Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекара зь Віцебску, які пісаў на «Свабоду», зьмясьцілі ў псыхушку


Ігар Пасноў
Ігар Пасноў

Віцебскага лекара Ігара Паснова зьмясьцілі ў «псыхушку» пасьля ягоных відэазваротаў на YouТube.

16 жніўня лекар зь Віцебску, які публічна выкрываў недахопы мясцовых установаў аховы здароўя, паведаміў Свабодзе, што яго зьмясьцілі на прымусовае лекаваньне са згоды пракуратуры.

Ігар Пасноў кажа, што цяпер ён у віцебскім абласным шпіталі псыхіятрыі і наркалёгіі і што «катэгарычна адмаўляецца ад прымусовага лячэньня, у якім ня мае патрэбы».

Да гэтага ён працаваў у тым самым шпіталі на пасадзе лекара-псыхіятра. Яшчэ раней ён працаваў дзіцячым лекарам, бо мае некалькі спэцыялізацыяў. З пасады дзіцячага лекара ён мусіў сысьці, бо зь ім не працягнулі кантракт.

Ігар Пасноў упэўнены, што прычынай страты працы сталася ягоная крытыка нездавальняючага стану віцебскай мэдыцыны і пазыцыі старшыні віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Косінца, таксама былога лекара. Сваіх поглядаў і перакананьняў ён ніколі не хаваў: выступаў на «Белсаце», ня раз тэлефанаваў і пісаў лісты на Радыё Свабода. Ягоныя лісты гучалі ў перадачах Свабоды «Паштовая скрынка 111».

Пасьля некалькіх месяцаў беспрацоўя Ігар Пасноў атрымаў працу ў абласным псыхіятрычным шпіталі, але па-ранейшаму працягваў крытыкаваць умовы працы калегаў і іхняе стаўленьне да пацыентаў.

У апошнім відэазвароце да землякоў Ігар Пасноў апавядаў пра прэтэнзіі да яго ў псыхіятрычным шпіталі з боку намесьніка галоўнага лекара па ідэалёгіі і пра тое, што яму пагражалі накіраваньнем на псыхіятрычнае лекаваньне. Пра асаблівасьці гэтага лекаваньня ў Віцебску Ігар Пасноў апавядаў таксама: у прыватнасьці, казаў, як гвалтам «запісваюць у алькаголікі» працаўнікоў сельскай гаспадаркі і якія вялікія грошы марнуюцца на гэткае прымусовае лекаваньне ад алькагалізму.




Ігар Пасноў зьвярнуўся да журналістаў з просьбай паведаміць, што ён знаходзіцца ў псыхіятрычным шпіталі. Ён не выключае, што ягоная адмова праходзіць лекаваньне скончыцца гвалтоўнымі захадамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG