Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікі гістарычны народны дзень


Зянон Пазьняк, жнівень 1991 году.

Зянон Пазьняк, жнівень 1991 году.

Надыходзіць 25 жніўня — 22-я гадавіна Незалежнасьці Беларусі. Нават з адлегласьці такога вялікага ўжо часу ўсё яшчэ аж ня верыцца, што ў тых цяжкіх умовах, калі, фактычна, усё было супраць нас і з Усходу, і з Захаду, і, галоўнае, — знутры, удалося скарыстаць некалькі лёсавызначальных дзён і вырваць Незалежнасьць Беларусі з пашчы СССР.

У тыя жнівеньскія дні 1991 года правал камуна-гэбісцкага путчу ў Маскве, які ўжо рыхтаваў усім людзям добрай волі кайданы і турму, у тыя дні ўсё беларускае актыўнае і абуджанае грамадзтва аб’ядналася супроць камунізму і за незалежнасьць Беларусі. Незалежнасьці чакалі добрыя людзі.

Мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, бачылі гэта. Груз незвычайнай адказнасьці ляжаў на нас усіх. Вядома (як заўсёды і ўсюды) былі беларусы паводле паходжаньня, якія ў тыя дні рыбку лавілі, нічым не праймаючыся і нічога ня ведаючы. Але ад такіх нічога не залежыць. Сёньня, як і тады, ёсьць такія, што не цікавяцца палітыкай і лёсам сваёй Айчыны, едуць на пляжы Эгіпту пазагараць, ня ведаючы куды едуць. І там ужо палітыка цікавіцца імі не разьбіраючыся.

Пры такім стане розумаў грамадзтва вельмі важна, каб у краіне быў акрэсьлены нацыянальны палітычны авангард. Тады, у канцы 80-х, ён зьявіўся. Ім быў Беларускі Народны Фронт Адраджэньне. Гэта вырашыла справу здабыцьця Незалежнасьці.

Цяпер, маючы вялікі вопыт дачыненьняў з Захадам, разумею, як вялікую ўдачу, што тады Захад быў супраць незалежнасьці Беларусі, і ніводнай іхняй фізіяноміі зь іхнымі далярамі, разьведчыкамі ды гансвікамі мы ня бачылі ні ў Менску, ні ў Вярхоўным Савеце. Гэта Бог нас бярог ад гэтых псэўдааматараў «правоў чалавека». Інакш развалілі б шмат што сваёй халявай.

З тых сьвятых гістарычных дзён уваччу стаяць цэлыя сцэны з Сэсіі Незалежнасьці ў Вярхоўным Савеце, а потым, асабліва калі мы сьпявалі і плакалі ад шчасьця на плошчы пры сьвятле газэтных паходняў...

Сёньня, рацыянальна падсумоўваючы высновы, мушу сказаць наступнае.

Беларусы маюць дзьве вялікія сакральныя даты — Дваццаць пяты Сакавік 1918 года, калі Незалежнасьць Беларусі была аб’яўлена, і Дваццаць пяты Жнівень 1991 года, калі дзяржаўная Незалежнасьць была дасягнута. Сёньня абедзьве гэтыя даты пад пагрозай і забаронай, а краіна пад акупацыяй антыбеларускага рэжыму. Але Незалежнасьць ёсьць, дзяржава існуе. Яна ёсьць рэчаіснасьцю нашага дзяржаўнага існаваньня і грунтам вольнай і сьветлай будучыні. Дзе б ні былі, беларусы, і як бы ні павярнуўся наш лёс, шануйма нашу дзяржаўную Незалежнасьць, як жыцьцё, як мову, як здароўе.

Радуймася, што яна існуе, бо каб яна сталася, за гэта аддадзены тысячы і мільёны жыцьцяў папярэдніх пакаленьняў народу. Памятайма і паважайма тыя ахвяры. На іх, перш за ўсё, грунтуецца наша права на жыцьцё і змаганьне.

Наперадзе лёсавыя рашэньні, якія мусяць стацца і павінны быць.

Пазбаўленьне ад цемры незаконнай антыбеларускай улады будзе вялікім актам абароны Незалежнасьці, справы і ідэалаў Дваццаць пятага Жніўня.

Жыве Беларусь! Слава героям!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG