Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сядзіба Агінскіх: рэстаўрацыя, расьцягнутая на гады


Праз два гады — 25 верасьня 2015 году — усясьветная грамадзкасьць будзе адзначаць 250-годзьдзе кампазытара, дыплямата, грамадзкага і палітычнага дзеяча Міхала Клеафаса Агінскага.

Пастаянныя дэлегацыі пры ЮНЭСКА ад Беларусі, Літвы, Польшчы і Францыі выступілі з супольнай прапановай уключыць юбілей Агінскага ў Каляндар памятных датаў гэтай арганізацыі на 2015 год і наладзіць шэраг імпрэзаў у гонар асобы, якой ганарацца некалькі краін. Паказальна, што ў гэтым сьпісе няма Расеі, хоць на пачатку ХІХ стагодзьдзя Агінскі быў прызначаны сэнатарам Расейскай імпэрыі і нават атрымаў пры Аляксандру I чын тайнага саветніка.

Пляны арганізацыі сумесных сьвяткаваньняў у мясьцінах, зьвязаных зь імем Агінскага, абмеркаваў у штаб-кватэры ЮНЭСКА ў Парыжы беларускі амбасадар Павал Латушка, ён жа пастаянны прадстаўнік Беларусі пры гэтай арганізацыі. Супольная прапанова Беларусі, Літвы, Польшчы і Францыі была ўхваленая сёлета ў красавіку на сэсіі выканаўчага камітэту ЮНЭСКА. Дэлегаты рэкамэндавалі тады ўключыць дату 25 верасьня 2015 году ў выніковую рэзалюцыю.

Два дзясяткі гадоў Міхал Клеафас Агінскі жыў і працаваў у цяперашняй Беларусі. У 1802 годзе ён пасяліўся ў адным са сваіх маёнткаў — у Залесьсі паміж Маладэчнам і Смаргоньню, дзе прабыў зь сям’ёй да 1822-га. А перад гэтым шмат часу правёў у эміграцыі. Пасьля здушэньня расейцамі паўстаньня 1794 году разам зь іншымі патрыётамі перабраўся спачатку ў Вену, а пасьля ў Вэнэцыю. У спробах наладзіць антырасейскую кааліцыю дзейнічаў у Канстантынопалі, Парыжы, Львове, Кракаве. Але пасьля заключэньня міру паміж Францыяй і Аўстрыяй зноў вярнуўся ў Італію.

Толькі са сьмерцю расейскай імпэратрыцы Кацярыны ІІ і ўзыходам на трон Паўла І паўстанцаў рэабілітавалі, Тадэвуша Касьцюшку вызвалілі з палону. Праўда, Павал двойчы адмаўляў Агінскаму на просьбу вярнуцца з эміграцыі, удалося гэта зрабіць толькі пры Аляксандру І. Наступныя 20 гадоў Агінскі пражыў у Залесьсі і, паводле дасьледчыкаў, менавіта тут стварыў свой найлепшы твор — палянэз ля-мінор («Разьвітаньне з Радзімай»).

Да юбілею Агінскага палацавы комплекс пачалі рэстаўраваць, аднак працы ідуць марудна. Прафэсійны мастак, рэстаўратар Сяргей Верамейчык, які пераехаў у Залесьсе зь Менску пры канцы 1980-х і доўгі час быў навуковым супрацоўнікам будучага музэю, наракае: такое адчуваньне, што многае ўвогуле робіцца на вока:

Сяргей Верамейчык

Сяргей Верамейчык

​«Справа паступова рухаецца, але, прыкладам, у мяне як былога рэстаўратара вельмі шмат пытаньняў. Зь іншага боку, ёсьць такі выраз — было б дзіўна, каб было наадварот. На жаль, у нас рэстаўрацыя больш падобная да эўрарамонту. Так, калі паглядзець на сталярку, то яна, мякка кажучы, крываватая, не па восі. Звычайна ваконная сталярка робіцца сымэтрычна, а тут вокны чамусьці несымэтрычныя. Магчыма, такая задума рэстаўратараў, ня ведаю. Я ўжо не кажу, што, магчыма, нейкая памылка ў вышыні навабуду цяплярні, якая ўзвышаецца над іншымі пабудовамі. Гэта такі мой асабісты погляд — паколькі я калісьці працаваў у рэстаўрацыі, то далёка ня ўсё магу прыняць. Але гэта, зноў жа, трасеньне паветра. Нават прадстаўнік райвыканкаму ўжо сказаў, што перарабляць ніхто нічога ня будзе, а ўсё застанецца як ёсьць. Зрэшты, аптымісты ў гэтым зьвязку кажуць — добра, што хоць так робіцца».

Тэрміны здачы аб’екту ня раз пераносіліся — згодна зь першапачатковымі плянамі, адрэстаўраваны маёнтак меўся прымаць наведнікаў яшчэ летась. Пры цяперашніх тэмпах узьнікае пытаньне, каб хоць пасьпець да юбілею. Галоўны інжынэр смаргонскага будаўніча-мантажнага трэсту № 41 Яўген Гурскі кажа, што ўсё, як зазвычай, упіраецца ў фінансаваньне:

«Калі б не было вядомых фінансавых праблемаў у 2011 годзе, то мы б яго
Усё, бачыце, упіраецца ў фінансы
практычна і скончылі. Усё, бачыце, упіраецца ў фінансы. Бо мы, самой сабой, таксама стараліся зрабіць па максымуме. Зразумела, што аб’ект своеасаблівы, цікавы, ён патрэбны ня толькі краіне, але канкрэтна і гораду, бо там заплянаваныя і гатэльныя нумары, і г.д. Але шмат было і праектных праблемаў, бо ўжо на хаду перапраектавалі ўсё, што было зьвязана з усталяваньнем катлоў — спачатку меркаваліся простыя расейскія катлы, а потым вырашылі ставіць беларускія, з электронным начыньнем. Зноў жа, на ўсё патрэбна фінансаваньне. Адсюль і такая сытуацыя — хацелася б больш, а маем, што маем».

Зрэшты, як кажа мастак-рэстаўратар Сяргей Верамейчык, праблемы з увекавечваньнем памяці Агінскага існуюць ня толькі ў Беларусі. Нават на радзіме кампазытара і грамадзкага дзеяча ў Гузаве пад Варшавай радавы маёнтак таксама ня ў самым паглядным стане:

«Ня ведаю, ці варта тут наагул параўноўваць, бо параўноўваць трэба нешта больш падобнае. Стан маёнткаў самы розны. Прыкладам. у Гузаве, дзе нарадзіўся Агінскі, сядзіба стаіць збольшага занядбаная, хоць у яе ёсьць уладальнік. Раней даглядаў гэты палац ксёндз Пётар Станэк, які потым выдаў кніжку пра Агінскага, апякуецца гэтай тэмай і нават зь яго дапамогай усталяваны помнік Агінскаму. Але з-за таго, што прыватнік, які валодае будынкам, ня мае сродкаў, усё стаіць за агароджай. Ня ведаю, можа, да 2015 году палякі ў Гузаве таксама парупяцца і нешта ўсё ж зробяць. Якія яшчэ маёнткі, сядзібы Агінскага? Напрыклад, у Літве палац унука Агінскага ў горадзе Плунге цалкам дагледжаны і нядаўна нават зроблена новая рэстаўрацыя — за сродкі Сэйму і Эўразьвязу. Таму, па вялікім рахунку, мы ня надта і выдзяляемся ў сэнсе заняпаду. Прынамсі, амаль як у Польшчы. Але будзем спадзявацца, што да 2015 году (усё ж такая важная дата) сядзібу ў Залесьсі да ладу давядуць».

Сучасьнікі Агінскага называлі Залесьсе Паўночнымі Атэнамі. Сюды прыяжджалі вядомыя эўрапейскія музыкі, мастакі, літаратары. Скончыўшы справы ў палацы, па таполевай, ліпавай, бярозавай алеях, якія вялі ў розныя бакі ад маёнтка, госьці маглі палюбавацца вадаспадам, гротам, альтанкамі, Лебядзінай выспай на ставе ці масткамі праз раку Бабрынку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG