Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылася канфэрэнцыя Нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства».

У пасланьні да ўдзельнікаў саміту «Ўсходняга партнэрства», які пройдзе напрыканцы лістапада ў Вільні, удзельнікі канфэрэнцыі выказалі пажаданьне, каб Эўразьвяз зьвярнуў больш пільную ўвагу на праблемы Беларусі.

Неабходнасьць пасланьня нацыянальны каардынатар Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» Андрэй Ягораў патлумачыў Свабодзе так:

«Мы вельмі непакоімся, што пасьля саміту „Ўсходняга партнэрства“ ўсе краіны будуць падзеленыя на дзьве няроўныя часткі. Да тых краінаў, якія адстаюць у працэсе эўрапэізацыі і ня робяць спробаў збліжэньня з Эўразьвязам, увага з боку Брусэля вельмі моцна зьнізіцца. І Беларусь можа трапіць у гэты шэраг. Гэта непажаданы варыянт разьвіцьця падзеяў. Таму мы б не хацелі, каб ва „Ўсходнім партнэрстве“ адбылася такая сэгрэгацыя. А хочам, каб Беларусь захавалася ў пэўным статусе ўнутры „Ўсходняга партнэрства“. І каб да яе ўвага была нават павялічаная. Бо праблемным краінам трэба аддаваць больш увагі, каб тут нешта зьмянялася і рухалася ў правільным кірунку».

Беларусі трэба шмат працаваць на эўрапейскім кірунку, бо яна адрозьніваецца ад іншых удзельнікаў праграмы «Ўсходняе партнэрства», — лічыць старшыня рабочай групы Асамблеі дэмакратычных арганізацыяў Беларусі Сяргей Мацкевіч:

«Тое, што камунікацыі паміж няўрадавымі арганізацыямі і ўрадамі ў іншых краінах іншыя, гэта так. Хіба толькі Азэрбайджан набліжаецца да нашай сытуацыі. Ва ўсіх іншых краінах кантакты ў той ці іншай ступені адбываюцца. А ў трох краінах — Украіне, Малдове, Грузіі — яны наагул на даволі добрым роўні. Гэта вынікае з таго, што названыя тры краіны імкнуцца да больш шчыльнага супрацоўніцтва з Эўропай. І таму ў іх камунікацыі на значна вышэйшым роўні, асабліва ў параўнаньні з такімі краінамі з аўтарытарнымі тэндэнцыямі, як Беларусь і Азэрбайджан».

На падтрымку Брусэля спадзявацца трэба. Але неабходна падвышаць і ўласную актыўнасьць, лічыць кіраўнік зарэгістраванай у Літве публічнай установы «Ліга разьвіцьця дэмакратыі — грамадзянскі вэрдыкт» Ігар Рынкевіч:

«Мы адзіная краіна ў блёку „Ўсходняга партнэрства“, якая ня мае працоўных групаў. А гэта азначае, што мы ня маем спэцыялізацыі і пэўнага сярэдняга роўня кіраваньня ў Нацыянальнай плятформе Беларусі па тэматычных плятформах. А іх усяго пяць.

Я больш зацікаўлены ў працоўнай групе нумар 1. Яна тычыцца праваабарончай тэматыкі, выбараў, мэдыяў. Насьпеў час узмацніць нашы групоўкі па тэматычных кірунках. І маё чаканьне ад сёньняшняй канфэрэнцыі, што яна надасьць імпульс гэтаму працэсу. Гэта дасьць магчымасьць больш актыўна ўдзельнічаць у працэсах „Усходняга партнэрства“ з боку грамадзянскай супольнасьці Беларусі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG