Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Эўразьвязу: Галоўная ўмова — вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў


Гунар Віганд (Gunnar Wiegand), архіўнае фота

Гунар Віганд (Gunnar Wiegand), архіўнае фота

Вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў застаюцца «неабходнай і абавязковай умовай для нармалізацыі стасункаў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю і рэалізацыі іх поўнага патэнцыялу».

Пра гэта заявіў кіраўнік дэпартамэнта Расеі, «Усходняга партнэрства», Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЭ Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Гунар Віганд 24 верасьня на сустрэчы з журналістамі ў Менску.

Эўрачыноўнік адзначыў , што яго візыт зьяўляецца часткай спробаў ЭЗ стаць бліжэй да Беларусі ў межах «Усходняга партнэрства», саміт якога заплянаваны на канец лістапада ў Вільні.

На пытаньне журналістаў, ці не прывёз прадстаўнік ЭЗ запрашэньне Беларусі на ўдзел у віленскім саміце, Віганд адказаў адмоўна:

«Чакаем, што Беларусь будзе ўдзельнічаць у саміце і атрымае запрашэньне на яго ў такім жа фармаце, як і іншыя краіны-партнэры Але не магу сказаць, на якім узроўні гэта будзе зроблена».

Падчас візыту ў Менск Віганд ужо правёў сустрэчу з намесьнікам кіраўніка МЗС Аленай Купчыной. Вечарам 24 верасьня ў яго заплянаваны сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі, а 25 верасьня — з кіраўнікамі дыпмісій краін ЭЗ.

Паводле Віганда, сустрэча з Купчыной была «канструктыўнай і плённай».
Але, вядома, я зноў паўтарыў пазыцыю ЭЗ, што для нармалізацыі дачыненьняў неабходна вызваленьне палітвязьняў

«Яе галоўнай мэтай было абмеркаваць, у якой меры ўрад можа паўдзельнічаць у „дыялёгу аб мадэрнізацыі Беларусі.“ Але, вядома, я зноў паўтарыў пазыцыю ЭЗ, што для нармалізацыі дачыненьняў неабходна вызваленьне палітвязьняў», — сказаў спадар Віганд.

Адказваючы на пытаньне БелаПАН, ці зьмянілася пазыцыя афіцыйнага Менску, які раней катэгарычна адмаўляўся ўдзельнічаць у праграме «Эўрапейскі дыялёг аб мадэрнізацыі Беларусі», Віганд сказаў, што «мы канструктыўна вядзём працу ў гэтым кірунку, разумеем, наколькі гэта адчувальныя пытаньні» .

Паводле Віганда, двухбаковыя стасункі паміж Беларусьсю і ЭЗ «паступова наладжваюцца». Ён адзначыў, што па меры далейшага прасоўваньня перамоўнага працэсу зь Беларусьсю ў рамках «дыялёгу аб мадэрнізацыі» ЭЗ таксама хацеў бы дасягнуць посьпеху і ў пытаньні пагадненьняў аб спрашчэньні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. Аднак станоўчага адказу ад афіцыйнага Менску пакуль няма.

На саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Вільні пагадненьні аб спрашчэньні візавага рэжыму з ЭЗ і аб рэадмісіі плянуецца падпісаць з Азэрбайджанам, а з Армэніяй яны неўзабаве павінны ўступіць у сілу.

Паводле прэс-службы беларускага МЗС, падчас сустрэчы Віганда і Купчыной абмеркаваныя пэрспэктывы дыялёгу і практычнага ўзаемадзеяньня. Яна закранула пытаньні ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве і падрыхтоўкі да саміту ў Вільні.
XS
SM
MD
LG