Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джоан Баэз, якая дзякавала беларускім палітвязьням, пра падарункі жыцьця


Джоан Баэз, культавая амэрыканская фолк-сьпявачка і змагарка за грамадзянскія правы ў 1960-х і 1970-х, была ўдзельніцай сёлетняга Форуму 2000 у Празе і дала эксклюзіўнае інтэрвію нашаму радыё. Год таму ў Празе Джоан Баэз падзякавала беларускім палітвязьням. Прапануем вам выбраныя фрагмэнты з сёлетняга інтэрвію.

РС: Некалькі тыдняў таму ўвесь сьвет адзначаў 50-годзьдзе знамянальнай падзеі — прамову Марціна Лютэра Кінга «У мяне ёсьць мара» ў 1963 годзе і марш на Вашынгтон. Вы былі адным з музыкантаў, якія сьпявалі на подыюме ў той дзень. Як вы бачыце рух за грамадзянскія правы сёньня? Ці ён дасягнуў таго, што намерваўся дасягнуць, ці ўсё яшчэ мае доўгі шлях перад сабою?

Джоан Баэз: Я думаю, што гэты рух і дасягнуў сваіх мэтаў, і ўсё яшчэ мае доўгі шлях перад сабою ва ўсім сьвеце, таму што сьвет, агульна кажучы, коціцца да д’ябла, ведаеце? Цяжка ўспомніць ці, лепш сказаць, цяжка ўявіць, што ў пачатку таго руху чарнаскурыя не маглі зайсьці ў прыбіральню для белых або ўвайсьці праз парадныя дзьверы рэстарана або гатэля на ўсім Поўдні, дый ня толькі там. Так што людзі паволі забываюць пра тыя велізарная перамены, якія наступілі.

Цяпер мы маем чарнаскурага прэзыдэнта. І ў той жа самы час, у нас шмат дзе існуюць гета. Ёсьць дзеці, якія не могуць хадзіць у школу па вуліцах, таму што там страляюць адзін у аднаго. Расізм зьяўляецца велізарнай праблемай. Гэта не адзіная праблема, але яна вялікая.



РС: Што вы думаеце пра перасячэньне мастацтва і грамадзкай актыўнасьці? Ці мастакі абавязаны выказвацца па сацыяльных і палітычных пытаньнях?

Джоан Баэз: Усё, што я магу сказаць на гэтую тэму, паходзіць з майго ўласнага досьведу — у такім перасячэньні адчуваеце лучнасьць з народам, са зьняволенымі, з удзельнікамі вайны: я магла выказвацца там, дзе шмат хто ня мог гаварыць. Гэта ўчыніла маё жыцьцё такім багатым, якім яно насамрэч было. Першы падарунак ад жыцьця, які я атрымала — гэта мой голас. Гэта быў падарунак. А другім падарункам я лічу тое, што я магла пакарыстацца сваім голасам так, як пакарысталася, і гэта прынесла мне найбольшае задавальненьне ў маім жыцьці і ўчыніла яго багатым.



РС: У свой час вы былі вельмі добра вядомай у савецкай частцы сьвету. Заходняя рок-музыка была настолькі папулярная, што, як сказаў прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл, гэта была музыка, якая ініцыявала народныя рэвалюцыі, якая разбурыла «жалезную заслону» і Савецкі Саюз. Ці ведалі вы тады, што вы мелі такі вялікі ўплыў па другі бок сьвету? Ці ведалі вы, што запісы рок-музыкі траплялі туды як кантрабанда?

Джоан Баэз: Так, я ведала. Я ня ведала памеру таго ўплыву. Але я ведаю, што там, дзе прыгнёт, падпольле зьяўляецца найбольш эфэктыўным месцам, каб дайсьці ў любы пункт сьвету. Каб данесьці сваё пасланьне. Калі вы дастаткова сьмелы, вы будзеце займацца і кантрабандай.



РС: На Захадзе шмат хто зь левых груповак і актывістаў меў цяжкасьці з выпрацаваньнем выразнай пазыцыі ў адносінах да Савецкага Саюзу. З аднаго боку гэта быў сацыялістычны сьвет, які ўзяў афіцыйны курс на «роўнасьць». Але гэта быў таксама сьвет палітычнага перасьледу і несправядлівасьці. Вы былі выключэньнем, таму што кіравалі свой крытычны голас па пытаньнях правоў чалавека і на савецкі бок «жалезнай заслоны». Як гэта разумець?

Джоан Баэз: Я насамрэч не была асобай левай арыентацыі. Гэта значыць, шмат з таго, што я рабіла, было па левы бок палітычнай сцэны. Але потым я падтрымлівала праваабаронцу Натальлю Гарбанеўскую і іншыя падобныя рэчы, таму што гэта ня мела для мяне значэньня, хто зь якога боку стаяў. Гэта было цалкам натуральным для мяне падтрымаць палітычных зьняволеных у Савецкім Саюзе і ў Расеі. Ведаеце, людзей гэта бянтэжыць, таму што калі вы сталі па левы бок, дык вы левая. Калі вы сталі па правы бок, дык вы правая. Я напэўна не стаяла ў сярэдзіне, таму што я была актыўная па абодвух баках. Гэта можа бянтэжыць людзей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG