Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі зьбіраюцца страйкаваць з 1сьнежня


Удзельнікі і лёзунгі прадпрымальніцкага форуму

Удзельнікі і лёзунгі прадпрымальніцкага форуму

Прадпрымальнікі з усіх рэгіёнаў Беларусі сабраліся ў Менску, каб абмеркаваць наступствы ўвядзеньня ў дзеяньне тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу.

Адпачатку плянавалася, што новыя нормы набудуць моц ад сярэдзіны 2014 году, аднак пры канцы мінулага тыдня віцэ-прэм’ер, старшыня Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва Пётар Пракаповіч заявіў, што ўжо ад 1 сьнежня ня змогуць працаваць тыя, хто ня будзе мець сэртыфікатаў адпаведнасьці прадукцыі на якасьць і бясьпеку.

У выпадку адмовы ўладаў выканаць іх патрабаваньні прадпрымальнікі зьбіраюцца пачак агульны страйк з 1 сьнежня.

Тэма форуму прадпрымальнікаў, арганізаванага аб’яднаньнем «Пэрспэктыва», фармулявалася гэтак: «Тэхнічны рэглямэнт Мытнага саюзу (сэртыфікацыя) — беларускае пытаньне». Пра актуальнасьць тэмы сьведчыла падвышаная цікавасьць да мерапрыемства: канфэрэнц-заля гатэля «Юбілейны» не ўмясьціла ўсіх ахвотных, людзі стаялі ня толькі ўздоўж сьцен і ў праходах, а нават у фае. Аплядысмэнтамі сустракалі кожны рэгіён, які выправіў у сталіцу сваіх вылучэнцаў: Берасьце, Віцебск, Гомель, Горадня, Ворша, Маладэчна, Мядзел, Пінск, Салігорск, Сьветлагорск, Слонім, Рагачоў.

Ва ўступным слове лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка нагадаў, што вынікам незадаволенасьці прадпрымальнікаў новымі ўмовамі працы стаў папераджальны страйк у чэрвені, пасьля якога Шумчанку асудзілі на 5 сутак арышту за «несанкцыянаваную акцыю». Аднак выглядае, што ўлады не зьбіраюцца чакаць наступнага году і маюць намер ускласьці на гандляроў новыя абавязкі ўжо сёлета:

«Старшыня Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва робіць заявы, якія прывядуць да каляпсу ўсяго прадпрымальніцтва ў Беларусі, што ніяк не стыкуецца з ранейшымі абяцаньнямі. Пракаповіч 31 кастрычніка расказаў пра рэальныя крокі ўладаў у адносінах да малога бізнэсу. Патрабаваньні распрацаванага ў нетрах бюракратычнага апарату Эўразійскай эканамічнай камісіі тэхнічнага рэглямэнту бясьпекі тавараў лёгкай прамысловасьці, сумнеў у мэтазгоднасьці ўвядзеньня якога ўжо заяўлялі і самі распрацоўнікі, у Беларусі плянуецца ўкараніць датэрмінова. На нашу думку, тэхрэглямэнт ня мае ніякай іншай мэты, апроч як выцесьніць з айчыннага спажывецкага рынку індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы, якія былі загнаныя ў гэтыя ўмовы дырэктыўнымі мэтадамі».

Па словах спадара Шумчанкі, фізычна немагчыма атрымаць сэртыфікат на кожную адзінку тавару, прадстаўленую ў гандлёвых сетках. Да таго ж далёка ня ўсе пастаўшчыкі ў той жа Расеі гатовыя выканаць такія запыты беларускіх гандляроў. Апроч таго, прадпрымальнікаў рэальна «разводзяць» на грошы — толькі першапачатковы этап сэртыфікацыі пацягне ў эквіваленце на 1000 даляраў для кожнага, а канчатковых выдаткаў ня могуць спрагназаваць нават у афіцыйных інстанцыях.

Дарэчы, запрошаныя да сумеснай працы прадстаўнікі дзяржавы зь міністэрстваў эканомікі, гандлю, аховы здароўя, Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі форум праігнаравалі. Толькі пад сярэдзіну імпрэзы падышоў начальнік управы гандлю профільнага ведамства Андрэй Мяшкоў, які быў вымушаны супрацьстаяць масіраванай атацы прысутных. Між тым чыноўнік канстатаваў, што наўрад ці нешта зьменіцца, бо такія правілы дыктуе Мытны саюз:

«Сапраўды, мы сталі больш уважліва ставіцца да пытаньня наяўнасьці адпаведных дакумэнтаў — ня толькі таварасуправаджальных, але ў тым ліку і зьвязаных з сэртыфікацыяй, дэкляраваньнем тавараў. Апошнія тры-чатыры дні паказалі, што ў бальшыні абласных і раённых цэнтраў да ўсяго гэтага паставіліся з дастатковым разуменьнем. Таму пра тое, што народ у асобах наймальнікаў ці найманых работнікаў, якія стаяць на рынках на гандлёвых месцах, нічога пра гэта ня ведаў, гаварыць не выпадае. Пра такія патрабаваньні 99,9% зацікаўленых людзей ведалі. Калі мы па выніках маніторынгу будзем бачыць усе тыя вузкія месцы, пра якія вы мне на ўсе галасы зь месцаў заяўляеце, на ўсе заявы будзе адпаведнае рэагаваньне».
Улетку прадпрымальнікі прадэманстравалі, як могуць выглядаць гандлёвыя цэнтры пасьля ўвядзеньня тэхрэглямэнту

Улетку прадпрымальнікі прадэманстравалі, як могуць выглядаць гандлёвыя цэнтры пасьля ўвядзеньня тэхрэглямэнту


Ад пачатку лістапада кампэтэнтныя органы распачалі праверку дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў. Ёсьць першыя сыгналы зь месцаў, што калі заўвагі ня будуць выпраўленыя да сярэдзіны месяца, супраць парушальнікаў ужывуць матэрыяльныя санкцыі. Як зазначылі ўдзельнікі форуму, ні ў Расеі, ні ў Казахстане карная машына не працуе так, як у Беларусі. А гэта, на думку актывіста «Пэрспэктывы» Вячаслава Піліпука, сьведчыць толькі пра тое, што, адрозна ад партнэраў па Мытным саюзе, Менск дыстанцыяваўся ад абароны інтарэсаў уласных грамадзянаў:

«Чаму ўлады не адстаялі наша права перад наднацыянальным органам, не паказалі, што мы ня можам апрыёры мець суправаджальных дакумэнтаў? Перадусім таму, што мяжа Расейскай Фэдэрацыі „дзіравая“. Нашы прадпрымальнікі закупляюць тавары на аптовых рынках. Масквічы на гэтых аптовых рынках ніякіх суправаджальных дакумэнтаў не даюць. Такім чынам, Міністэрства гандлю сваёй пастановай ставіць усіх прадпрымальнікаў па-за законам. Усяго адным дакумэнтам. Дык чаму вы праігнаравалі правы сваіх жа прадпрымальнікаў перад Эўразійскай эканамічнай камісіяй? Мы ня супраць сэртыфікацыі. Але мы кажам: каб можна было завозіць сюды сэртыфікаваны тавар, будзьце ласкавыя, дамагайцеся як прадстаўнікі Рэспублікі Беларусь ад камісіі таго, каб нашы прадпрымальнікі працавалі ў роўных умовах з прадпрымальнікамі Расеі і Казахстану».

У выпадку адмовы ўладаў сесьці за стол перамоваў з прадпрымальніцкай супольнасьцю актывісты не выключаюць паўтарэньня чэрвеньскіх падзеяў, калі дзясяткі тысяч гандляроў па ўсёй краіне спынілі працу на знак пратэсту супраць захадаў, якія неабгрунтавана ўскладняюць іх існаваньне. Канчаткова пытаньне будзе вырашанае 25 лістапада на апошняй папераджальнай нарадзе.

Паводле статыстыкі, цяпер прыватнікі забясьпечваюць больш за 40% абутковага рынку краіны і дзьве траціны рынку трыкатажу і верхняй вопраткі.
XS
SM
MD
LG