Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Плошчы-2010 размовы пра адмену сьмяротнай кары спыніліся, — лічыць праваабаронца


Акцыя ў Швайцарыі супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, 2013

Акцыя ў Швайцарыі супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, 2013

Юрыст і правабаронца Андрэй Палуда, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» распавёў Свабодзе пра асноўныя мэты і задачы «Тыдня супраць сьмяротнага пакараньня», які праходзіць у Беларусі з 5 па 10 кастрычніка.

Кампанія стартуе 5-га кастрычніка і дасягне сваёй кульмінацыі 10 кастрычніка, у Міжнародны дзень супраць сьмяротнага пакараньня. Паводле Андрэя Палуды, найбольш яскравым мерапрыемствам мае стаць прэс-канфэрэнцыя са сваякамі асуджаных да сьмяротнай кары ці ўжо расстраляных.

«Ідэя тыдня ўзьнікла дастаткова даўно, і нарэшце мы адчулі ў сабе сілы і магчымасьць гэтую ідэю рэалізаваць, — адзначае Палуда. — Беларускія праваабаронцы пачалі кампанію супраць сьмяротнага пакараньня ў 2009 годзе, і тады гэтая тэма была не мэдыйная, не выклікала вялікі рэзананс у грамадзтве. Зараз яна грамадзтву стала цікавая, нягледзячы на самыя розныя пазыцыі. На сёньня ўжо можна канстатаваць, што актыўна ідзе грамадзкая дыскусія».

Што да стаўленьня афіцыйных беларускіх уладаў да гэтай тэмы, то яно, на думку Палуды, моцна залежыць ад узроўню стасункаў з Захадам. Калі была адліга ў адносінах з Захадам, у 2010-ым годзе, то многія беларускія чыноўнікі казалі, што адмена сьмяротнага пакараньня — справа часу, ці, прынамсі, увядзеньне мараторыю на выкананьне пакараньня. Пасьля разгрому Плошчы 19 сьнежня 2010-га і пагаршэньня стасункаў з Эўразьвязам такіх абяцаньняў ужо не чуваць.
XS
SM
MD
LG