Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч: ня стаць палітыкам аднаразовага карыстаньня


Аляксандар Мілінкевіч

Аляксандар Мілінкевіч

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч патлумачыў Свабодзе, ці будзе ён сам вылучацца на наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Раней ён заявіў, што патрэбны малады кандыдат, малады канкурэнт Аляксандру Лукашэнку.

«Не, мая пазыцыя не зьмянілася. Я, калі будзе трэба і калі б сказала большасьць людзей у дэмакратычнай супольнасьці, што я патрэбен, я б пайшоў на выбары. Але я кажу, што трэба думаць стратэгічна. Выбары — гэта не гульня ў палітыку. А выбары — гэта вельмі сур’ёзны іспыт для апазыцыі. І калі яна будзе проста гуляцца ў палітыку, калі апазыцыя будзе задавальняць свае эгаістычныя інтарэсы і асабістыя амбіцыі, то мы зноў прагуляемся. Трэба думаць пра будучыню, і самае галоўнае, каб рэйтынг апазыцыі ў такіх выбарах падняўся, каб яна заваявала большы аўтарытэт, чым сёньня. Вельмі нізкі стан апазыцыі. А па-другое, хацелася б, каб чалавек, на якога будзе большасьць працаваць (я маю надзею, што апазыцыя аб’яднаецца), — каб гэты чалавек ня быў палітыкам аднаразовага карыстаньня. А каб ён служыў, калі выбары будуць такія, як пры Лукашэнку, каб ён быў і на потым. І апазыцыя была аб’яднаная і зь відавочным лідэрам. А для гэтага павінен быць малады чалавек, палітычна малады».

Карэспандэнт: «А калі будзе знойдзены такі палітычна малады кандыдат і вам таксама прапануюць вылучыць сваю кандыдатуру, вы яе вылучыце?»

Мілінкевіч: «З задавальненьнем працаваў бы на больш маладога чалавека, які быў бы пэрспэктыўны для Беларусі, для эўраінтэграцыі, для дэмакратызацыі краіны. У мяне такіх абсалютных амбіцыяў ніколі не было, што толькі я, я самы лепшы. Амбіцыі ў параўнаньні зь лёсам Беларусі — нішто».

Карэспандэнт: «А каго вы бачыце ў якасьці гэтага маладога кандыдата на прэзыдэнта? Вы можаце цяпер назваць некалькі імёнаў?»

Мілінкевіч: «Не, цяпер такое прозьвішча не назаву. І шчыра скажу, што ня ведаю, каго сёньня можна зрабіць адзіным кандыдатам. Бо мала таго, што ён павінен любіць Беларусь, павінен быць шчырым чалавекам, дасьведчаным. Усё ж у яго павінна быць яшчэ і біяграфія. Многа ёсьць выдатных людзей, але людзі, калі будуць галасаваць на выбарах, заўсёды запытаюцца: а што ён зрабіў у жыцьці, а чым ён кіраваў — горадам, заводам, ці, можа, быў міністрам? І гэта для людзей вельмі важна. Мала быць сумленным чалавекам, адукаваным, трэба мець яшчэ і жыцьцёвы досьвед, каб прэтэндаваць на пасаду прэзыдэнта».

Карэспандэнт: «А як можна абраць такую кандыдатуру, такога маладога палітыка, які б аб’яднаў усіх?»

Мілінкевіч: «Што б там ні казалі, праймэрыз ці кангрэс, самае галоўнае — гэта дамоўленасьць і добрая воля палітычных лідэраў. Яны павінны дакладна ведаць, якую ставяць мэту. Бо на сёньняшні дзень мы нават не абмяркоўвалі, якая мэта на выбарах. Ну, калі Лукашэнка ўдзельнічае, ён сам сябе прызначыць. Але ўсё роўна на гэтых выбарах трэба выйграць у думках людзей. І вось — якая мэта? Па-другое, ці гэта будзе чалавек для таго, каб пагуляцца ў кампанію, ці гэта будзе чалавек, які стане пасьля выбараў лідэрам апазыцыі? І для самой апазыцыі, і для грамадзтва».

Карэспандэнт: «Вы казалі: калі Лукашэнка будзе браць удзел у наступных прэзыдэнцкіх выбарах, то выбараў ня будзе. Але гэта не азначае, што трэба байкатаваць гэтую прэзыдэнцкую кампанію? Трэба ўсё ж удзельнічаць?»

Мілінкевіч: «Я заўсёды быў прыхільнікам удзелу, нават у несумленных выбарах. Вельмі важна, каб грамадзтва ўсьведамляла, што ёсьць альтэрнатыва разумная, пэрспэктыўная. Бо інакш дэпрэсія ў грамадзтве яшчэ больш будзе павялічвацца. Трэба сказаць шчыра, што людзі хочуць пераменаў, але абсалютна ня ведаюць, хто рэалізуе такія перамены, хто можа гэта зрабіць. І на выбарах трэба прадэманстраваць, што такія людзі ёсьць, ёсьць група людзей, ёсьць лідэр. Ну, а без удзелу ў выбарах мы скажам сваё „фэ“, але каму гэта цікава? Людзі хочуць ведаць: хто? Хто будзе рабіць тое, што так патрэбна радзіме?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG