Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар Пасноў, якога зьмясьцілі ў псыхушку, абвясьціў галадоўку


Ігар Пасноў

Ігар Пасноў

Віцебскаму лекару Ігару Паснову не даюць магчымасьці абскардзіць рашэньне суда аб прымусовым лячэньні ў псыхіятрычным шпіталі.

Віцебскі актывіст Сяргей Рыжоў распавёў «Свабодзе» новыя падрабязнасьці справы накіраванага на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне лекара Ігара Паснова.

Учора суд Віцебскага раёну вырашаў, ці пакінуць Ігара Паснова ў Віцебскім абласным псыхіятрычным шпіталі на прымусовае лекаваньне. У сакратарыяце Віцебскага раённага суду карэспандэнту «Свабоды» пацьвердзілі, што разгляд справы Ігара Паснова адбыўся, але паведаміць пра вынік разгляду адмовіліся.

Паводле інфармацыі Сяргея Рыжова, судзьдзя Тацяна Дзегцярова пастанавіла накіраваць Паснова на прымусовае лячэньне.

«У лекара Паснова ёсьць 10 дзён, каб напісаць касацыйную скаргу. Сёньня ў 9 гадзін пад час абходу загадчыцы адзьдзяленьнем лекар Пасноў зьвярнуўся з просьбай прадставіць ямку паперу і ручку, каб напісаць скаргу. Але яму гэтага не далі, заявілі, што ён можа наўмысна траўмаваць сабе вока. Фактычна яго пазбавілі магчымасьці падачы касацыйнай скаргі. Ён абвясьціў, што пачынае бестэрміновую галадоўку».

Сяргей Рыжкоў паведаміў, што сёньня апоўдні ў шпіталі пройдзе кансыліум, на якім зьбіраюцца ўхваліць рашэньне аб прымусовым лячэньні, бо да гэтага часу ён адмаўляўся ад любога лекаваньня.

«Цяпер лекары могуць ўхваліць рашэньне і пачаць калоць яго псыхатропнымі прэпаратамі. Жыцьцё лекара Паснова пад пагрозай»,— перакананы спадар Рыжоў.

Сяргей Рыжкоў паведаміў, што цяпер ён шукае для Паснова адваката, а таксама ягоных сваякоў. Лісты ў падтрымку Паснова накіраваныя ў замежныя амбасады.
Кіраўнік псыхіятрычнага шпіталя: Парушэньняў у справе Паснова няма

Намесьнік галоўнага лекара Віцебскага абласнога псыхіятрычнага шпіталя Ігар Сьвіркуноў адмовіўся пацьвердзіць ці абвергнуць «Свабодзе» факт галадоўкі Паснова і прымусовага лячэньня свайго былога калегі:

«Па тэлефоне мы ніякай інфармацыі не даем, у нас закрытая ўстанова. Парушэньняў ніякіх няма».

У канцылярыі Віцебскага суду «Свабодзе» паведамілі, што ўчарашняе судовае паседжаньне па справе прымусовага псыхіятрычнага лячэньня Ігара Паснова было закрытым: «Ніякай інфармацыі мы не прадстаўляем».

Як стала вядома віцебскім праваабаронцам, суд праходзіў без Паснова.

_____________________________________________________

Віцебскага лекара Ігара Паснова зьмясьцілі ў «псыхушку» пасьля ягоных відэазваротаў на YouТube.

16 жніўня лекар Ігар Пасноў, які публічна выкрываў недахопы мясцовых установаў аховы здароўя, паведаміў Свабодзе, што яго зьмясьцілі на прымусовае лекаваньне са згоды пракуратуры.

Ігар Пасноў у той дзень пасьпеў заявіць Свабодзе, што ён «катэгарычна адмаўляецца ад прымусовага лячэньня, у якім ня мае патрэбы». Пазьней тэлефон у яго забралі.

Да гэтага Пасноў працаваў у тым самым шпіталі на пасадзе лекара-псыхіятра. Раней яго звольнілі з працы пэдыятра.

Ігар Пасноў упэўнены, што прычынай страты працы сталася ягоная крытыка нездавальняючага стану віцебскай мэдыцыны і пазыцыі старшыні віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Косінца, таксама былога лекара. Сваіх поглядаў і перакананьняў ён ніколі не хаваў: выступаў на «Белсаце», ня раз тэлефанаваў і пісаў лісты на Радыё Свабода. Ягоныя лісты гучалі ў перадачах Свабоды «Паштовая скрынка 111».

Пасьля некалькіх месяцаў беспрацоўя Ігар Пасноў атрымаў працу ў абласным псыхіятрычным шпіталі, але па-ранейшаму працягваў крытыкаваць умовы працы калегаў і іхняе стаўленьне да пацыентаў.

У апошнім відэазвароце да землякоў Ігар Пасноў апавядаў пра прэтэнзіі да яго ў псыхіятрычным шпіталі з боку намесьніка галоўнага лекара па ідэалёгіі і пра тое, што яму пагражалі накіраваньнем на псыхіятрычнае лекаваньне. Пра асаблівасьці гэтага лекаваньня ў Віцебску Ігар Пасноў апавядаў таксама: у прыватнасьці, казаў, як гвалтам «запісваюць у алькаголікі» працаўнікоў сельскай гаспадаркі і якія вялікія грошы марнуюцца на гэткае прымусовае лекаваньне ад алькагалізму.

«Свабода» будзе далей дамагацца афіцыйнай інфармацыі пра Ігара Паснова ў судзе Віцебскага раёна і ў Віцебскім псыхіятрычным шпіталі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG