Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарошкаў: сьвята у гонар паэта й першага жыцьцялюба


27 кастрычніка ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну восьмы раз ладзілася традыцыйнае свята беларускай паэзіі ў гонар Анатоля Сыса пад назвай: «Дух — гэта, людзі, Я!».

Сьвята прымеркавана да дня народзінаў слыннага беларускага паэта, які нарадзіўся 26 кастрычніка 1959 году й заўчасна памёр у траўні 2005-га.

Родныя й землякі, вядомыя беларускія паэты й пісьменьнікі Анатоль Вярцінскі Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Эдуард Акулін, Анатоль Бароўскі, Ларыса Раманава, Сяржук Сыс, Вадзім Болбас, Генадзь Лапацін, а таксама барды й гісторыкі наведалі магілу паэта пад жоўтымі бярозамі на гарошкаўскіх могілках.

Да помніка паэту, высечанага з граніту скульптарам Генікам Лойкам, ляглі жывыя восеньскія кветкі.
Кветкі ад Эдуарда Акуліна

Кветкі ад Эдуарда Акуліна


Адкрываючы імпрэзу, старэйшы беларускі паэт Анатоль Вярцінскі сказаў, што ягоны цёзка й сабрат па пяры Анатоль Сыс быў «слаўным беларусам, выдатным паэтам, грамадзянінам і патрыётам». І працягнуў: «Некалі Анатолю гэтыя могілкі мроіліся як Гарошкаўскі рай. І называў іх Анатоль «запаветным гаем». Пра іх напісаў верш і Эдуард Акулін: «Ах, якія могілкі прыгожыя на радзіме Толіка Сыса».

Вярцінскі прачытаў малітву: «Супакой, Госпадзі, душу памерлага сына зямлі беларускай, слугі Гасподня Анатоля ў месцы сьветлым, у месцы радасным, у месцы спакойным, дзе няма ўжо ні болю, ні суму, ні плачу. Але жыцьцё бясконцае — вечнае. І тут мне згадваецца верш, які ты, Анатоль, відаць, прадчуваў у падсьвядомасьці і потым пісаў, можа, у сваю самую адчайную хвіліну:

«Беларусь мая, мая магіла,
зь бел-чырвона-белага радна
ці кашулю мне на сьмерць пашыла
Беларусь мая, мая магіла,
ты ж адна у мяне, як ёсьць адна».

Вярцінскі перакананы, што ягоны цёзка меў на ўвазе Беларусь ня толькі як магілу, але й як калыску, каханку, дзе нараджаюцца дзеці, дзе ёсьць месца працы й застольлю. Ён бачыў Беларусь новай, вольнай і шчасьлівай.
Анатоль Вярцінскі

Анатоль Вярцінскі


Пазьней на панадворку роднай хаты Сыса аксакал беларускай паэзіі Вярцінскі дадасьць, што Анатоль Сыс зь іх дваіх быў яшчэ «першым жыцьцялюбам» — як ён сам і пісаў.

Моладзевыя актывісты з гомельскай рэгіянальнай арганізацыі «Талака» павязалі на помнік Анатоля Сыса нацыянальны ручнік, вытканы супольна па неглюбскіх матывах адмыслова да сьвята паэзіі ў Гарошкаве.
Ручнік ад «Талакі»

Ручнік ад «Талакі»


З могілак імпрэза перамясьцілася да роднай хаты Анатоля ў цэнтры вёскі Гарошкаў.

Тут у роднай хаце сабраны кнігі, прыватныя рэчы, карціны, абразы, фатаздымкі, якія акружалі Анатоля Сыса пры жыцьці. Усё гэта зьберагаюць сёстры паэта Тамара, Валянціна, брат Віктар.
У хаце Сыса

У хаце Сыса


Сястра Тамара

Сястра Тамара


Зь нізкага восеньскага неба падчас паэтычных чытаньняў стаў церушыць першы сьнег. Але на панадворку не пераставалі гучаць вершы Анатоля й прысьвячэньні яму ў выкананьні прысутных беларускіх паэтаў. Барды Тацяна Беланогая й Зьміцер Бартосік сьпявалі песьні.
Сьпявае Тацяна Беланогая

Сьпявае Тацяна Беланогая


Згадвалі тут і Алеся Бяляцкага, які ў свой час таксама спрычыніўся да арганізацыі сьвята паэзіі ў Гарошкаве , а цяпер знаходзіцца за кратамі за сваю праваабарончую дзейнасьць і культурніцкую працу.

Старшыня саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч уручаў нядаўна прынятаму ў творчы саюз маладому паэту Яўгену Сергіенку пасьведчаньне сябра арганізацыі.
На панадворку

На панадворку


Рэй на панадворку вёў паэт і сябра Анатоля Эдуард Акулін:

«Я лічу, што для Беларусі паэзія Анатоля Сыса й ёсьць нейкая духоўная сутнасьць. Такіх паэтаў, як Анатоль, нараджаецца вельмі мала. Я даўно паставіў яго ў адзін рад з такімі творцамі, як Янка Купала, як Максім Багдановіч. Анатоль Сыс для Беларусі — гэта й ёсьць наш беларускі дух».

Украінец беларускага паходжаньня Алесь Хамякоў апавёў, што сваіх землякоў ён знаёміць зь Беларусьсю выключна празь вершы Анатоля Сыса, прадстаўляючы яго самым сапраўдным беларусам.
Выступае Алесь Пашкевіч

Выступае Алесь Пашкевіч


Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, які таксама прыехаў у Гарошкаў, перакананы, што сьвята паэзіі тут будзе неўзабаве адзначацца на дзяржаўным узроўні, а магіла й родная хата Анатоля абавязкова набудуць статус дзяржаўных помнікаў культуры.

У межах сьвята адбылася прэзэнтацыя кніг сэрыі «Кнігарня пісьменьніка»: «Стрэмка» Сержука Сыса, «Сьвятая вада» Ларысы Раманавай, «Около облака» Генадзя Лапаціна, а таксама юбілейнага, 60-га нумара часопіса «Дзеяслоў», у якім ёсьць прысьвячэньні і Анатолю Сысу.
Сяржук Сыс

Сяржук Сыс

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG