясная песенька, «Space Oddity», і ён яшчэ пранікнёна выканаў песьню Жака Брэля «My Death», на канцэрце ў 1973... Але ж гэта было 40 гадоў таму ці нават яшчэ раней. А Боўі не пераставаў запісваць свае альбомы па сёньняшні дзень – апошні, дваццаць чацьвёрты па ліку студыйны альбом, Боўі выдаў сёлета. Чаго яго ўвесь час купляюць? Я, зразумела, купляю ад настальгіі, а чаго іншыя? «Alladin Sane», як для мяне, нічым асаблівым не адрозьніваецца ад пяці папярэдніх альбомаў Боўі і, пэўна ж, ад пяці наступных, якіх я ня слухаў. Але гэты альбом 1973 году – даволі салідная калекцыя песьняў з пэрыяду, калі Боўі выступаў у іміджы «фэмінізаванага касманаўта», пол якога (паводле сёньняшняй паліткарэктнай лексыкі – гендэр) цяжка было вызначыць. Такое 40 гадоў таму людзей у Англіі ўсё яшчэ моцна хвалявала. Зараз такія пытаньні хвалююць толькі беларусаў. Таму я і згадваю гэты альбом у сваім пераліку. Яго загаловак – гульня з выразам «a lad insane» (псыхічна ненармальны маладзён).

6. Mike Oldfield – «Tubular Bells» («Званы»).


Вось гэта, мабыць, самы неверагодны альбом 1973 году. Запісаў яго 19-гадовы хлопец, які ня толькі што скампанаваў усю музыку – якая і сёньня моцна хапае за сэрца – але і зайграў на ўсіх інструмэнтах, якіх там назьбіралася каля двух дзясяткаў. Шмат якія славутыя фірмы гуказапісу адхілілі дэбютны запіс Майка Олдфілда як «некамэрцыйны», і альбом урэшце выйшаў як першае выданьне новага лэйблу – Virgin Records – катапультаваўшы маладога мультыінструмэнталіста ў статус міжнароднай зоркі, а новай фірме гуказапісу зрабіўшы калясальную рэкляму ў музычным сьвеце. Олдфілду ў раскрутцы ягонай музычнай кар’еры, якая пасьпяхова трывае па сёньняшні дзень, дапамагло і тое, што пачатковая мэлёдыя з альбому была выкарыстаная ў саўндтрэку культавага фільму Ўільяма Фрыдкіна «Экзарцыст» з 1973 году. Дзякуючы гэтаму музыка з альбому «Tubular Bells» – два інструмэнтальныя кавалкі па прыблізна 24 хвіліны кожны – адразу патрапіла на шмат якія камэрцыйныя радыёстанцыі, нягледзячы на свой «нерадыйны фармат». І паехала-пайшло...

7. Black Sabbath – «Sabbath Bloody Sabbath» («Крывавы шабаш»).


Гэта пяты альбом гурту «Black Sabbath», чыё імя непарыўна зьвязана зь першапраходцамі клясычнага року ў жанры «хэві-мэтал». Голас Озі Озбарна і гітара Тоні Аёмі – распазнавальныя для ўсіх прыхільнікаў як мэталу, так і лягчэйшых рэчываў, калі можна так выказацца. Увесь той д’ябальска-пякельны антураж, які ствараў вакол сябе гурт у сваім клясычным пэрыядзе, можа выклікаць іранічную ўсьмешку ў сёньняшніх паклоньнікаў разнастайных мэталаў («трэшавага», «сьмяротнага», «пагібельнага», «чорнага», «экстрэмальнага», etc.), але і гэтыя паклоньнікі ня могуць не прызнаць, што кампазыцыі Тоні Аёмі утрымліваюць у сабе залатыя самародкі незвычайнага таленту. А калі ўсьвядомім, што гітарыст «Black Sabbath» у юнацкім узросьце страціў на нейкай фабрыцы падушачкі сярэдняга і безыменнага пальцаў правай рукі і думаў наогул кінуць граць на гітары, дык зразумеем, якім магутным музыкантам ён зьяўляецца. Каб граць, Тоні Аёмі выкарыстоўвае адмысловыя пратэзы замест страчаных падушачак (ён трымае грыф гітары правай рукою) і адмыслова строіць інструмэнт. Ня выключана, што якраз ад гэтага выпадку на фабрыцы і пайшоў непаўторны гук «Black Sabath». Паслухайце песьні «Sabbath Bloody Sabbath», «A National Acrobat» i «Spiral Architect» з гэтага альбому, і вы зразумееце, наколькі гэта непаўторна...

8. Tom Waits – «Closing Time» («Час закрываць»).


Кожны альбом Тома Ўэйтса – сьвята ў сусьветнай музыцы. «Closing Time» зьяўляецца ягоным дэбютным запісам, то бок «сьвятам, якое заўсёды з табой». Калі гэты альбом зьявіўся, усім стала ясна – кім быў Джэк Кэруак у амэрыканскай літаратуры, тым Том Уэйтс стаў для амэрыканскай музыкі: непрыкаяным бітнікам, валацугам і маргіналам, у якога натоўпы прыхільнікаў і фанаў ва ўсіх закутках сьвету. Да сёньняшняга дня Том Уэйтс выдаў сямнаццаць студыйных албомаў ды каля дзясятка канцэртных запісаў і розных кампіляцый тыпу «the best of». Можаце верыць або не, але ўсе гэтыя альбомы ў мяне ёсьць...


9. Bob Marley & The Wailers – «Catch a Fire» («Загарыся»).


Гэта музыка рэгі ў сваім найбольш чыстым і дасканалым выкананьні. Ну што тут яшчэ сказаць? «Catch a Fire» – адзін з доўгага шэрагу шэдэўральных альбомаў гэтых ямайскіх «хаўтурных плакальшчыкаў». Кажуць, Боб Марлі з калегамі запісалі яго, каб аддаць пазыку прадусэру, ад якога ўзялі грошы на квіткі, каб вярнуцца з Англіі на Ямайку. Што ж, відаць, гэта той выпадак, пра які кажуць – таленту не прап’еш... Мае ўлюбёныя песьні з гэтага альбому: «Concrete Jungle», «400 Years», «Kinky Reggae» і, праўду сказаўшы, усе астатнія.



10. Emerson, Lake & Palmer – «Brain Salad Surgery» (слэнгавая назва аральнага сэксу).


Гэта чацьвёрты студыйны альбом самага славутага супэр-гурту першай паловы 1970-х, які складалі клявішнік-віртуоз Кіт Эмэрсан (раней выступаў з «The Nice»), гітарыст, бас-гітарыст і вакаліст Грэг Лэйк (раней у «King Crimson») ды бубнач Карл Палмэр (раней у «Atomic Rooster»). Цяжка знайсьці больш дасканалы рок-альбом у сэнсе віртуознасьці выканаўцаў, чым гэты... Але – гэтая віртуознасьць выразна заглушае выканаўчую спантаннасьць, якая ў рок-музыцы мае ня меншае значэньне, чым усё іншае. Часам мне думаецца, што ўвесь той жахлівы панк-рок узьняўся ў другой палове 1970-х як бунт якраз супраць такіх гуртоў, як «Emerson, Lake & Palmer»... Тым ня менш – «Brain Salad Surgery» зьяўляецца не такім і благім сьведчаньнем памкненьня рок-музыкаў пазмагацца за пальму музычнага першынства з музыкамі сымфанічных і іншых аркестраў.
(заканчэньне будзе)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG