Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лябедзька: На саміт «Усходняга партнэрства» прыедзе паштальён Лукашэнкі


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

У Вільні скончыла працу міжнародная канфэрэнцыя «Стратэгія будучай палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі».

Адзін зь яе ўдзельнікаў старшыня Аб’яднаай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначыў, што «гэта была своеасаблівая рэпэтыцыя перад самітам „Усходняга партнэрства“ ў Вільні». На тое, што падчас выступу на канфэрэнцыі Андрэй Саньнікаў заклікаў да ўвядзеньня санкцый, Анатоль Лябедзька сказаў:

«Я агучыў наш падыход, нашу стратэгію. Яна зьмяшчаецца ў адну фразу: вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў, свабодныя сумленныя выбары.

Што да санкцый, то я сёньня адзначыў, што ня трэба палохаць беларусаў і падыгрываць Лукашэнку, бо на сёньняшні дзень ніякіх санкцый адносна Беларусі не існуе.

Ёсьць толькі кропкавыя абмежаваньні да асобных чыноўнікаў, якія парушаюць канстытуцыю і міжнародныя абавязкі Беларусі. Я сёньня адзначыў падчас выступу, што сьпіс павінен быць жывы і дзейсны і ён не павінен быць прывязаны да нейкіх дат ці да нейкай палітычнай кампаніі.

Сёньня ёсьць ня тры прэтэндэнты, каб увайсьці ў адноўлены сьпіс — іх значна больш, пачынаючы ад начальнікаў калёній, дзе знаходзяцца палітвязьні, да кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія апошнім часам пайшлі на выцісканьне прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў і наогул палітычна актыўных людзей.
Ня трэба палохаць беларусаў і падыгрываць Лукашэнку, бо на сёньняшні дзень ніякіх санкцый адносна Беларусі не існуе

Я за тое, каб да чыноўнікаў, якія парушаюць правы, свабоды, канстытуцыю, міжнародныя абавязкі Беларусі, дзейнічалі кропкавыя візавыя і фінансавыя абмежаваньні. Што да эканамічных санкцый, то АГП супраць таго, каб рабіць закладнікамі людзей, якія ад гэтага далёкія. Калі гэта бізнэс, які выкарыстоўвае прэфэрэнцыі ад рэжыму і потым падкормлівае гэты рэжым, то гэта можа быць. Але гэта ня можа тычыцца трактарнага, аўтамабільнага заводаў ці іншых прадпрыемстваў. Тут якраз у ЭЗ ёсьць іншыя інструмэнты і мажлівасьці».

Паводле Анатоля Лябедзькі, «добра, што форум адбыўся ня ў Менску, дзе сядзяць у турмах палітвязьні, а ў Вільні, гаспадыні будучага саміту». І тое, што ўдаецца трымаць Беларусь у фокусе ўвагі міжнароднай супольнасьці — заваёва і тых, хто выступае за санкцыі і тых, хто іх не падтрымлівае:

«Гэта была такая рэпэтыцыя перад самітам. Ёсьць над чым падумаць, што ўзважыць. Прагучалі некаторыя цікавыя ацэнкі з боку эўрапейцаў. Трэба паглядзець, як гэта асэнсаваць. Ну вось як ставіцца да стратэгіі такога стратэгічнага цярпеньня? Альбо дыялёг з палітычнымі выключэньнямі, без палітычнага складніка. Гэта можа быць ня вельмі добрым трэндам. Але гэта яшчэ трэба асэнсаваць».

На пытаньне, ці стала вядомым, хто будзе прадстаўляць афіцыйны Менск на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні, Лябедзька сказаў:

«Гэта пытаньне застаецца адкрытым. У любым выпадку, якім бы ні было прозьвішча гэтага чалавека, гэта будзе паштальён. Калі ён прыедзе ў Вільню, гэта будзе паштальён ад Лукашэнкі».
XS
SM
MD
LG