Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы згуляюць з чэмпіёнамі сьвету матч, які нічога ня зьменіць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Матчам супраць дзейных чэмпіёнаў сьвету і Эўропы, зборнай Гішпаніі, у Пальма-дэ-Маёрцы футбольная зборная Беларусі завяршае чарговы адборачны цыкль да чэмпіянату сьвету.

Да апошняга моманту існавала верагоднасьць пераносу сустрэчы, пра што хадайнічаў і беларускі бок, у сувязі з выбухам падчас падключэньня электраабсталяваньня, у выніку якога тры чалавекі пацярпелі. Аднак інспэктары UEFA прынялі рашэньне не ламаць першапачатковы графік.

Такім чынам, матч Гішпанія-Беларусь пачнецца а 23-й гадзіне паводле менскага часу.

Букмэкеры ня надта вераць у здольнасьці беларусаў учыніць цуд на гішпанскай зямлі, таму амаль аднадушна аддаюць перавагу гаспадарам. У такім выпадку выхаванцы Георгія Кандрацьева ўпершыню за доўгія гады рызыкуюць фінішаваць на апошнім месцы ў сваёй групе. Да гэтага дня беларуская каманда ў 7 гульнях набрала ўсяго 4 ачкі (прычым, усе ў супрацьстаяньні з Грузіяй), прапусьціўшы наперад ня толькі прызнаных фаварытаў у асобах гішпанцаў і французаў (па 14 ачкоў пасьля 6 і 7 гульняў адпаведна), але і супастаўных па сілах фінаў і грузінаў (9 і 5 ачкоў у актыве кожнай з камандаў).

Тым ня меней, адданыя заўзятары будуць перажываць за любімую каманду да апошняга. Колішні спартовы тэлекамэнтатар Алесь Камароўскі кажа, што хоць «чырвоная фурыя», як яшчэ называюць нацыянальную зборную Гішпаніі, і яўны фаварыт, але беларусы пры жаданьні таксама могуць грымнуць дзьвярыма:

Алесь Камароўскі
Алесь Камароўскі
«Пэўна ж, перажываю за сваю каманду, за зборную Беларусі. Але гішпанцы ёсьць гішпанцы, ім ужо губляць няма чаго. Хоць, дзеля справядлівасьці, і нашым няма чаго губляць. Тым ня меней, думаю, што Гішпанія ўсё ж пераможа. Прынамсі, усё, што я некалі казаў вам у інтэрвію, фактычна збывалася. Канечне, да апошняга буду перажываць, падтрымліваць нашу каманду. А гуляць трэба, на маю думку, ад абароны. Бо калі выдатна згуляць на контратаках, падлавіць гішпанцаў на іх тэрыторыі, то можна згуляць хоць бы ў нічыю. Такі сыход для беларусаў быў бы надзвычай годным, можна нават сказаць, што раўназначным перамозе».

Дагэтуль зборная Беларусі яшчэ не набірала так мала выніковых пунктаў у адборачных цыклях, што сьведчыць пра неабходнасьць глыбокіх пераменаў ва ўсім беларускім футболе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG