Лінкі ўнівэрсальнага доступу

26 кастрычніка — паэтычнае сьвята на радзіме Сыса


Традыцыйнае паэтычна-музычнае сьвята пад назвай «Дух — гэта, людзі, Я!» пачнецца ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну 26 кастрычніка а 12 гадзіне.

«Гэта традыцыйнае паэтычнае сьвята ў гонар Анатоля Сыса. Упершыню яно адбылося ў 2006 годзе, і сёлета ўжо восьмы раз на радзіме паэта зьбяруцца яго сябры, літаратары, прыхільнікі творчасьці, землякі. Імпрэза распачнецца ўскладаньнем кветак да магілы паэта. Тыя, хто будзе мець жаданьне, прамовяць словы ў памяць Анатоля Сыса, узгадаюць яго. Пасьля на падворку хаты, дзе нарадзіўся паэт, будзе азнаямленьне з экспазыцыяй, прысьвечанай яго жыцьцю і творчасьці. А 13-й гадзіне распачнецца літаратурна-музычнае сьвята», — заявіў Радыё Свабода літаратар Сяржук Сыс.

Памочнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Усевалад Сьцебурака адзначыў, што літаратары перададуць падарунак для Броньненскай сярэдняй школы, дзе вучыўся паэт:

«Прадстаўнікі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў падораць бібліятэчку сучаснай беларускай літаратуры. Мы хочам уручыць гэтыя кнігі настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, якія будуць прысутнічаць на сьвяце».

Сярод удзельнікаў — літаратары:

  • Анатоль Вярцінскі
  • Барыс Пятровіч
  • Алесь Пашкевіч
  • Міхась Скобла
  • Сяржук Сыс
  • Анатоль Бароўскі
  • Генадзь Лапацін
  • Ларыса Раманава
  • Вальжына Цярэшчанка
  • Андрэй Мельнікаў ды іншыя.

Анатоль Сыс — беларускі паэт. Нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 году і памёр 4 траўня 2005 году. У 1987 годзе Анатоль Сыс быў сярод заснавальнікаў суполкі маладых пісьменьнікаў «Тутэйшыя». Пры жыцьці паэта выйшлі тры зборнікі ягоных вершаў: «Агмень», «Пан Лес», «Сыс». Штогод у Гарошкаве ладзіцца паэтычнае сьвята, прымеркаванае да дня народзінаў паэта ды названае адным зь ягоных радкоў: «Дух — гэта, людзі, я!».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG