Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 верасьня Эўрапарлямэнт разглядае даклад Палецкіса


Эўрапарлямэнт павінен канчаткова зацьвердзіць справаздачу пра сытуацыю ў Беларусі, якую падрыхтаваў дакладчык Юстас Палецкіс.

Эўразьвяз будзе будаваць сваю далейшую палітыку ў дачыненьні да Беларусі на падставе дакладу і рэкамэндацыяў, якія ўтрымлівае гэты дакумэнт.

9 ліпеня камітэт па замежных справах Эўрапарлямэнту ўхваліў даклад у другім чытаньні, пасьля таго як у дакумэнт было ўнесена каля 300 паправак.

У першай вэрсіі дакладу, якую абнародавалі пры канцы траўня, адзначалася паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў 2012 годзе.

Прадстаўнікі палітычных партыяў і праваабаронцы абурыліся тады такімі фармулёўкамі.

У канчатковым варыянце дакладу гаворыцца: «Нягледзячы на зьмяншэньне ў абсалютных лічбах палітычна матываваных арыштаў (паводле дадзеных праваабарончага цэнтру „Вясна“ — з 868 у 2011 годзе да 235 у 2012 годзе), захоўваецца атмасфэра рэпрэсіяў і запалохваньня».

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч паведаміў Свабодзе, што праваабаронцы не атрымлівалі запрашэньня прысутнічаць, калі эўрапарлямэнтары будуць зацьвярджаць справаздачу Палецкіса.

Уладзімер Лабковіч

Уладзімер Лабковіч

«Калі раней праект дакладу разглядаўся ў падкамітэце па правах чалавека, то туды былі запрошаныя я і Алена Танкачова. Мы выступалі з рэзкімі заўвагамі і з крытыкай усяго дакладу. У тым ліку і на падставе нашых выступаў былі ўнесеныя праўкі і перафармуляваныя асноўныя тэзы, — кажа Ўладзімер Лабковіч. — Важнасьць гэтага дакладу ў тым, што ён дае палітычныя ацэнкі сытуацыі ў Беларусі, а таксама ўтрымлівае рэкамэндацыі адносна стасункаў зь беларускім бокам. Для Эўрапарлямэнту як палітычнага органа гэта канцэпцыя таго, як ён будзе выбудоўваць свае стасункі зь Беларусьсю ў той ці іншай сытуацыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG