Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фюле: ЭЗ можа шмат прапанаваць Беларусі, умова — вызваленьне палітвязьняў


Штэфан Фюле

Штэфан Фюле

У Эўрапарлямэнце ў Страсбуры адбылося абмеркаваньне справаздачы дакладчык па Беларусі Юстаса Палецкіса.

Дакладчык Эўрапарлямэнту па Беларусі Юстас Палецкіс адзначыў, што сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае заставацца складанай. Разам з тым ён лічыць, што старшынства Літвы ў Эўрапейскім Зьвязе і заплянаваны на лістапад саміт Усходняга партнэрства ў Вільні трэба скарыстаць для паляпшэньня адносін зь афіцыйным Менскам і аднаўленьня палітычнага дыялёгу. Але ўмовай для гэтага павінна быць вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў, - сказаў Палецкіс.

Выступаючы ў Эўрапарлямэнце, камісар Эўразьвязу ў пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Штэфан Фюле казаў пра доўгую стагнацыю ў дачыненьнях з Беларусьсю.

«Эўразьвяз можа шмат прапанаваць Беларусі, але ёсьць найпершая ўмова — вызваленьне і рэабілітацыя палітычных вязьняў і прагрэс ў сытуацыі з правамі чалавека», заявіў Фюле. Эўракамісар адзначыў, што 7 беларускіх палітвязьняў дагэтуль застаюцца за кратамі. «Мы атрымліваем паведамленьні, якія нас вельмі непакояць, пра ўмовы зьняволеньня, пра адсутнасьць доступу да адвакатаў і абмежаваныя кантакты з сем’ямі», сказаў ён.

Эўракамісар адзначыў, што эўрапейскія санкцыі па-ранейшаму застаюцца для беларускіх чыноўнікаў з-за парушэньняў правоў чалавека і асноўных свабодаў. Паводле яго нястача павагі да правоў чалавекам і асноўных свабодаў застаюцца дагэтуль перашкодай для сяброўства Беларусі ў Радзе Эўропы.

пасьля сустрэчы з міністрам замежных справаў Беларусі Менск зрабіў шэраг дыпляматычных крокаў дзеля паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам
Фюле ізноў нагадаў, што ў Беларусі не ўведзены мараторый на сьмяротнае пакараньне, што існуе перасьлед актывістаў грамадзянскай супольнасьці і апанэнтаў рэжыму. Эўракамісар заявіў, што Эўрапейскі Зьвяз будзе рабіць больш інтэнсіўным дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю, уключна з дыялёгам у справе мадэрнізацыі.

Гэты дыялёг, паводле яго, мог быць патэнцыйным каналам для камунікацый з беларускай грамадзянскай супольнасьцю і з ўладамі. «Мы працуем з МЗС Беларусі і з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці. Пасьля сустрэчы з міністрам замежных справаў Беларусі Менск зрабіў шэраг дыпляматычных крокаў дзеля паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам, гэта ўключае, напрыклад, пытаньне адкрыцьця швэдзкай амбасады ў Менску, і мы вітаем гэта», казаў эўракамісар.

Юстас Палецкіс

Юстас Палецкіс

12 верасьня ў Эўрапейскім парлямэнце ў Страсбуры мае прайсьці галасаваньне па рэзалюцыі аб сытуацыі ў Беларусі. Напярэдадні адбыліся дэбаты вакол справаздачы, якую дакладчык дэлегацыі Эўрапарлямэнту па Беларусі Юстас Палецкіс падрыхтаваў для Рады Эўрапейскага Зьвязу, Эўракамісіі і Службы зьнешніх дзеяньняў.

Эўразьвяз будзе будаваць сваю далейшую палітыку ў дачыненьні да Беларусі на падставе дакладу і рэкамэндацыяў, якія ўтрымлівае гэты дакумэнт.

9 ліпеня камітэт па замежных справах Эўрапарлямэнту ўхваліў даклад у другім чытаньні, пасьля таго як у дакумэнт было ўнесена каля 300 паправак.

У першай вэрсіі дакладу, якую абнародавалі пры канцы траўня, адзначалася паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2012 годзе.

Прадстаўнікі палітычных партыяў і праваабаронцы абурыліся тады такімі фармулёўкамі.

У канчатковым варыянце дакладу гаворыцца: «Нягледзячы на зьмяншэньне ў абсалютных лічбах палітычна матываваных арыштаў (паводле дадзеных праваабарончага цэнтру „Вясна“ — з 868 у 2011 годзе да 235 у 2012 годзе), захоўваецца атмасфэра рэпрэсіяў і запалохваньня».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG