Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаворачы 21 кастрычніка з рэдактарамі СМІ краінаў СНД пра Мытны саюз, Аляксандар Лукашэнка выказаў сваю незадаволенасьць працай наднацыянальных органаў, у прыватнасьці Эўразійскай эканамічнай камісіі, і нават назваў лік чыноўнікаў гэтай структуры.

Паводле слоў Лукашэнкі, там працуюць больш за тысячу чалавек.

«Аднак да гэтага часу ад іх не зыходзіла прарыўных прапаноў, ініцыятыў», — цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

«Адстойнікам камісія быць не павінна. Гэта тычыцца і нас, і ў большай ступені — расейцаў і казахаў. Там павінны быць пэрспэктыўныя хлопцы разам з дасьведчанымі, але жадаючымі працаваць», — сказаў Лукашэнка.

На ягоную думку, заўчасна казаць аб стварэньні іншых наднацыянальных органаў у Мытным саюзе, напрыклад, аналягаў міністэрстваў абароны ці замежных спраў.

Менскі палітоляг Аляксей Кароль мяркуе, што і таго што ёсьць, зашмат:

Аляксей Кароль

Аляксей Кароль

«Наогул, гэтыя эўразійскія структуры маюць тэндэнцыю памнажацца, чыноўнікі там асабліва нічога ня робяць, але атрымліваюць вялікія заробкі, непараўнальныя з заробкамі беларускіх чыноўнікаў, гэта для іх стала такой сынэкурай.

А эфэктыўнасьць іх працы ніякая. Іх эканамічныя праекты пакуль што ніяк не адчуваюцца, магчыма, толькі што ўрад Беларусі атрымлівае крэдыты Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. А для насельніцтва ад гэтых структур ніякай карысьці не было. Бюракратыя множыцца, а сытуацыя ў эканоміцы пагаршаецца. Увогуле ж гэта рызыкоўная і шкодная для Беларусі інтэграцыя, якая нясе пагрозу нашаму сувэрэнітэту».
XS
SM
MD
LG