Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь будзе на Віленскім саміце, нават калі ня вызваліць палітзьняволеных


Турб’ёрн Сульстрэм (зьлева) і Яраслаў Браткевіч (справа)

Турб’ёрн Сульстрэм (зьлева) і Яраслаў Браткевіч (справа)

Такую заяву зрабілі для журналістаў генэральны дырэктар палітычнага дэпартамэнту МЗС Швэцыі Турб’ёрн Сульстрэм і палітычны дырэктар Міністэрства замежных спраў Польшчы Яраслаў Браткевіч.

У складзе дэлегацыі польскіх і швэдзкіх дыпляматаў яны знаходзяцца зь візытам у Беларусі напярэдадні Віленскага саміту «Ўсходняга партнэрства», які адбудзецца ў лістападзе.

Сульстрэм і Браткевіч паведамілі, што асноўная перашкода для паўнавартаснага ўдзелу Беларусі ў праграме «Усходняе партнэрства» — наяўнасьць у краіне палітзьняволеных.

«Мы цьвёрда сказалі нашым суразмоўцам у МЗС і Адміністрацыі прэзыдэнта, што пара ўжо зьнішчыць гэтыя перашкоды», — паведаміў Сульстрэм.

Аднак дакладнага адказу на пытаньне, калі і пры якіх умовах вызваляць палітзьняволеных, дыпляматы не атрымалі. «Нам сказалі, што праца вядзецца», — паведамляе Браткевіч.

«З боку Беларусі было б вельмі важным крокам, калі б да Віленскага саміту палітзьняволеныя былі вызваленыя. Аднак нават калі гэтага не адбудзецца, Беларусь будзе ўдзельнічаць у саміце», — выказаўся Сульстрэм.

«Мы сюды прыехалі ня біцца. Мы ня будзем дзейнічаць ультыматыўным парадкам, нам патрэбны дыялёг», — працягвае прадстаўнік польскага МЗС Яраслаў Браткевіч.

Дыпляматы мелі сустрэчы з намесьніцай міністра замежных спраў Купчынай і памочнікам па міжнародных справах Адміністрацыі прэзыдэнта Брылёвым.

Пытаньне пра тое, хто канкрэтна будзе прадстаўляць Беларусь на Віленскім саміце, падчас сустрэчаў не абмяркоўвалася.

На Віленскім саміце Беларусь ня будзе падпісваць ніякія дамовы з ЭЗ.

Таксама не чакаецца, што будзе прынятая адмысловыя рэзалюцыя па сытуацыі ў Беларусі.

«Гэта не заплянавана. Але ёсьць яшчэ час», — заключыў прадстаўнік Швэцыі Сульстрэм.


Дыпляматы: «Адсутнасьць дыялёгу паміж ЭЗ і Беларусьсю — не рашэньне»


Генэральны дырэктар палітычнага дэпартамэнту МЗС Швэцыі Турб’ёрн Сульстрэм і палітычны дырэктар Міністэрства замежных спраў Польшчы Яраслаў Браткевіч назвалі саміт у Вільні гістарычнай падзеяй.

Чакаецца, што Грузія і Малдова падчас саміту парафіруюць пагадненьне аб зоне вольнага гандлю з ЭЗ. Украіна ж падпіша пагадненьне аб асацыяцыі з ЭЗ. Дыпляматы заявілі, што вітаюць гэтыя крокі.

Дыпляматы паведамілі, што ўсьведамляюць ціск, які аказвае Расея на іншыя краіны — удзельніцы «Ўсходняга партнэрства».

«Для нас Усходняе партнэрства — гэта не геапалітычная гульня, — кажа Сульстрэм. — Гэта адказ на запыт ад нашых партнэраў на больш цеснае супрацоўніцтва».

У той жа час, адзначае Сульстрэм, «мы бачым некаторы ціск, які аказвае Масква, і лічым яго непрымальным».

У якасьці прыкладу Сульстрэм прыводзіць сытуацыю з забаронай на экспарт малдаўскіх вінаў у Расею.

«Мы нейкім чынам дапамаглі Малдове, павялічылі ўвоз малдаўскіх вінаў у ЭЗ». Але Малдова будзе на саміце парафіраваць пагадненьне аб зоне вольнага гандлю з ЭЗ. «Беларусь ніякіх падобных пагадненьняў парафіраваць не зьбіраецца, — кажа Сульстрэм. — Таму казаць пра нейкія падобныя крокі з боку ЭЗ не выпадае».

Прычына, на думку швэдзкага дыплямата, у тым, што Беларусь абрала ўваходжаньне ў Мытны зьвяз. «І мы паважаем ваш выбар», — кажа дыплямат.

Падчас Віленскага саміту не заплянавана падпісаньня ніякіх пагадненьняў зь Беларусьсю. «Мы спадзяёмся, што будуць зрухі паводле іншай праграмы — „Дыялёгу па мадэрнізацыі“, — кажа Браткевіч. — Апроч таго, падчас саміту будзем форум бізнэсу, і там, спадзяюся, для Беларусі адкрыюцца некаторыя магчымасьці».
XS
SM
MD
LG