Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксёндз Лазар: Чакаю вызваленьня, бо ні ў чым не вінаваты


Уладзіслаў Лазар

Уладзіслаў Лазар

Сваякі ксяндза Ўладзіслава Лазара атрымалі ад яго першы ліст.

Ксёндз Уладзіслаў Лазар, якога арыштавалі 4 месяцы таму, абвінаваціўшы ў пасобніцтве шпіянажу, не прызнае сябе вінаватым. Гэта вынікае зь ліста, які атрымала сястра вязьня Яніна Лазар:

«Напісаў, што ні ў чым не вінаваты і чакае вызваленьня», — паведаміла Свабодзе спадарыня Яніна. Паводле яе, расьсьледаваньне справы працягваецца, але ніякія падрабязнасьці ёй невядомыя, бо нават адвакат не паведамляе амаль нічога. Сястра Ўладзіслава Лазара працягвае непакоіцца пра здароўе брата, які некалькі гадоў таму перанёс складаную апэрацыю. «У лісьце ён гэтую тэму абмінае», — кажа Яніна Лазар.

Ксёндз з Барысава Ўладзіслаў Лазар быў арыштаваны супрацоўнікамі КДБ у канцы траўня і зьмешчаны ў ізалятар КДБ. Толькі праз 3 месяцы з КДБ паведамілі кіраўніцтву беларускай каталіцкай царквы, што айца Ўладзіслава абвінавацілі ў перадачы грошай чалавеку, які падазраецца ў шпіянажы супроць Беларусі. Ад сваякоў ксяндза Лазара вядома, што ў жніўні расьсьледаваньне ягонай справы было працягнутае, але на які тэрмін, зьвестак няма.

Паводле сайту Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі, на пачатку кастрычніка папа Рымскі Францішак, прымаючы з аўдыенцыяй мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, заявіў, што хоча ведаць усе падрабязнасьці справы арыштаванага ксяндза Ўладзіслава Лазара і далей будзе сачыць за тым, як яна будзе вырашацца. Пры гэтым пантыфік выказаў вялікую занепакоенасьць сытуацыяй вакол арыштаванага КДБ ксяндза.

Уладзіслава Лазара па-ранейшаму ўтрымліваюць у СІЗА КДБ «амэрыканка». Ліставаньне зь ім абмежаванае. Ягоныя прыхаджане напісалі словы падтрымкі, але адказу на свой ліст не атрымалі. Распавёў вернік з Барысава Барыс Чупрынскі:

«Мяркую, яму там даводзяць, які ён несумленны. Але мы вырашылі яго падтрымаць і напісалі яму, што ведаем, які ён насамрэч добры і сумленны чалавек. Каб ён ведаў, што мы ў гэта верым».
XS
SM
MD
LG