Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз яшчэ на год працягнуў санкцыі адносна Беларусі


Рада Эўразьвязу сёньня яшчэ на адзін год працягнула санкцыі адносна Беларусі. Яны будуць дзейнічаць да 31 кастрычніка 2014 году. Пра гэта паведаміла прэсавая служба Рады Эўразьвязу.

«У адпаведнасьці са штогадовым аглядам сёньня Рада працягнула абмежавальныя меры Эўразьвязу адносна Беларусі да 31 кастрычніка 2014 году, — гаворыцца ў паведамленьні. — Гэта адбылося ў сувязі з тым, што палітычныя вязьні дагэтуль ня вызваленыя, а паляпшэньняў у сфэры павагі правоў чалавека, вяршэнства закону і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі не назіраецца».

Таксама адзначаецца, што ЭЗ захавае палітыку крытычнага ўзаемадзеяньня з Беларусьсю, накіраваную на забесьпячэньне выкананьня правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў у краіне.

Як адзначаецца ў паведамленьні, пасьля перагляду санкцый у сьпісе асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЭЗ і чые фінансавыя сродкі ў ЭЗ павінны быць замарожаныя, 232 прозьвішчы. Акрамя таго, санкцыі працягваюць дзейнічаць адносна 25 беларускіх прадпрыемстваў.

Рашэньне Рады і сьпіс фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапляюць пад дзеяньне санкцый, будуць апублікаваныя 30 кастрычніка ў Афіцыйным часопісе ЭЗ.

Нагадаем, кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ у Мінску Майра Мора, выступаючы 28 кастрычніка на міжнароднай канфэрэнцыі «Стратэгіі будучай палітыкі ЭЗ адносна Беларусі» у Вільні, паведаміла, што ў сьпіс будуць дабаўленыя тры новыя прозьвішчы. Пры гэтым, паводле яе слоў, Рада вырашыла, што «больш няма прычын для знаходжаньня ў сьпісе 13 чалавек і пяці прадпрыемстваў». Аднак Мора ня стала ўдакладняць, каго менавіта дабавяць і выключаць са сьпісу.

«Хацела б дакладна абазначыць, што гэтае рашэньне (аб адмене санкцый супраць шэрагу асоб) не азначае зьмены палітыкі ЭЗ адносна Беларусі. ЭЗ працягне палітыку крытычнага ўзаемадзеяньня з краінай», — сказала Мора.

Да сёньняшняга дня пад візавыя і эканамічныя санкцыі ЭЗ траплялі 242 беларускія чыноўнікі, у тым ліку Аляксандар Лукашэнка. Візавыя санкцыі ў дачыненьні да міністра замежных спраў Уладзіміра Макея часова прыпыненыя.

Пра гэта інфармуе БелаПАН.


Губарэвіч: Нічога не каштавала Лукашэнку пайсьці насустрач ЭЗ


Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

Паводле першага намесьніка старшыні Руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча, «насамрэч Беларусь не прадэманстравала відавочнага прагрэсу цягам апошняга году, каб казаць пра поўнае зьняцьцё санкцый»:

«Мяч застаецца на баку рэжыму ў Беларусі, які мог бы пайсьці на вызваленьне палітвязьняў, якога не адбылося. Палітвязьні выходзяць, адбыўшы свае тэрміны. Таму гэта цалкам лягічны крок з боку ЭЗ. Сыгналы пра тое, што нармалізацыя стасункаў можа адбыцца толькі пасьля вызваленьня палітвязьняў, паступалі рэгулярна і неаднаразова з эўрапейскага боку. Аднак, на жаль, афіцыйны рэжым заняў пазыцыю чаканьня, і ў адказ на гэта мае працягнутыя на год санкцыі».

Карэспандэнт: «Ці эфэктыўныя гэтыя санкцыі?»

Губарэвіч: «Асаблівага эфэкту няма. Калі б мог быць эфэкт, то пытаньне не было б зацягнута на тры гады. Усе палітвязьні былі б вызвалены адразу. Аднак гэта хутчэй маральная пазыцыя, дэманстрацыя таго, што Беларусь шмат губляе, асабліва на фоне іншых сяброў „Усходняга партнэрства“. Беларусь тармозіцца выключна з-за дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі. Нічога не каштавала яму пайсьці насустрач ЭЗ, пачаць працэс лібэралізацыі ў краіне і вызваліць палітвязьняў».


Рымашэўскі: гэта адзіны магчымы крок з боку ЭЗ


Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

Адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі лічыць эфэктыўнымі санкцыі адносна рэжыму ў Беларусі:

«Мы ведаем пра слабыя бакі палітыкі ЭЗ. І ня ўсё, што хацелася б, з боку ЭЗ магчыма. Але тым ня менш абмежавальныя меры эфэктыўныя. Асабліва яны эфэктыўныя да беларускіх бізнэсоўцаў-алігархаў, якія падтрымліваюць дзейсны рэжым. Бо менавіта гэтым людзям у першую чаргу патрэбна легалізацыя, свабодныя камунікацыі. Пры тых складаных мэханізмах прыняцьця рашэньняў у ЭЗ гэтыя меры зьяўляюцца ўсё больш сымбалічнымі, але істотнымі для падтрыманьня дэмакратыі ў Беларусі.

Сёньня ў ЭЗ няма ні палітычнай волі, ні палітычнага інструмэнту ўводзіць эканамічныя санкцыі. Таму візавыя абмежаваньні і іх падаўжэньне ёсьць ва ўмовах, калі рэжым не ідзе на саступкі і колькасьць палітвязьняў павялічваецца, адзіным магчымым крокам з боку ЭЗ».
XS
SM
MD
LG