Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП пачынае кампанію супраць увядзеньня выязной пошліны


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Кампанія носіць правакацыйную назву «Пайшлі на...»

Аб’яднаная грамадзянская партыя распачынае кампанію супраць увядзеньня пошліны на выезд за мяжу.

«Сутнасьць нашай кампаніі — узьняць грамадзкую думку супраць гэтай ініцыятывы. Лічым, што гэта проста шызафрэнічная ідэя і на яе трэба рэагаваць усімі даступнымі і магчымымі дзеяньнямі. Мабілізаваць грамадзкую думку — гэта галоўная мэта і задача, а мэханізмы і інструмэнты будуць самыя розныя», — паведаміў БелаПАН старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

Паводле ягоных слоў, праца ў межах кампаніі пачнецца ўжо з заўтрашняга дня:

«Гэта будзе і заява палітрады АГП, і нейкія флэш-мобы, і заяўкі на правядзеньне пікетаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, і ўлёткі. Пакуль гэтыя шызафрэнічныя ідэі яшчэ заканадаўча не аформілі, трэба гэта выкарыстоўваць».

З ініцыятывай увесьці пошліну для грамадзян Беларусі , якія выяжджаюць за мяжу на закупы, Аляксандар Лукашэнка выступіў 6 верасьня:

«Нас крытыкуюць — бедная, жабрацкая краіна, а нашы людзі да 3 мільярдаў даляраў у год вывозяць за мяжу ў Эўразьвяз і прывозяць тавары, якія мы таксама выпускаем. Дык вось, я даўно даручыў, аж да таго, што выяжджаеш за межы, усё роўна па што, заплаці выязную пошліну. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем — 100 даляраў з носа плаці і едзь за мяжу. Тады ён прыйдзе ў нашу краму і купіць наш халадзільнік, а ня будзе цягнуць з Эўразьвязу барахло невядома якой вытворчасьці», — сказаў Лукашэнка.

Віцэ-прэм’ер Беларусі Пётар Пракаповіч сёньня заявіў, што пытаньні, якія тычацца ўвядзеньня пошліны для людзей, якія выяжджаюць за мяжу, плянуецца адпрацаваць на працягу месяца-паўтара.
XS
SM
MD
LG