Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад Беларусі да Сырыі: сутнасьць газавай вайны за 100 гадоў не зьмянілася


Сырыя выканала патрабаваньне міжнароднай супольнасьці — пад наглядам інспэктараў ААН зьнішчыла да 1 лістапада два дзясяткі заводаў у вытворчасьці хімічных узбраеньняў. Тысячы снарадаў з атрутным газам улады абяцаюць зьліквідаваць да сярэдзіны 2014 году. Тым часам Расея, якая выступае «адвакатам» палітычнага рэжыму Башара Асада, ад пачатку 1990-х ня можа зьліквідаваць уласныя запасы, рапартуючы, што пад прэс пайшло крыху больш за 70% арсэналу. Закрыць пытаньне Масква абяцае да 2016 году. Адметна, што ўпершыню хімічную зброю Расея выкарыстала амаль 100 гадоў таму ў Беларусі — у 1916-м атрутныя газы былі выпушчаныя па нямецкіх пазыцыях у Смаргоні.

Упершыню хімічная зброя была ўжытая ў 1915 годзе, падчас Першай усясьветнай вайны, у Бэльгіі. А вось наступным пляцдармам для выпрабаванняў стала тэрыторыя Беларусі: 12 кастрычніка таго ж году немцы пусьцілі атрутны газ пад Смаргоньню — першы раз на ўсходнім фронце. Праз год тым жа адказалі расейцы.

Як расказаў дасьледчык падзеяў той вайны, аўтар кнігі «Наша кроў у Смаргоні» Ўладзімер Лігута, яшчэ летам 1916 году расейская армія атрымала на ўзбраеньне вадкі газ. Падрыхтоўка да першай хімічнай атакі пачалася на двухкілямэтровым участку на поўначы Смаргоні ад ракі Віліі да паселішча Баровы Млын. Паводле суразмоўцы, за некалькі месяцаў да таго ў Магілёве вартасьці новай зброі асабіста ацаніў імпэратар Мікалай ІІ:

«Газавая вайна толькі пачыналася. Як я напісаў у кніжцы, жорсткасьць бакоў нарастала — рускія рыхтуюць сваю газавую вайну. Да 1916 году яны таксама распрацавалі газы як адзін з сродкаў вядзеньня бою, запрацавалі хімічныя заводы, у расейцаў ужо зьявіліся адгазьнікі — з маскамі, з каробкамі. Распрацаваныя хімічныя снарады, распрацаваныя балёны малыя і вялікія. І завезена на фронт. Незадоўга ў Магілёве ўсё гэта было паказана імпэратару — Вярхоўнаму камандуючаму. Прычым, дастаткова проста — пасадзілі ў вагон усялякую жыўнасьць і пусьцілі газы. Цар апрануў адгазьнік, яму адкрылі вагон і паказалі, чым гэта заканчваецца. Усё — наперад. І як вы думаеце, дзе ўжылі? Упершыню расейцы ў Першай усясьветнай вайне ужылі газ увосень 1916 году у нас, у Смаргоні. Дакладна, дзе мы зараз стаім, калёнія Баровы Млын. Гэта ёсьць у інтэрнэце, у разьдзеле „хімічная вайна“ — першая расейская газавая атака ў Смаргоні. Вось такая ў нас была старонка — цікавая, трагічная, але што было, тое было. Дык вось, з таго боку, на адлегласьці кілямэтру, рускія разьмясьцілі балёны, і ў 3 гадзіны ночы з 5 на 6 верасьня, калі быў зручны вецер, пусьцілі газ. Месяц дагэтуль адсочвалі ўмовы, працавала цэлая хімічная каманда, мэтэаролягі, бо мусіць быць стабільны вецер. І з 1047 балёнаў цягам 15 хвілінаў пускалі газы».
Уладзімер Лігута

Уладзімер Лігута


Ахвярамі газавых атакаў кожнага з варожых бакоў сталі тысячы салдатаў і мірных жыхароў. Немцы сваіх загінулых хавалі ў Крэве і Солах, расейцы — у братэрскіх магілах у Белай і Залесьсі. А ўвогуле ахвяры часьцяком знаходзілі апошні прытулак побач, на адных могілках. Тым ня меней, гаворыць Уладзімер Лігута, адмаўляцца ад «новых тэхналёгій» ніхто не зьбіраўся:

«Падчас першай жа атакі рускія за 15 хвілінаў выпусьцілі 13 тон газу. Але калі яны пачалі пускаць газ, немцы ўчынілі абстрэл. Якісьці час стралялі, потым батарэі іх падавілі. Але выпадкова патрапілі ў некалькі балёнаў — у прынцыпе, яны не ўзрываюцца, толькі газ выйшаў, але пачалі людзі задыхацца. І вецер зьмяніўся. Калі спачатку дзьмуў сюды, то раптам памяняўся і пайшоў уздоўж расейскіх акопаў. Тут жа вэнтылі пазачынялі. Потым расейская выведка выпаўзла ў назіраньне (задача ісьці ў атаку не стаяла, трэба было проста псыхалягічна праціўніка задушыць), паглядзелі і напісалі: эфэкт той, на які і разьлічвалі. Канечне, дзіка чытаць, але гэта вайна — немцы двое сутак прыбіралі забітых, у гэты час па іх не стралялі. Пасьля гэта практыка ўжываньня газавай зброі з абодвух бакоў толькі ўдасканальвалася — пускалі і расейцы, пускалі і немцы. Літаральна праз тры тыдні немцы ўчынілі дужа магутную газавую атаку пад Вішневам. Таксама ў нашым раёне, толькі крыху паўночней. Пусьцілі газ на 20 кілямэтраў у глыбіню. Дарэчы, увесь час тут праходзячы, газ пакідаў сьляды. Літаральна ўсе, хто прыяжджаў на гэты ўчастак фронту, згадваюць: прыкладна за 30 кілямэтраў, не даяжджаючы да Смаргоні, лес быў увесь жоўты, трава ўся жоўтая. Бо газы як шлі па ветры, так усё ператварылі ў выпаленую зямлю».
Прыкладна за 30 кілямэтраў, не даяжджаючы да Смаргоні, лес быў увесь жоўты

Як вынікае з дакумэнтальных хронікаў, асабліва страшнае відовішча пасьля газавых атакаў уяўлялі сабой імправізаваныя шпіталі. У расейцаў аказаньнем мэдычнай дапамогі і эвакуацыяй атручаных і параненых кіравала дачка пісьменьніка Льва Талстога, графіня Аляксандра Талстая. Прыём пацярпелых быў наладжаны ў вёсцы Залесьсе. Як кажа спадар Лігута, найперш пакутавалі маладыя салдаты, якія не маглі хутка зарыентавацца ў экстрэмальнай сытуацыі:

«І вось момант: трэба ж пасьпець у адгазьніку і прыцэліцца, і выстраліць. Можна толькі ўявіць, як гэта ў той сытуацыі было няпроста зрабіць ня толькі фізычна, але і псыхалягічна. Тым больш, калі гэта проста маска. Бо маска трымае лічаныя хвіліны. Газ, ён жа атрутны, ён жа прасочваецца. Значыць, трэба змочваць маску, у гэты ж момант цэліцца і па камандзе страляць ці не страляць. А калі гэта ў першы раз, у атмасфэры нэрвознасьці на мяжы псыхозу, то лёгка і разгубіцца. У мэмуарах многія згадваюць, як фэльдфэбэлі крычаць: мамак тут няма, спыніце раўсьці і плакаць! Нават такія моманты, чыста псыхалягічныя. Але гвардзейцы адбіваюць атаку. Больш за тое, выклікаюць падмацаваньне зь Белай, ідуць у штыкавую і выбіваюць немцаў. Натуральна, нямала забітых, параненых. Сьляды той бойкі бачныя нават у магіле — ляжыць салдат у масцы. Цаной такіх вось жыцьцяў атака ў кастрычніку 1915 году была адбітая. На шчасьце, зімой газы не ўжывалі — пры нізкіх тэмпэратурах газы страчваюць сваю лятучасьць, іншыя ўласьцівасьці. Але ўжо раньняй вясной, у красавіку 1916-га, немцы зноў пачалі пускаць газ. Гэта цягнулася практычна ўвесь год, а ў верасьні, як я ўжо казаў, свае атакі распачалі расейцы».

Паводле суразмоўцы, зводкі з фронту рэгулярна падавала газэта «Наша ніва». Пры гэтым Смаргонь у справаздачах фігуруе выключна як «мёртвы горад» — мірных жыхароў не засталося (мужчыны мабілізаваныя, жанчыны і дзеці вывезеныя ў тыл), вайскоўцы хаваюцца ў акопах ці бліндажах. Да канца вайны ад горада засталася толькі брукаванка:
Горад цалкам разбураны, навокал патрулі, нікога няма, усе толькі ў зямлянках, бліндажах, акопах

«У адной з такіх „Ніваў“ (бачыў арыгінал на двух аркушах) карэспандэнт піша: горад цалкам разбураны, навокал патрулі, нікога няма, усе толькі ў зямлянках, бліндажах, акопах. Можа, занадта патасна, але ў маім параўнаньні Смаргонь таго часу выглядае як Сталінград — горад разбураны, але горад ня ўзяты. Тое ж і тут. Далей журналіст апісвае, што сьцены руінаў чорныя. Але яны чорныя не ад пажару, які быў тут ужо даўно, а ад газаў, якія тут літаральна гадамі вісяць у паветры. І вось гэтыя газы афарбавалі сьцены пагрозьлівымі жоўта-чорнымі разводамі».

Дакумэнтальныя ўспаміны пра газавыя атакі ў Смаргоні пакінулі многія асобы, якія ў будучым праславіліся ня толькі ваеннымі подзьвігамі. Адзін зь іх — выбітны расейскі пісьменьнік Міхаіл Зошчанка. Як удакладняе Ўладзімер Лігута, за мужнасьць і адвагу ў адным з баёў Зошчанка быў прадстаўлены да ордэна сьвятога Станіслава 2-й ступені:

«Сапраўды, Зошчанка пакінуў успамін пра адну з газавых атакаў. У прыватнасьці, калі ягоныя грэнадзёры (а ў Смаргоні ён камандаваў грэнадзёрскім палком) у жніўні месяцы 1916-га ўжылі адзін прыём. Дарэчы, гэта была якраз тая атака, пра якую гаварылі ў фільме „Гібель імпэрыі“. Там ёсьць такі эпізод, калі афіцэр гаворыць: маўляў, немцы, сволачы, 6 гадзінаў пускалі газы, што адгазьнік нават не вытрымлівае. Гэта было акурат тут, у нас: 2 жніўня 6 гадзінаў запар уздоўж чыгункі немцы пускалі газ. Дакладней, 6 гадзінаў з інтэрвалам у паўгадзіны — усю ноч да самай раніцы. І вось Зошчанка са сваімі салдатамі менавіта ў гэтую газавую атаку патрапіў. Ужо пад раніцу яны спрабавалі перайсьці ў наступленьне — прынамсі, ён паклаў сваіх салдат на бруствэр. Але ўяўляеце, цэлую ноч ідуць газы, маладыя салдаты проста разгубіліся — якраз было атрымана папаўненьне. Пачалася, так скажам, лёгкая паніка. І тады адзін з камандзіраў, палкоўнік, зьняў адгазьнік, бо нікому ж ні чорта ня чутна — ён у адгазьніку і салдаты ў адгазьніках — афіцэры таксама паздымалі (як жа так, камандзір зьняў адгазьнік!) і ўжо камандавалі без адгазьнікаў. Немцы пайшлі ў атаку, але расейцы яе адбілі. І практычна ўсе памерлі. Зошчанка быў атручаны, але змагаўся. архіўныя зьвесткі пра гэты подзьвіг, які, дзякуючы Зошчанку, у літаратуры пра гэтую вайну апісаны».

На тэрыторыі Смаргоншчыны дагэтуль захаваліся шматлікія сьведчаньні падзеяў Першай усясьветнай вайны. Прастаяўшы амаль стагодзьдзе, яны паступова разбураюцца ці зносяцца дзеля пашырыньня пасяўных плошчаў. Статус асаблівых аб’ектаў, якія ахоўваюцца дзяржавай, на іх не распаўсюджваецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG