Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма цёмнага боку Месяца


Гэтымі днямі мінае 40 гадоў з часу, калі брытанскі рок-гурт «Пінк Флойд» выдаў свой фэнамэнальны альбом «Dark Side of the Moon» («Цёмны бок Месяца»). Першы наклад альбому быў выдадзены пад назвай «The Dark Side of the Moon», але ў наступных выданьнях пачатковы артыкль быў зьняты.

Найвышэйшая ліга

Ацэньваецца, што да сёньня на сьвеце разышліся прыблізна 50 мільёнаў асобнікаў гэтага альбому з 1973 году. Таксама ацэньваецца, што большым накладам, чым «Dark Side of the Moon», прадаліся толькі два альбомы: «Thriller» амэрыканскага поп-сьпевака Майкла Джэксана (1982) і «Back in Black» аўстралійскага рок-гурту «AC/DC» (1980).

І ў Майкла Джэксана, і ў «AC/DC» ёсьць свае паклоньнікі, якім даказваць, што гэтых выканаўцаў называць разам зь «Пінк Флойд» не выпадае — марная справа. Дый, мабыць, ня варта параўноўваць канцэптуальны альбом прагрэсіўнага року «Пінк Флойд» з поп-музыкай Джэксана і хэві-мэталам «AC/DC». І маё пакаленьне, якое хадзіла ў старэйшыя клясы ў эпоху, калі на сьвеце зьявіўся альбом «Dark Side of the Moon», такіх параўнаньняў ніколі потым не рабіла. Джэксан і «AC/DC» — гэта былі пэрсанажы, так сказаць, зь іншых музычных казак. А «Пінк Флойд» — яны былі з той самай казкі, што «Led Zeppelin», «King Crimson», «Deep Purple», «Yes», «Genesis», «Camel»...

Пашанцавала з гукаапэратарам

Альбом быў запісаны ў славутай студыі «Abbey Road» у Лёндане падчас дзьвюх сэсій: адной у 1972 годзе і другой у пачатку 1973-га. Гэта быў восьмы па ліку студыйны альбом «Пінк Флойд», але першы, калі музыкі нічога не імправізавалі ў студыі, а мелі загадзя падрыхтаваны поўны музычны матэрыял. Амаль год часу да запісу гурт выконваў песьні з новага альбому на канцэртах, з выступу на выступ удасканальваючы іх гучаньне.

Ды ўсё ж тое, што выйшла са студыі, адрозьніваецца ад канцэртных вэрсій, як неба ад зямлі. І ў вялікай меры дзякуючы музычнаму тэхніку Алану Парсансу, які ў той час працаваў на фанаграфічную кампанію «EMI» у студыі «Abbey Road». Камэрцыйны посьпех альбому «Dark Side of the Moon» учыніў музыкаў «Пінк Флойд» мільянэрамі і сусьветнымі славутасьцямі, тым часам як Парсанс, які ўнёс кучу новых ідэй у альбом пры запісе, не атрымаў ніякага дадатковага ганарару акрамя сваёй рэгулярнай мізэрнай зарплаты. Ды ўсё ж Парсанс, як здаецца, нядоўга адчуваў крыўду да музыкаў «Пінк Флойд». У праменьнях славы ад альбому «Пінк Флойд» Парсанс стварыў свой уласны музычны праект, «The Alan Parsons Project», і разам зь піяністам і сьпеваком Эрыкам Вулфсанам выпусьціў сэрыю вельмі ўдалых з камэрцыйнага і мастацкага гледзішча альбомаў.

Вар'яцтва як скразная тэма

«Цёмны бок Месяца» — гэта так званы канцэптуальны альбом, у якім усе песьні спалучаныя адной агульнай ідэяй. Гэтую ідэю ў 1971 годзе прапанаваў басіст гурту Роджэр Ўотэрз — давайце, маўляў, запішам альбом пра «рэчы, якія даводзяць чалавека да вяр’яцтва». Гэта не была толькі чыстая прыхамаць Ўотэрза, але і горкі жыцьцёвы досьвед гурту — наркотыкі давялі да псыхічнай хваробы гітарыста і вакаліста Сыда Барэта, заснавальніка «Пінк Флойд», якога ў 1968 годзе Ўотэрз, клявішнік Рычард Райт і бубнач Нік Мэйсан былі вымушаныя замяніць гітарыстам Дэйвідам Гілмарам з увагі на штораз больш неадэкватныя паводзіны Барэта на сцэне і па-за ёю. Іншыя скразныя тэмы альбому, акрамя вар’яцтва, закранаюць сквапнасьць і багацьце (песьня «Money»), прамінаньне і сэнс жыцьця (песьні «Breathe» і «Time»), канфлікты і войны (песьня «Us and Them»). Наўпрост вар’яцтва датычаць песьні «Brain Damage» і «Eclipse».

На альбоме знайшоўся таксама запамінальны інструмэнтальны кавалак пад назвай «On the Run» (галоўная тэма — страх перад сьмерцю), у якім Ўотэрз і Гілмар вельмі цікава выкарысталі найноўшы цуд электронікі таго часу — сынтэзатар Synthi-A (вэрсія VCS3) з сэквэнсэрам.

Геніяльны вакаліз

І ёсьць там яшчэ «песьня бяз словаў» — «The Great Gig in the Sky» («Вялікае шоў на небе») — спакойная і прыгожая кампазыцыя клявішніка Рычарда Райта, да якой імправізаваны вакаліз насьпявала Клэр Торы (Clare Torry), штатная вакалістка студыі «Abbey Road». Вакаліз Клэр Торы (які яна пасьля выкананьня назвала «забаўным лямантам» і амаль адразу пра яго забыла) — стаў тым, што надало гэтай кампазыцыі геніяльнасьць і, паводле шмат якіх музычных крытыкаў, спалучыла ўсе матывы і тэмы альбому ў гэтай адной песьні бяз словаў. Як і Парсанс, Торы атрымала ўсяго мізэрны грош за свой геніяльны ўклад у запіс альбому, і толькі значна пазьней да яе дайшло, што за гэты ўклад яе як мінімум павінны былі дапісаць як аўтарку песьні «The Great Gig in the Sky» дый выплаціць ёй прыстойную суму грошай.

Існуе фільмовы запіс працы гурту над альбомам «Dark Side of the Moon» у студыі «Abbey Road» у 1972 годзе. Францускі рэжысэр Адрыян Мабэн, які зрабіў выдатны музычны фільм пра «Пінк Флойд», запісаўшы іх канцэрт у пустым рымскім амфітэатры ў Пампэях у Італіі, частку фільму зьняў таксама ў студыі «Abbey Road», дзе гурт якраз працаваў над запісам свайго славутага альбому. Цікава, што з тых размоваў Гілмара, Ўотэрза, Райта і Мэйсана, якія зьявіліся ў фільме Мабэна, ніяк не вынікае, што музыкі ўсьведамлялі, што працуюць над нечым эпахальным, што скалане ўвесь сьвет рок-музыкі ды ўчыніць іх мільянэрамі і сусьветнымі зоркамі.

Але так яно сталася.

Звычайныя галасы

Уотэрзу перад заканчэньнем працы над альбомам прыйшла ў галаву ідэя, каб запісаць кароткія выказваньні розных «звычайных» людзей са студыі «Abbey Road» ды ўплесьці іх у музычны наратыў альбому. Ён напрыдумляў кучу пытаньняў накшталт «ці ты баісься сьмерці?», «ці ня думаеш ты, што некалі звар’яцееш?», «калі ты апошні раз камусьці нагрубіў?», пазапісваў іх на аркушыкі паперы ды падсоўваў усім, каго толькі ні сустракаў у студыі, і запісваў на магнітафон адказы. Чым больш спантанныя былі адказы, тым лепей было для справы. Амаль у кожнай песьні чуюцца галасы, якія кажуць нешта накшталт: «Я не баюся сьмерці. Я магу памерці ў кожную хвіліну: мне напляваць. Чаго мне баяцца?» або «Няма ніякага цёмнага боку Месяца. Насамрэч ён увесь цёмны». Гэтыя выказваньні, які і ўсе іншыя «пабочныя» гукавыя эфэкты — біцьцё чалавечага сэрца на пачатку, мужчынскі сьмех, жаночы крык, бразгат манэтаў, вызвоньваньне гадзіньнікаў — ствараюць непаўторную атмасфэру альбому і надаюць мастацкую «вязкасьць» усёй канцэптуальнай задуме.

Ня думалі зарабіць, але давялося

Камэрцыйны посьпех альбому быў ашаламляльны. Літаральна за лічаныя тыдні музыкі «Пінк Флойд» сталі неверагодна багатымі людзьмі. Клявішнік Рычард Райт, які памёр у 2008 годзе, некалі сказаў пра гэты посьпех так:

«Альбом зьмяніў маё жыцьцё ў шмат якіх адносінах, таму што ён прынёс шмат грошай, і вы адчуваеце сябе вельмі забясьпечаным, калі ваш альбом прадаецца бесьперапынна два гады. Але гэта не зьмяніла маіх адносінаў да музыкі. Нават калі альбом аказаўся такім пасьпяховым, ён быў зроблены такім самым чынам, як і ўсе іншыя нашы альбомы, і адзіным крытэрам запісу музыкі для нас засталося пытаньне — падабаецца нам гэта ці не? Гэта не была наўмысная спроба зрабіць камэрцыйны альбом. Проста так атрымалася».

Атрымалася нешта сапраўды выдатнае. Праз 40 гадоў гэты альбом усё яшчэ няблага прадаецца, і новыя пакаленьні слухачоў далучаюцца да мільёнаў тых, якія пераканаліся раней, што «Пінк Флойд» — гэта і вельмі якасна, і вельмі цікава, і вельмі прыемна. Дый як можа быць іначай, калі пасьля біцьця сэрца і ашалелага крыку з уступу «Speak To Me», вы чуеце нейчы голас, які кажа «Я быў вар’ятам усе гэтыя клятыя гады», а потым гітару і вакал Гілмара, які пачынае сьпяваць нешта накшталт:

Удыхні, паветра ў грудзі тхні
Ня бойся гэтай мітусьні
Ідзі, але не пакідай мяне
Наўкола глянь і выбар свой зрабі.
Але куды б ты ні ўзьляцеў і колькі б ты ні жыў
Каму б ты ні ўсьміхаўся і колькі б сьлёз ні ліў
Тваё жыцьцё заўсёды будзе жыць адно з табой
Яно ня больш, чым згледзіш вокам і кранеш рукой.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG