Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусі наканавана пайсьці на аднаўленьне адносінаў з МВФ»


Чаму беларускія ўлады вымушаныя зноў прасіць крэдыту ў МВФ? Ці мае афіцыйны Менск шанцы яго атрымаць бліжэйшым часам? Ці сапраўды беларускае кіраўніцтва гатовае да кардынальных эканамічных рэформаў, як яно само заяўляе? На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканаміст Барыс Жаліба і дырэктар Дасьледчага цэнтру Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

Цыганкоў: 28 кастрычніка ў Менску адбылася прэсавая канфэрэнцыя прадстаўнікоў місіі МВФ. Кіраўнік місіі Дэвід Гофман заявіў на ёй, што без асабістай згоды Лукашэнкі на рэформы новага крэдыту МВФ ня будзе. У якой стадыі цяпер адносіны паміж МВФ і афіцыйным Менскам? Наколькі патрэбныя грошы МВФ беларускай эканоміцы?


«Што і было зроблена, то альбо ня так, як трэба, альбо толькі на паперы».


Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык

Жаліба: Цяпер гэтыя адносіны на Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

вельмі нізкім узроўні. Даволі добры ўзровень быў, калі мы атрымлівалі крэдыт у 2009 годзе. А цяпер, пасьля вынікаў місіі МВФ, можна казаць, што сёньня МВФ ня дасьць крэдыт Беларусі. Прычыны старыя: адсутнасьць структурных рэформаў, прыватызацыі, лібэралізацыі цэнаў, слабое разьвіцьцё прыватнага сэктару — усяго таго, што ў свой час рэкамэндаваў МВФ ды іншыя крэдыторы Беларусі.

Усе гэтыя парады не атрымалі належнага разьвіцьця — што і было зроблена, то альбо ня так, як трэба, альбо толькі на паперы.

Тое, што ў Беларусі вялізная патрэба ў замежных пазыках — дык у гэтым ніхто не сумняваецца. Скарачаецца экспартная выручка, скарачаецца катастрафічна, ад пачатку году. Пасьля калійнай вайны амаль няма выручкі ад продажу калійных угнаеньняў. Плюс абмежаваньні Расеі на пастаўкі нафты — гэта другі ўдар, можа, нават больш балючы, бо нафтапрадукты — асноўны артыкул паступленьня валюты ў беларускі бюджэт.

Цыганкоў: У 2009 годзе, калі МВФ даў крэдыт, Беларусь толькі да пэўнага моманту выконвала патрабаваньні сумеснай праграмы. А потым многія істотныя пытаньні былі проста праігнараваныя. Можа, у тым ліку і з-за гэтага МВФ цяпер асьцерагаецца супрацоўнічаць з афіцыйным Менскам?


«Новая праграма з МВФ вельмі патрэбная беларускім уладам».


Чубрык: Па-першае, я хацеў бы адзначыць, што супрацоўніцтва з МВФ патрэбнае ня толькі дзеля грошай, а і таму, што зараз вельмі істотная задача — вярнуць давер да эканамічнай палітыкі і нацыянальнай валюты. Вось зараз Саўмін і Нацбанк надрукавалі плян супольных дзеяньняў па падвышэньні канкурэнтаздольнасьці і структурным рэфармаваньні эканомікі Беларусі. Магчыма, гэта пачатак нейкай «дарожнай карты» макраэканамічнай стабілізацыі і далейшых структурных рэформаў. Відавочна, гэта першы крок у кірунку фармаваньня даверу да эканамічнай палітыкі.

Цыганкоў: А ці не прынялі гэтую праграму дзеля МВФ? Ці ўсё ж дзеля эканомікі Беларусі?
Гэтая праграма — перш за ўсё рэакцыя на эканамічныя праблемы Беларусі, і ўжо ў другую чаргу — спроба падрыхтаваць глебу для далейшых перамоваў з МВФ

Чубрык: Ведаеце, галоўнае, што гэты дакумэнт прыняты як рэакцыя на тыя праблемы, зь якімі сутыкнулася эканоміка Беларусі. Гэты дакумэнт прадугледжвае даволі істотныя рэчы ўжо зараз — прыкладам, абмежаваньне банкаўскага фінансаваньня, больш жорсткую кансэрватыўную фіскальную палітыку. А гэта значыць, што фактычна гэтая праграма — перш за ўсё рэакцыя на эканамічныя праблемы Беларусі, і ўжо ў другую чаргу — спроба падрыхтаваць глебу для далейшых перамоваў з МВФ.

Зараз, калі ўлады кажуць «мы пачынаем мяняць эканамічную палітыку», — трэба, каб да гэтых заяваў ставіліся сур’ёзна. Фактычна трэба прытрымлівацца той эканамічнай палітыкі, якая прадугледжаная плянам. І для гэтага было б добра мець нейкую падтрымку — і грашовую, і арганізацыйную ў выглядзе дамоўленасьцяў наконт канкрэтных паказчыкаў. З гэтага пункту гледжаньня новая праграма з МВФ вельмі патрэбная беларускім уладам.


«Кіраўніцтва, можа, і дасьпела, але не дасьпела насельніцтва».


Цыганкоў: Сярод іншага місія МВФ прапанавала, каб стабілізаваць сытуацыю на валютным рынку, падняць тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі і транспарт да поўнага пакрыцьця адпаведных выдаткаў жыхарамі Беларусі. Ці дасьпела беларускае кіраўніцтва нават да такіх крокаў?

Жаліба: Кіраўніцтва, можа, і дасьпела, але не дасьпела насельніцтва. Вядома, што стопрацэнтная аплата камунальных паслугаў — гэта стандарт для рынкавых краінаў. Але там адпаведныя даходы і заробкі, якія дазваляюць гэта зрабіць.

Паводле гэтай супольнай праграмы ўраду і Нацбанку ў наступным годзе насельніцтва будзе плаціць за камунальныя паслугі 50 працэнтаў да сабекошту (цяпер каля 20). Зь іншага боку, міністар эканомікі Мікалай Снапкоў дакладае нам, што паколькі рост заробку апярэджвае рост прадукцыйнасьці працы, то сярэдні заробак да канца году будзе 628 даляраў. А ён ужо ў жніўні быў 621. То бок фактычна размова ідзе пра замарожваньне заробку. Для мяне зразумела, што насельніцтва ня здолее пры такім разьвіцьці падзеяў аплаціць 50 працэнтаў.

Цыганкоў: У беларуска-расейскіх адносінах ці не галоўным пытаньнем зрабілася жаданьне Беларусі не плаціць у расейскі бюджэт мыта за расейскія нафтапрадукты. Цана гэтага пытаньня — 4 мільярды. І раптам Расея сапраўды разьвяжа гэтую праблему даволі хутка — за год-два. І навошта тады МВФ зь ягонымі складанымі патрабаваньнямі? Як сказаў Лукашэнка, «пабудую тут Эміраты», калі Расея падорыць гэтыя грошы.

Чубрык: Калі Беларусь перастане плаціць гэтую суму, то, натуральна, гэта будзе вельмі істотнай палёгкай для нашага плацёжнага балянсу. І гэта дазволіць закрыць патрэбу ў грошах для выплаты замежнага доўгу. Бо прыкладна каля трох мільярдаў даляраў штогод мы мусім плаціць бліжэйшыя гады. Але яшчэ застаецца даволі істотнае пытаньне, які будзе дэфіцыт у гандлі таварамі і паслугамі.

Відавочна, гэта ўсё моцна спросьціць, аднак казаць, што нам рэформы не патрэбныя, — гэта было б памылкай. Рэформы — гэта тое, што дазваляе нам расьці далей, а такія палёгкі проста даюць магчымасьць часова пазьбегнуць нейкіх вялікіх макраэканамічных праблемаў.


«Дадатковая падтрымка з боку Расеі можа рабіць працэс рэформаў больш павольным»


Цыганкоў: Ваш прагноз — ці атрымае Беларусь крэдыт МВФ бліжэйшыя год-два?

Жаліба: У мяне прагноз даволі змрочны. МВФ, праўда, сказаў, што магчымасьць крэдытаваньня застаецца. Не лічу, што ёсьць магчымасьць атрымаць гэты крэдыт у наступным годзе. Таму што Беларусь ідзе шляхам бюракратычнага рэфармаваньня. Вось зноў выставілі 80 прадпрыемстваў на прыватызацыю, але выстаўлялі і раней — а вынікаў ніякіх. То бок дакумэнты прымаюцца, але прырода нашай аўтарытарнай эканомікі не мяняецца. У тым ліку раптоўнае ўмяшаньне дзяржавы — правілы гульні могуць мяняцца вельмі часта.
Наша цяперашняя эканоміка даказала, што без замежнай фінансавай падтрымкі яна існаваць ня ў стане

Наша цяперашняя эканоміка даказала, што без замежнай фінансавай падтрымкі яна існаваць ня ў стане. Ад МВФ я не чакаю ніякага крэдыту ў наступным годзе. Дапамога можа быць толькі з боку Расеі.

Чубрык: Я лічу, што Беларусь проста ня зможа пазьбегнуць чарговай праграмы супрацоўніцтва з МВФ. Бо крыніцы эканамічнага росту, як адзначыў спадар Жаліба, у старой мадэлі эканомікі вычарпаныя. Мы гэта добра назіраем сёлета — калі спробы рабіць тое, што і раней, не прыносяць ранейшага эканамічнага росту. Старыя мэтады не працуюць, і давядзецца нешта мяняць. Калі зьмены пачнуцца, то, я думаю, аднаўленьне адносінаў з МВФ робіцца рэальным.

Вядома, дадатковая падтрымка з боку Расеі можа рабіць працэс рэформаў больш павольным, і, адпаведна, адкладаць разьвіцьцё супрацоўніцтва зь міжнароднымі арганізацыямі. Але Расея цяпер у даволі складаным становішчы, зьвязаным з падзеньнем цэнаў на сыравіну, і таму падтрымка з таго боку будзе зьмяншацца. Таму, я думаю, Беларусі наканавана пайсьці шляхам аднаўленьня адносінаў з МВФ.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG