Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка 58-гадовага вязьня Магілёўскай папраўчай калёніі № 15 Пятра Кучуры — Людміла паведаміла Свабодзе, што зьдзекі адміністрацыі зь яе мужа працягваюцца.

Арыштаваны каля дзевяці гадоў таму за інкрымінаванае яму забойства егера на паляваньні (як потым высьветлілася, Кучура выпадкова апынуўся ў мясцовасьці, дзе палявала кампанія беларускіх чыноўнікаў на чале з тагачасным дзяржсакратаром Савету бясьпекі Беларусі), вязень кожны раз, як просіць перагледзець несправядлівы прысуд, зазнае ціск ды перасьлед з боку турэмнага начальства. Апошні раз ён трапіў у няласку за тое, што яго жонка на прыёме ў кіраўніцтва ДВП закранула пытаньне рэчавага забесьпячэньня зьняволеных.

Як вядома, у няволі асуджаны ня мае права апранаць уласныя рэчы, а абавязаны насіць вопратку выключна ўстаноўленага ўзору.

І без таго вельмі неразнастайны набор казённага адзеньня з кожным годам у беларускіх калёніях становіцца ўсё больш і больш убогім. Пасьля гэтага паходу Людмілы Кучуры ў ДВП начальнік калёніі заявіў вязьню: мы ператворым тваё жыцьцё ў сапраўднае пекла. Спачатку былі спагнаньні, потым напрыканцы верасьня асуджанага пакаралі 10 суткамі ШЫЗА. На пачатку кастрычніка перавялі на 6 месяцаў у ПКТ.

Тэлефануючы ў рэдакцыю, Людміла Кучура паведаміла:

Людміла Кучура

Людміла Кучура

«У памяшканьні камэрнага тыпу, куды кінулі майго мужа, ад самага пачатку была забітая каналізацыя, — кажа жанчына. — ПКТ — гэта маленькая камэра, дзе на некалькіх мэтрах без усялякай перагародкі і ложак, і стол, і прыбіральня... Таму можна ўявіць сабе, якое там паветра. Пра праблемы з каналізацыяй мужу нічога не паведамілі. Калі Пётар там апынуўся, ён адразу ўбачыў, што ва ўмывальніку і так званым унітазе засыпаная хлёрка. Калі Пётар уключыў ваду, ужо празь некалькі сэкундаў раствораная ў вадзе і экскрэмэнтах хлёрка дала рэакцыю. У мужа пачало разьядаць сьлізістую вачэй, роту... Ён ня мог ні глядзець, ні дыхаць... Пётар пачаў грукаць у дзьверы. Калі ў камэры зьявіўся кантралёр, муж пачуў: сантэхнікі ў нас занятыя, калі вызваляцца, тады прышлём». Гэта пры тым, што такія памяшканьні, як ШЫЗА ды ПКТ, практычна не вэнтылююцца. Прайшла не адна гадзіна, ніхто не ішоў. Мужу стала рэальна кепска. Убачыўшы ягоны стан, нарэшце выклікалі сантэхнікаў, якія вычысьцілі каналізацыю. Усе было распырскана па камэры. Мужу кінулі маленькую анучку памерам з насоўку, каб ён усё гэта прыбраў. Зразумела, муж вымыў камэру. Аднак доўгі час дыхаць там было немагчыма. Пакуль у мужа значна не пагоршылася самаадчуваньне, яго не пераводзілі ў іншую камэру«.

Людміла Кучура дадае, што яе муж цярпіць на кардыялягічнае захворваньне. Інваліднасьць ён набыў у турме, яна засьведчана турэмнымі лекарамі. У адпаведнасьці з захворваньнем ён павінен штодня прымаць кардыёмагніл ды іншыя сардэчныя прэпараты, якія дасылае яму мэдычнымі бандэролямі жонка. З часу, як ён у ПКТ, рэгулярнасьць прыёму гэтых мэдыкамэнтаў парушаная. Былі выпадкі, калі таблеткі ад сэрца лекар мяняў на таблеткі ад кашлю... Тлумачэньняў, чаму такое адбываецца, вязень не атрымаў.

Гісторыя пра Пятра Кучуру і гісторыі іншых вязьняў, зьвязаныя з рэчавым забесьпячэньнем у беларускіх калёніях, — у новай праграме «Свабода ў турмах».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG