Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не аднавіў на працы звольненага з «Граніта» прафсаюзнага актывіста


Судзьдзя прызнаў, што Леаніда Дубаносава звольнілі з працы з парушэньнем, але не заступіўся за рабочага.

11 верасьня суд Лунінецкага раёну вынес рашэньне паводле пазову звольненага актывіста незалежнага прафсаюза з аб’яднаньня «Граніт» Леаніда Дубаносова.

Суд абавязаў РУВП «Граніт» выплаціць Дубаносову матэрыяльную дапамогу да адпачынку ў памеры 1 мільён рублёў, а ў астатняй частцы пазову: ухіленьне ад дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыналежнасьці, аднаўленьне на працы з працягам кантракту, спагнаньне заработнай платы за вымушаны прагул — адмовіў.

Як паведаміў «Свабодзе» сам Леанід Дубаносаў, старшыня Лунінецкага суда Міхаіл Дзянісовіч заявіў у выраку, што ён быў звольнены з «Граніту» з парушэньнямі — яго не папярэдзілі аб звальненьні за адзін месяц, як патрабуе заканадаўства. За гэта суд вынес «Граніту» прыватнае вызначэньне. Разам з тым судзьдзя прызнаў, што гэта не зьяўляецца падставай для аднаўленьня яго на працы. Пры гэтым Дубаносаў мае права патрабаваць кампэнсацыі маральнай шкоды за гэтае парушэньне.

Леанід Дубаносаў назваў судовае рашэньне «дыскрымінацыйным і прадказальным»:

«Гэта пятае судовае пасяджэньне па справе, але мы зь першага дня ведалі, што гэтую надбаўку ў адзін мільён аддадуць, а ў астатнім адмовяць. Суд на маім прыкладзе яскрава паказаў, наколькі неабаронены наш рабочы чалавек, што калі начальнік звольніў — не адстаіш сваіх правоў і ў судзе. Але я буду падаваць касацыйную скаргу ў Берасьцейскі абласны суд».
Суд на маім прыкладзе яскрава паказаў, наколькі неабаронены наш рабочы чалавек

Леанід Дубаносаў перакананы, што яго звольнілі толькі з-за таго, што ён браў удзел у стварэньні суполкі незалежнага прафсаюзу на «Граніце», якую цяпер разграмілі.

Спадар Дубаносаў не працуе з 1 сакавіка, ён кажа, што ў Мікашэвічах больш нідзе нельга знайсьці працу з годным заробкам. Жыве ён пакуль што за кошт заробкаў жонкі, рамантуе свой дом.

«Мне казалі, сыходзь з прафсаюзу, тады пакінем на працы, але адмовіцца ад сваіх перакананьня я ня мог... Незалежны прафсаюз моцна мне дапамог маральна, да мяне прыяжджалі падтрымаць актывісты з усёй Беларусі, тры дзясяткі чалавек. А калегі-рабочыя на „Граніце“ пакуль маўчаць», — кажа Леанід Дубаносаў.

Паводле ягоных словаў, усяго з «Граніта» было звольнена 8 рабочых-сябраў незалежнага прафсаюзу гарнякоў — увесь актыў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG