Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільля Дабратвор будзе пікетаваць офіс фірмы Kapsch


Ільля Дабратвор

Ільля Дабратвор

Грамадзкі актывіст Ільля Дабратвор плянуе пікетаваць менскі офіс фірмы Kapsch нягледзячы на тое, што Менгарвыканкам не дазволіў акцыю.

Актывіст пратэстуе супраць звальненьня грамадзян па палітычных матывах. Менгарвыканкам у сваім адказе спаслаўся на тое, што ў месцы плянаванага пікету будуць праводзіцца працы па ўборцы тэрыторыі. Ільля Дабратвор лічыць гэты адказ надуманым.

«Я прыйду на пікет, бо лічу гэты адказ звычайнай адпіскай. Адмова ўладаў зроблена па надуманых прычынах. Там парк насупраць і нічога не будзе», — сказаў Ільля карэспандэнту Свабоды.

Ён адзначыў, што лічыць сваё звальненьне ў верасьні зь беларускага аддзяленьня аўстрыйскай фірмы Kapsch палітычна матываваным.

«Пасьля вызваленьня з сутак даведаўся пра сваё звальненьне. Даведка з турмы на Акрэсьціна была, але ў ёй няма тлумачэньня як я трапіў на Акрэсьціна. А РУУС не дае гэтай даведкі грамадзянам, а толькі на запыты з працы ці суда. Яны мяне звольнілі за прагул», — распавёў Ільля.

Таксама ён паведаміў, што падаў позву ў Фрунзенскі суд Менску аб аднаўленьні на працы.

Актывіст руху салідарнасьці «Разам» Ільля Дабратвор 30 жніўня праехаў у менскім мэтро з разгорнутым бел-чырвона-белым сьцягам у гонар вызваленьня лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча. Актывіста затрымалі і адвезьлі ў турму на Акрэсьціна.

2 верасьня суд арыштаваў яго на 5 сутак.
XS
SM
MD
LG