Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрпол заблякаваў вышук Керымава


Сулейман Керымаў
Сулейман Керымаў
Інтэрпол заблякаваў санкцыю на міжнародны вышук і затрыманьне саўладальніка «Ўралкалія» Сулеймана Керымава, які абвінавачваецца беларускімі ўладамі ў злоўжываньнях.

«НЦБ Інтэрпола ў Расеі атрымала паведамленьне са штаб-кватэры гэтай міжнароднай паліцэйскай арганізацыі ў Ліёне пра тое, што генэральны сакратарыят Інтэрпола заблякаваў міжнародны вышук і патрабаваньне затрымаць Керымава і шэраг іншых расейцаў — фігурантаў крымінальнай справы «Ўралкалія», — паведамляе Інтэрфакс.

Раней Генэральны сакратарыят Інтэрпола абверг заявы афіцыйнага Менску пра тое, што расейскі сэнатар і бізнэсовец Сулейман Керымаў абвешчаны ў міжнародны вышук.

Генэральны сакратарыят Інтэрпола 2 верасьня атрымаў паведамленьне ад беларускіх уладаў з просьбай унесьці ў сьпіс асобаў, якіх шукае Інтэрпол, расейскага грамадзяніна Сулеймана Керымава.

Гэты запыт разглядалі ў Генэральным сакратарыяце Інтэрпола і ў незалежнай камісіі па кантролі спраў Інтэрпола, каб вызначыць, ці адпавядае ён статуту арганізацыі і, у прыватнасьці, артыкулу 3, які строга забараняе ёй «любое ўмяшаньне ці дзейнасьць палітычнага, ваеннага, рэлігійнага ці расавага характару».

2 верасьня Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што Керымаў абвінавачаны паводле крымінальнай справы ў дачыненьні да службовых асобаў ЗАТ «Беларуская калійная кампанія». Вынесеная пастанова аб ужываньні да яго меры стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту і абвяшчэньні яго ў вышук, у тым ліку праз Інтэрпол.

Дзеяньні Керымава кваліфікаваныя сьледзтвам як арганізацыя злоўжываньня ўладай і службовымі паўнамоцтвамі (п.4 арт.16 і ч.3 арт.424 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). Максымальная санкцыя артыкула прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG