Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры Свабоднага прафсаюзу Беларускага на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў заяўляюць пра дыскрымінацыю з боку адміністрацыі прадпрыемства.

Каб спыніць супрацьпраўныя дзеяньні, прафсаюзьнікі зьвярнуліся з патрабаваньнем да генэральнага дырэктара Менскага трактарнага заводу: бабруйскае прадпрыемства — ягоная філія.

Як паведамілі «Свабодзе» сябры незалежнага прафсаюзу, падставай, каб звароту да менскага кіраўніцтва, сталася нявыплата ім прэміяў за культуру вытворчасьці. Цэхавае начальства, заяўляюць актывісты, наўпрост прапанавала выйсьці са Свабоднага прафсаюзу, і тады прэмію яны атрымаюць. Адна з працаўніц другога мэханазборачнага цэху зазначае:

«Такія прапановы робяцца сыстэматычна. Кажуць: „Калі пяройдзеш у афіцыйны прафсаюз аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня, то ўсе вам выплаты будзем рабіць, таму што бонусныя прэміі даюцца згодна з калектыўнай дамовай“. На нашы пярэчаньні, што прэмію выплачвае не афіцыйны прафсаюз, а наймальнік — адказ той жа: „Пераходзьце ў наш прафсаюз“. Але ж былі абвесткі па заводзе, што прэмія выплачваецца ўсім працаўнікам. Калі б толькі нам не далі, то тады ладна, але ж выплацілі прэміі і тым, хто ні ў якім прафсаюзе не знаходзіцца. Памер прэміі складаў ад 200 да 300 тысяч рублёў».

Начальнік цэху ня стаў тлумачыць сытуацыю. Нараканьні працаўнікоў на нявыплату прэміі ён назваў «дурасьцю». Па камэнтар накіраваў да ідэоляга прадпрыемства Ўладзімера Елісеенкі. Той гаварыць праз тэлефон адмовіўся.

У звароце да Генэральнага дырэктара МТЗ нявыплату прэміяў прафсаюзьнікі назвалі дыскрымінацыяй і пералічылі факты супрацьпраўных дзеяньняў адміністрацыі заводу. Адзін з ініцыятараў звароту, Генадзь Лабачоў, зазначае:

«У лісьце мы напісалі, што на заводзе адбываецца непрыхаваная дыскрымінацыя сяброў СПБ, і запатрабавалі прыкласьці намаганьні, каб яе спыніць. Раней адміністрацыя заводу неяк спрабавала ўпотай сустракацца з нашымі актывістамі і прапаноўвала выйсьці зь незалежнай арганізацыі — цяпер жа ўжо не хаваюцца».

Ліст генэральнаму дырэктару МТЗ падпісалі 13 сяброў Свабоднага прафсаюзу Беларускага — тыя з працаўнікоў, якім прапаноўвалі выйсьці са складу заводзкай суполкі прафсаюзу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG